Беларуская Служба

Як беларусам размаўляць з украінцамі, як адказваць на пытанні ўкраінскіх СМІ?

18.07.2023 18:09
Гэтыя пытанні мы задалі беларускім палітыкам і грамадскім дзеячам. 
Аўдыё
  • Размовы беларусаў з украінцамі.
zdj. ilustracyjne
zdj. ilustracyjnePhoto:geralt /pixabay.com/CC0 Public Domain

Рэжым Лукашэнкі ўсё больш мілітарызуе Беларусь. Баючыся за ўласную бяспеку, беларускі дыктатар запрасіў у краіну баевікоў з ПВК «Вагнер», а таксама заключыў пагадненне аб размяшчэнні расійскай ядзернай зброі ў Беларусі. Тым не менш, у сваёй большасці беларусы не хочуць бачыць у сваёй дзяржаве расійскіх вайскоўцаў, не жадаюць ядзернай зброі і выступаюць супраць удзелу Беларусі на баку Расіі ў вайне з Украінай. Як пра гэта размаўляць з украінцамі, як адказваць на пытанні ўкраінскіх СМІ, якія тэмы іх перш за ўсё хвалююць? 

Аб тым, як найлепш размаўляць з украінскімі сродкамі масавай інфармацыі, мы спыталі між іншым кіраўніка Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушку. Ён распавядае, што перш за ўсё цікавіць украінскія СМІ.

- Зразумела, гэта пытанне ядзернай зброі, якая зараз размяшчаецца ў Беларусі, гэта выклікі для бяспекі Украіны, гэта пытанне «Вагнера», апошнім часам гэтая прыватная кампанія Прыгожына размяшчаецца ў Беларусі, наколькі гэта дадатковая пагроза для Украіны, гэта пытанне зменаў у Беларусі, наколькі беларускі народ матываваны, каб змагацца за сваю свабоду, гэта ацэнка сітуацыі ў Беларусі і дзеянні Лукашэнкі, якім чынам мы можам змяніць сітуацыю. Для ўкраінцаў вельмі важна, каб Беларусь таксама была свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай дзяржавай. Тады не будзе пагрозаў у бок Украіны. Вельмі часта Беларусь могуць успрымаць як краіну, якая падтрымлівае агрэсію, але трэба раздзяляць рэжым і народ. Беларусы ў большасці супраць вайны, яны змагаюцца ва Украіне, страчваюць сваё жыццё. І прынцыпова важна аддзяліць рэжым Лукашэнкі ад пазіцыі беларусаў.

Член пераходнага кабінету Святланы Ціханоўскай, адказны за вяртанне правапарадку ў Беларусі Аляксандр Азараў адзначае, што да яго часта звяртаюцца ўкраінскія журналісты з просьбаю распавесці, што адбываецца ў Беларусі і як могуць разгарнуцца падзеі ў краіне.

- Кожны тыдзень звяртаюцца, мы даем інтэрв’ю, расказваем, што беларускі народ падтрымлівае Украіну. Мне нават казалі журналісты, каб ніколі не адмаўляцца даць інтэрв’ю ўкраінскім СМІ. Я стараюся пра гэта расказваць. Нават цяпер, мы сустракаліся з украінскімі журналістамі, ніхто з іх не ведае, што рэйкавую вайну арганізаваў ByPol, а не нейкія партызаны, якія паўдзельнічалі ў акцыі і зніклі. Гэтая інфармацыя да іх не даходзіць, але трэба даводзіць.

Заснавальнік Руху «Паспалітае рушэнне» Сяржук Кедышка кажа, што ёсць яшчэ шмат белых плямаў у беларуска-ўкраінскіх адносінах, шмат чаго ў беларускай рэчаіснасці ўкраінцы не разумеюць, неабходна ім гэта спакойна тлумачыць.

- Мы, беларусы, ведаем нашы балючыя тэмы, а для ўкраінцаў шмат што незразумела. Яны не ведаюць дакладна, што адбывалася ў 20-ым годзе, яны пра гэта пытаюць, а калі тлумачыш, у іх узнікаюць яшчэ пытанні. Іх пытанні вельмі жорсткія, яны пакрыўджаныя на нас, што з нашай тэрыторыі пачалася вайна, гэта цяжка патлумачыць. Вельмі лёгка сарвацца на эмоцыі, але нельга гэта рабіць, беларусы павінны адчуваць цяжар адказнасці. У ніякім разе нельга канфліктаваць, трэба даносіць свой пункт гледжання.

На працягу апошніх гадоў, а можа нават і дзесяцігоддзяў, украінцы і беларусы будавалі ўяўленне пра суседнюю краіну ў вялікай ступені пад уплывам прапаганды і праз яе прызму. Дэмакратычным сілам Беларусі неабходна прыкладаць вельмі шмат намаганняў, каб пераканаць украінцаў, як на самой справе выглядаюць справы ў Беларусі, што беларускі народ сам стаў ахвярай прапаганды і аўтарытарнага рэжыму.

нг