Беларуская Служба

Сардэчная недастатковасць часцей за ўсё ўзнікае ў выніку ішэмічнай хваробы сэрца

09.05.2023 08:00
У Польшчы ад гэтага захворвання пакутуе нават да аднаго мільёна чалавек.
Аўдыё
  • Праблема сардэчнай недастатковасці.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneShutterstock.com/Yurchanka Siarhei

Пастаяннае пачуццё стомленасці, праблемы з уздымам па лесвіцы, ацёкі на нагах, дрымотнасць пасля ежы, начны кашаль, дыхавіца пры фізічнай нагрузцы – гэта характэрныя сімптомы сардэчнай недастатковасці. Гэтая хвароба зʼяўляецца вынікам паражэння сардэчнай мышцы. Часцей за ўсё гэта адбываецца ў выніку ішэмічнай хваробы сэрца, але магчымыя і іншыя прычыны. Па словах спецыялістаў, захворванне набывае характар эпідэміі. Каля 15 мільёнаў чалавек у Еўропе пакутуюць ад сардэчнай недастатковасці. У Польшчы маштабы сітуацыі не менш трывожныя – ад захворвання пакутуюць сотні тысяч людзей, некаторыя лекары нават называюць лічбу ў 1 млн чалавек.

Смяротнасць ад сардэчнай недастатковасці на працягу аднаго года (сярод людзей ужо пасля шпіталізацыі) складае 15%. Палова хворых памірае на працягу 5 гадоў. Сэрца – гэта машына-насос, які працуе без перапынку. Калі яно дае збоі, у хворага ўзнікае вянозны застой. Чалавек не ў стане выдаляць частку вадкасці, гэта выклікае шэраг сімптомаў, такіх менавіта, як хуткая стамляльнасць. А якія сімптомы перш за ўсё павінны выклікаць занепакаенне? Прафесар Марыюш Гонсёр (Mariusz Gąsior)з Сілескага цэнтру хваробаў сэрца ў Забжэ падкрэслівае, што варта звяртаць увагу на простыя рэчы.

- Скажам, нехта хадзіў на прагулку па два кіламетры, а цяпер не можа прайсці гэтыя два кіламетры, а праходзіць толькі адзін кіламетр. Раней без праблем уваходзіў на чацвёрты паверх, а цяпер можа ўвайсці толькі на другі паверх. Спаў заўсёды на плоскай падушцы, а цяпер яму прыходзіцца падкладваць некалькі падушак, паколькі ў паўсядзячай позе яму лягчэй дыхаць, чым калі ляжыць на плоскай паверхні.

У фазе хранічнай сардэчнай недастатковасці асабліва важны сістэматычны прыём лекаў. Аднак варта памятаць і аб самадысцыпліне ў плане дыеты. Гэта, між іншым, абмежаванне спажывання солі, але і абмежаванне спажывання вадкасці. Пацыенты павінны ведаць, што, нягледзячы на пачуццё смагі, яны павінны кантраляваць спажыванне вадкасці. Аднак самае важнае – хутка паставіць дыягназ і распачаць лячэнне, – кажа Марыюш Гонсёр.

- Дзякуючы ўвядзенню новых відаў лекавых прэпаратаў, значна ўпала смяротнасць і паўторная шпіталізацыя па прычыне сардэчнай недастатковасці. Трэба сказаць, што гэта вельмі цяжкая хвароба, пацыент з дадзеным захворваннем сутыкаецца са значным абмежаваннем сваёй жыццёвай актыўнасці. Скажам, многія пацыенты страчваюць працу, калі яны раней зараблялі на жыццё фізічнай працай. Ім прыходзіцца прайсці перакваліфікацыю або выйсці на пенсію, у тым ліку па інваліднасці. У такім выпадку паніжаецца ўзровень жыцця. Вельмі часта мы назіраем у такіх хворых дэпрэсію.

Кардыялагічная асацыяцыя ў ЗША распрацавала чатырохузроўневую шкалу NYHA. Паводле шкалы лекары вызначаюць ступені цяжкасці сімптомаў сардэчнай недастатковасці. Чым вышэй клас, тым горшы стан пацыента. Першы ўзровень – гэта пацыенты, у якіх сімптомы хваробы не абмяжоўваюць іх жыццядзейнасці, але пры гэтым пацыент ведае, што ён хварэе, – адзначае праф. Агнешка Тыціньска (Agnieszka Tycińska) з Медычнага ўніверсітэту ў Беластоку.

- Гэта шкала, якая нам дазваляе ацаніць стан пацыента, калі мы яго бачым упершыню. Чым вышэй узровень, тым горш. Пра першы ўзровень ужо было сказана, другі ўзровень – гэта нязначнае абмежаванне нармальнай актыўнасці, сімптомы паяўляюцца зрэдку і на кароткі адрэзак часу, толькі пры фізічнай нагрузцы. Трэці ўзровень ужо адбірае ў пацыента магчымасць выконваць нават простыя рэчы – скажам, паслаць ложак. Пры чацвёртым узроўні сімптомы хваробы ў пацыента не знікаюць нават у стане спакою, калі ён нічога не робіць. І гэты стан ужо патрабуе шпіталізацыі.

За дзве траціны выпадкаў сардэчнай недастатковасці адказваюць ішэмічная хвароба сэрца і яе ўскладненні, пераважна пасля інфаркту міякарда. Гэта таксама артэрыяльная гіпертэнзія і заганы клапанаў. Для папярэджання захворвання неабходна прымяняць прафілактыку інфаркту міякарда, а ў выпадку хранічна павышанага ціску, трэба пастаянна назіраць за гіпертаніяй, прымаць назначаныя лекарам медычныя прэпараты.

Існуе таксама не медыкаментознае лячэнне, якое складаецца пераважна з электратэрапіі, гэта значыць, імплантацыі розных прыладаў пацыентам, між іншым, кардыялагічнага стымулятара, але могуць спатрэбіцца і больш складаныя прылады, напрыклад, дэфібрылятар, які прадухіліць раптоўную смерць. Часам таксама выкарыстоўваецца тэрапія, якая заключаецца ва ўвядзенні праз скуру электродаў у сэрца. Апарат прызначаны для сінхранізацыі скарачэння левага і правага страўнічкаў сэрца. Гэта павышае якасць жыцця пацыента і, перш за ўсё, падаўжае яго жыццё.

IAR/Artur Wolski/I Pr PR/нг