Беларуская Служба

Гасцінічная база на польскім узбярэжжы Балтыйскага мора адпавядае сусветнаму ўзроўню

25.07.2023 13:22
Пляжы Балтыйскага мора прыцягваюць усё больш замежных турыстаў.
Аўдыё
, , .
Лета, адпачынак, пляж. Ілюстрацыяradesky/pixabay.com/CC0 Public Domain

Польскія пляжы вельмі папулярныя не толькі сярод жыхароў Польшчы. Прыгажосць балтыйскага ўзбярэжжа ацанілі таксама замежнікі, між іншым немцы. Нямецкае выданне Die Welt назвала шэсць польскіх населеных пунктаў сярод самых прывабных для турыстаў. Паводле газеты, немцы ўсё часцей выбіраюць адпачынак на польскім узбярэжжы Балтыкі. Арганізацыя Urlaub und Reisen інфармуе, што летась каля 3 мільёнаў немцаў адпачывалі ў Польшчы. Немцам падабаецца адпачываць, між іншым, у такіх гарадах, як Калобжэг, Устка, Лэба, Мендзыздрое, Хэль і Сопат. Праўда, не заўсёды можна разлічваць на сонечнае і цёплае надвор'е, але польскае мора кампенсуе гэтыя заганы чымсьці іншым. Напрыклад, дробным і чыстым пяском на пляжы, які цяжка знайсці ў Турцыі, Егіпце ці Харватыі. Паводле меркавання экспертаў, папулярнасць польскіх марскіх курортаў павышаюць таксама гасцініцы высокага класа і іншыя абʼекты. А што гавораць самі турысты?

- Тут ёсць мікраклімат, рэдка ідзе дождж, мая жонка асабліва любіць сюды прыязджаць.
- Мы любім адпачываць у спакойным месцы, як гэта. Мы сюды прыязджаем ужо трэці год запар. Нам вельмі падабаецца.
- На моры добрая атмасфера, чыстае паветра.

Варта нагадаць, што на папулярнасць польскіх пляжаў нядаўна звярнула ўвагу і Польская турыстычная арганізацыя. Паводле даследаванняў, 27% асоб, якія маюць летнія планы на падарожжа, намераны паехаць менавіта на Балтыйскае мора. Найбольшай папулярнасцю сярод польскіх турыстаў карыстаюцца Труймяста (Гданьск, Гдыня, Сопат), Калобжэг, Устка і Мельна.

Зразумела, што польскія турысты часта выбіраюць адпачынак у Польшчы па той прычыне, што гэта як правіла танней, чым за мяжой, дарога карацейшая і менш стамляе, а таксама і па прычыне патрыятычных настрояў. А што прыцягвае замежных турыстаў на Балтыйскае мора? Ім падабаюцца прыгожыя краявіды, добры мікраклімат і спакойная атмасфера. У сваю чаргу эксперт у галіне турызму Марэк Каміньскі кажа пра высокі стандарт польскай гасцінічнай базы.

- У нас у Польшчы ёсць гатэлі, якія належаць да выключна высокага класу. Іх можна смела параўноўваць з еўрапейскім ці сусветным класам. Трэба сказаць, што малыя пансіянаты ці абʼекты агратурызму на ўзбярэжжы Балтыйскага мора рыхтуюцца да прыезду замежных турыстаў, прапануюць ім розныя дадатковыя паслугі. Адна з прывабнасцяў – гэта славуты маршрут Green Velo. Уздоўж усяго польскага ўзбярэжжа праходзіць дарожка, па якой можна праехаць на ровары.

Па словах віцэ-старшыні Польскай турыстычнай арганізацыі Марціна Ружыцкага (Marcin Różycki), па сваёй прыгажосці пляжы ў Польшчы могуць канкураваць з пляжамі Іспаніі або Італіі.

- Я скажу на ўласным прыкладзе. Калі на мінулым тыдні мы з жонкаю пачалі размаўляць пра вакацыі, я стаў прапанаваць на паездку краіны, якія я вельмі люблю – Харватыю, Славенію. Але мая жонка адказала на гэта пытаннем: а ці там ёсць пясок? Нашы пляжы такія ж прыгожыя, як іспанскія ці італьянскія. У нас сапраўды выдатныя месцы для адпачынку.

Як мы ўжо паведамлялі надоечы, польскія курорты карыстаюцца папулярнасцю не толькі сярод нямецкіх турыстаў. У Польшчу прыязджае на адпачынак усё больш людзей з Чэхіі. Чэшская прэса рэгулярна раіць, як дабрацца да польскага ўзбярэжжа і што наведаць па дарозе. Тыя, хто ўжо вярнуўся з Польшчы, звяртаюць увагу на адносна невысокія цэны, добрыя дарогі, багатую гастранамічную базу і адсутнасць праблем з разлікам картачкай. Польшча стала альтэрнатывай папулярнай Харватыі, – адзначае дырэктар пражскага офісу Польскай турыстычнай арганізацыі Павал Траян. Паводле яго слоў, гэта звязана з некалькімі фактарамі, у тым ліку з моцным курсам кроны ў адносінах да злотага.

- Паслуга, аднолькавая па якасці з чэшскай, або нават лепшая, каштуе ў Польшчы танней. Гэты фактар аказвае вялікі ўплыў, таксама, як харчаванне, гастранамічная прапанова, магчымасць рабіць пакупкі. У гэтым годзе, бадай, будзе пастаўлены рэкорд па колькасці чэшскіх турыстаў на ўзбярэжжы. Акрамя таго, яны наведваюць Познань, Уроцлаў, куды раней амаль не заглядалі. Інфармацыя хутка разыходзіцца, турысты пішуць, што яны былі ў Познані, раяць наведаць гэты цікавы горад, затрымацца хаця б на начлег. У лік папулярных месцаў я б аднёс таксама польскія горы Карканошы. Яны зусім іншыя, чым чэшскія.

Каб заахвоціць людзей адпачываць на польскім узбярэжжы, гарады часта імкнуцца выдаткаваць больш грошай на турыстычную прапанову.

І Пр. ПР/IAR/нг