Беларуская Служба

Беларуская эмігрантка: Самае важнае, што я надалей жыву з чыстым сумленнем

01.08.2023 19:03
Як бы не было складана на новым месцы наладжваць жыццё, наша гераіня ні аб чым не шкадуе і моліцца за Беларусь.
Аўдыё
  • Беларуская эмігрантка: Самае важнае, што я надалей жыву з чыстым сумленнем
Нацыянальныя колеры Беларусі фота: Альберт Ежы Вяжбіцкі/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Настаўніца ў раённым гарадку пасля акцый пратэсту вымушана была пакінуць радзіму і з сям’ёй з’ехала ў эміграцыю. Як бы не было складана на новым месцы наладжваць жыццё – ні аб чым не шкадуе і моліцца за Беларусь.

Пераследаваць пачалі пасля майго выступу на акцыі

Спадарыня Алена працавала настаўніцай замежнай мовы ў раённым гарадку на Віцебшчыне. Скончыла лінгвістычны ўніверсітэт у Мінску. У Польшчу разам з мужам і двума сынамі выехала з прычыны пераследу за ўдзел у акцыях пратэсту.

-Напачатку нас выходзіла няшмат – чалавек 15-20. Паступова людзі пачалі далучацца і ў выходныя дні прыходзіла чалавек трыста, а можа і больш. А для такога невялікага гарадка, у нас жыве 7 тысяч жыхароў, гэта не так ужо і мала.
Як правіла, паводле жанчыны, на пратэсты выходзілі людзі, якія мелі адукацыю, прадпрымальнікі. Тыя, хто добра разумеў, што насамрэч адбываецца ў краіне.

Пасля гэтых акцый спадарыню Алену выклікала да сябе дырэктарка школы і пачала пагражаць, каб, маўляў, вас там больш не бачылі. Казала, калі туды прыйдзе яшчэ і з дзяцьмі, то супраць яе ўзбудзяць крымінальную справу. Усю гэтую гісторыю спадарыня Алена распавяла на плошчы перад людзьмі і старшынём райвыканкаму.

-Пасля гэтага мяне не чапалі, нічога не казалі, але мае ўрокі пачалі наведваць і правяралі класнае кіраўніцтва. А потым яшчэ пачалі дзейнічаць праз маіх дзяцей.

Жанчыну разам з старэйшым сынам выклікалі да дырэктара ў кабінет і пачалі адчытваць хлопца за нібыта нядобрыя паводзіны на ўроку, пагражаць, што паставяць на ўлік у міліцыю. Усё гэта, паводле суразмоўніцы, нагадвала зрэжысіраваны спектакль.

-Мы з мужам зразумелі, што далейшая барацьба прывядзе да таго, што нас будуць ціснуць яшчэ мацней, што мы страцім працу, а ў раённым цэнтры на працу не ўладкуешся. І зноў жа – у нас дзеці і мы вырашылі ратавацца.
Адзінае месца ў іх невялічкім гарадку, дзе спадарыня знаходзіла ў тыя дні разуменне і спагаду – касцёл.

-Нас вельмі падтрымліваў касцёл – дзякуй ім. Туды мы маглі заўсёды прыйсці і абмеркаваць усе справы. Касцёл быў тым адзіным месцам, дзе заўсёды можна было атрымаць падтрымку. І нашыя браты і сёстры хадзілі разам з намі на акцыі пратэсту.

Страцілі дом, але знайшлі свабоду

Яна сама паехала ў Польшчу, знайшла новую працу, зняла кватэру і пасля гэтага муж з сынамі пераехалі да яе. Жанчына прызнаецца, што было балюча пакідаць радзіму, дом, у мужа была добрая праца, але абставіны былі мацнейшыя.

-Самае галоўнае, што я маю чыстае сумленне – для мяне гэта важна. Хоць я страціла ўсё – усё засталося ў Беларусі. У нас там была машына, дом і ўсё астатняе. Але ў нас не было там свабоды. Я не магла рабіць тое, што хачу, не магла думаць і выказваць свае думкі. А зараз у мяне няма свайго дому, але я на свабодзе і раблю тое, што мне падабаецца. І мае дзеці не будуць жыць у тым пекле.

Працэс інтэграцыі ў новае грамадства, паводле маёй суразмоўніцы, прайшоў без вялікіх складанасцяў, хаця свае цяжкасці былі. Але, як сама заўважае, паколькі іх сям’я каталіцкая, то ўсе традыцыі і звычаі, якіх прытрымліваюцца ў Польшчы, яны мелі гэта дома, толькі на беларускай мове.

Цяжэй, паводле спадарыні, давялося сынам, паколькі яны ў падлеткавым узросце, а пайшлі ў польскую школу практычна не ведаючы мовы.

