Беларуская Служба

Улады Польшчы прынялі рашэнне павысіць выплаты ў рамках праграмы «Сям'я 500 плюс»

16.05.2023 15:15
Гэта галоўная сацыяльная праграма ўраду.
Аўдыё
  • Індэксацыя сацыяльнай праграмы ў Польшчы
 .
Ілюстрацыйны здымак.фота: MRPiPS

З 2016 года ў Польшчы працуе праграма «Сям'я 500 плюс». У яе рамках бацькі або іншыя юрыдычныя апекуны атрымліваюць кожны месяц 500 злотых на кожнае дзіця да 18 году жыцця. Надоечы было заяўлена пра змены ў праграме.

«Сямʼя 500 плюс» – гэта галоўная сацыяльная праграма ўраду Абʼяднаных правых сілаў. Аднак, у выніку высокай інфляцыі гэтыя грошы з кожным месяцам страчваюць сваю моц. Таму кіроўная групоўка заявіла пра павышэнне сумы выплаты. У нядзелю кіраўнік партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі абвясціў аб павышэнні дапамогі з 500 да 800 злотых. Бацькі кожнага дзіцяці ў сям’і да 18-гадовага ўзросту, незалежна ад даходу, будуць атрымліваць 800 злотых. Як паведаміў прэс-сакратар ураду Пётр Мюлер, спецыяльны графік працы па падрыхтоўцы праграмы «800 плюс» урад прыме на бліжэйшым пасяджэнні. Абноўленая праграма пачне дзейнічаць з новага, 2024 года. Правілы праграмы не мяняюцца, павялічваецца толькі памер дапамогі.

Па словах спікера Сейма (ніжэйшай палаты парламенту) Эльжбеты Вітэк, за гады існавання праграмы наспела неабходнасці ўвядзення зменаў.

- Сапраўды, кожную праграму праз нейкі час пасля ўвядзення мы аналізуем, разважаем, што можна змяніць, правяраем, якая ў нас сітуацыя ў плане бюджэтных магчымасцяў, а таксама, якая сітуацыя ў грамадстве, у польскіх семʼях. Я нагадаю, што для нас сямʼя – гэта фундамент грамадства, вакол яе мы будавалі нашу праграму ў 2015 годзе. У сувязі з гэтым, беручы пад увагу актуальную сітуацыю, у тым ліку пандэмію і вайну ва Украіне, мы прынялі рашэнне ўвесці змены ў праграму «Сямʼя 500 плюс».

Восенню ў Польшчы адбудуцца выбары ў парламент. Выбарчая кампанія ўжо практычна пачалася. І таму, зразумела, кожная партыя стараецца прыцягнуць выбарцаў на свой бок, прапануючы ім самыя розныя прывабныя падарункі. Павышэнне сумы ў рамках праграмы дапамогі на дзяцей упісваецца ў перадвыбарчую палітыку палітычнай сцэны. Услед за кіроўнай партыяй прачнуліся таксама іншыя групоўкі, рассыпаўся мяшок з абяцаннямі. Напрыклад, меркаваннем дэпутата ад левых сілаў Томаша Трэлі, індэксацыя дапамогі павінна адбывацца кожны год. Дэпутат адзначыў, што левыя сілы падтрымліваюць павышэнне сумы праграмы з 500 да 800 злотых.

- Гэта індэксацыя фінансавай дапамогі, якая была ўведзеная ў 2015-2016 годзе. За гэты час ні разу не была праведзеная індэксацыя дадзенай сацыяльнай праграмы. Мы ў мінулым годзе казалі, што ў праграме павінна быць прапісаная абавязковая індэксацыя кожны год, калі ў краіне назіраецца інфляцыя. Індэксацыя павінна раўняцца памеру інфляцыі. Мы будзем уносіць такую прапанову.

Паводле звестак папулярнага штодзённага выдання Super Express, урад плануе ўвесці штогадовую індэксацыю сродкаў, якія атрымліваюць бацькі ў рамках праграмы «500 плюс». Газета спасылаецца на «важнага палітыка партыі «Права і справядлівасць». «Калі мы далей будзем кіраваць дзяржавай, то ўвядзем штогадовую індэксацыю», – адзначыў ён. Па інфармацыі выдання, магчымасці падаўжэння ўведзенай у 2016 годзе праграмы «Сямʼя 500 плюс» аналізавалі ва ўрадзе ўжо шмат тыдняў, у асноўным у рамках міністэрстваў фінансаў і сямʼі.

«Рашэнне аб індэксацыі было прынятае, але абвясціць яго намерваліся падчас афіцыйнага пачатку выбарчай кампаніі, гэта значыць, перад летнімі канікуламі. Чаму ў такім выпадку адбылося раптоўнае паскарэнне і гэтая інфармацыя пайшла ў народ? Урад хацеў, між іншым, прыкрыць іміджавыя праблемы, звязаныя з падзеннем расійскай ракеты ў лесе пад Быдгашчу», - піша газета.

У нядзелю, падчас з’езду кіроўнай партыі ў Варшаве, старшыня групоўкі Яраслаў Качыньскі не толькі абвясціў аб павелічэнні дапамогі ў рамках праграмы «Сям’я 500 плюс» з 500 злотых да 800 злотых. Ён яшчэ паведаміў аб намеры ўвесці бясплатныя лякарствы для людзей, старэйшых за 65 гадоў, а таксама для дзяцей і моладзі да 18 году жыцця, і пра адмену платы за праезд па аўтамагістралях.

IAR/нг