-Але, дзякуй богу, на працягу паўгоддзя яны справіліся і зараз вось ужо Ілля скончыў школу з двума толькі тройкамі, а Аляксей з адной. Я лічу, гэта добры вынік, паколькі яны ўсё пачалі з нуля.

Муж пачынаў на будоўлі, але паколькі ў яго не ўсё добра са здароўем, то пайшоў вучыцца і зараз кіруе карам, працуе – задаволены. Наагул, і спадарыня і яе муж адчулі зусім іншае стаўленне да сябе ў працоўным калектыве. Згадваюць, што ў Беларусі ініцыятыва заўсёды падлягала пакаранню.

-Я настаўнік замежнай мовы, а тут працую ў банкаўскай сістэме – гэта дзве розныя рэчы. Але я сама хацела навучыцца і навучылася. І пабачыўшы, што я стараюся, атрымала павышэнне, мяне паважаюць, цэняць. І муж тое самае ў адносінах да сябе бачыць на працы.

Да ўсяго, паводле яе, муж, які хварэе на дыябет, атрымаў тут якаснае лячэнне.

-Мы атрымалі падтрымку і медыцынскае лячэнне і яму сапраўды стала лепш. Я бачу, што ён па-іншаму сябе адчувае: і фізічна інакш выглядае і здароўе палепшала.

Вельмі важна з Богам гаварыць на роднай мове

Ужо ў новых абставінах першае, што хацелася зрабіць спадарыні Алене – стварыць беларускую каталіцкую суполку, паколькі для яе, як чалавека веруючага, гэта было вельмі важна. Даведалася, што такія ініцыятывы існуюць у розных гарадах Польшчы і разумела, што такім чынам зможа аб’яднаць беларусаў у сваім горадзе.

-Я тут знайшла ксяндза, які доўгі час працаваў у Беларусі, скантактавалася з ім і ён пагадзіўся на маю прапанову праводзіць нам імшу на беларускай мове. Першы раз на імшу прыйшло больш за сто чалавек, а пастаянны такі касцяк звычайна складае трыццаць і больш асобаў.

Спадарыня лічыць, што вельмі важна на чужыне маліцца на роднай мове.

-У кожнага свае адносіны з Богам, але самыя шчырыя словы, я лічу, можна сказаць толькі на роднай мове. І самая шчырая споведзь будзе толькі на роднай мове, бо толькі на ёй ты знойдзеш самыя патрэбныя словы, якія раскажуць, што насамрэч у цябе на душы…

Зло трэба называць па імені

Разважаючы пра жыццё ў Польшчы спадарыня не хавае, што ёй вельмі не хапае Беларусі. Асабліва блізкіх людзей, сябровак, якіх пакінула ў невялікім гарадку, не стае тых мясцін, з якімі звязаны ўспаміны.

-Першае, куды б я пайшла, калі будзе магчымасць вярнуцца, на могілкі да таты, да дачушкі. Вось гэтага не хапае і нішто гэта не заменіць. Мы напэўна з мужам тут у любым выпадку застанемся чужымі, а вось дзеці магчыма знойдуць сябе.

-А калі будзе магчымасць вярнуцца – вы не вернецеся?

-Я, на жаль, не аптыміст. Я ведаю, што патрэбна шмат часу, нават калі заўтра нешта там зменіцца, каб пераламаць гэтую сістэму.

Пэўна ў працоўным узросце я туды не вярнуся. Магчыма толькі на пенсію (смяецца), калі дажыву. Ізноў жа, калі мае дзеці будуць тут, па гэтай прычыне мне не будзе хацецца жыць там пастаянна.
Спадарыня Алена кажа, што кожны дзень моліцца за Беларусь, за тых людзей, хто ў палоне і за тых, хто на свабодзе.

-Я шчыра не разумею тых, хто падтрымлівае тое, што там адбываецца, альбо робіць выгляд, што нічога не адбываецца. Усё ж зло трэба называць па імені і тое, што зараз там робіцца – гэта сапраўды зло і на гэта нельга закрываць вочы. На жаль, мая краіна ператварылася ў суцэльную турму. І гэта цяжка…

Павел ЗАЛЕСКІ

Асацыяцыя Беларусаў Германіі РАЗАМ: Людзі, у якіх адна мэта, гэта вялікая сіла

27.07.2023 14:27
Асацыяцыя Беларусаў Германіі РАЗАМ была заснаваная яшчэ ў жніўні 2020 году.

Праваабарончая арганізацыя Justice Hub: Рэжым Лукашэнкі здзейсніў злачынствы супраць чалавечнасці

29.07.2023 12:12
Грунтуючыся на нормах міжнароднага крымінальнага права, эксперты Цэнтра права і дэмакратыі Justice Hub падрыхтавалі першы падрабязны юрыдычны аналіз парушэнняў правоў чалавека, учыненых Лукашэнкам і беларускімі ўладамі.