Беларуская Служба

Марафон салідарнасці: «Людзі за кратамі сядзяць за ўсіх нас»

31.07.2023 12:01
На выходных прайшоў марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно!».
Аўдыё
  • Марафон салідарнасці «Людзі за кратамі сядзяць за ўсіх нас»
.
..

574 417 еўра сабралі беларусы для падтрымкі палітзняволеных і іх сем'яў. 

Ініцыятарам марафону стала Вольга Гарбунова, якая ў Аб’яднаным пераходным кабінеце займаецца справай палітвязняў. Нашая задача, каб пра марафон даведаліся ўсе: прапагандысты, палітвязні і іх сем’і, кажа ініцыятарка Вольга Гарбунова:

-Калі я была ў СІЗА, то мы кожны вечар глядзелі прапагандысцкія навіны. Галоўнае выключыць гук і ты пабачыш усё самае галоўнае. Там выкладваюць скрыны з Тэлеграму і Фэйсбуку, з каментарамі, канешне, тыпу: змагары зноў пайшлі клянчыць грошы па планеце. Таму людзі ў калоніях і СІЗА таксама маюць магчымасць даведацца, што праводзіцца такі марафон. Мы памятаем пра іх, мы збіраем для іх грошы, падтрымліваем іх блізкіх. Вельмі важна, каб пра гэты марафон даведалася як мага большая колькасць людзей.

Для размеркавання сабраных сродкаў будзе створана назіральная рада, якая будзе прымаць рашэнне, як размяркоўваць сродкі. Вольга Гарбунова кажа, што яны атрымалі шмат заявак ад праваабарончых арганізацый, фондаў салідарнасці, палітвязням патрэбныя рэсурсы на аплату адвакатаў, перадачы і лекі. -Важна разумець, што спектр праблем у жыцці аднаго палітвязня, вельмі шырокі, – гаворыць Вольга Гарбунова.

-Мы прадумалі сістэму размеркавання сабраных сродкаў. Будзе паклікана назіральная рада, якая прыме рашэнне аб тым, як будуць размеркаваныя гэтыя сродкі. На дадзены момант мы атрымалі шмат заявак ад праваабарончых ініцыятываў, фондаў салідарнасці. Мы ведаем, што палітвязням патрэбныя сродкі і на аплату адвакатаў, на прадукты, пасылкі, на медычныя перадачы. Важна разумець, што спектр праблем у жыцці аднаго палітвязня, вельмі шырокі. У Беларусі каля тысячы чалавек выйшлі з месцаў зняволення. Ім таксама патрэбная падтрымка, паколькі яны сутыкнуліся з беспрацоўем. Гэта вельмі вялікія праблемы. Назіральная рада, прааналізаваўшы інфармацыю, у акрэсленых прапорцыях размяркуе сабраныя сродкі. Каб падтрымку атрымалі асабліва тыя, хто раней не атрымаў такой дапамогі.

Рэжым вельмі хацеў бы, каб беларусы забыліся, што яны салідарная нацыя, гаворыць кіраўнік НАУ Павал Латушка.

- Каб беларус і беларусачка забыліся, што толькі мы можам дапамагчы адзін аднаму ў нашай агульнай справе. Дык вось, праз такую агульную справу, калі мы разам збіраем сродкі для для тых, хто церпіць за нас, мы можам аднавіць гэтую салідарнасць. Тое, што адбываецца, вельмі важна, бо толькі праз талаку, салідарнасць мы можам зрынуць гэты жудасны рэжым. Іншага не дадзена.

Былая радыёвядучая, блогерка, стваральніца групы ў Фэйсбуку «Хопіць баяцца» Таццяна Мартынава гаворыць, што марафон гэта важная і патрэбная справа. Паводле яе, палітвязням можна дапамагчы толькі дзвюма рэчамі:

-Першае, гэта прыбраць рэжым Лукашэнкі і вызваліць усіх палітвязняў. На дадзены момант мы гэтага зрабіць не можам. Другое: дапамагаць фінансава іх родным і блізкім. Усё. На гэтым усё заканчваецца. Так, мы не даем пра іх забыць, крычым пра іх у Бруселі, але свету напляваць на некалькі тысяч чалавек у турме. Гэта цынічна, але гэта праўда. У Туркменістане – 20 тысяч палітвязняў, ва Украіне ўкраінцаў вынішчаюць, ёсць мноства сусветных канфліктаў, у якіх гінуць людзі. Беларусь у дадзеным выпадку – гэта статыстычная пагрэшнасць дыктатарскіх рэжымаў. Больш таго, у цывілізаванага свету няма метадаў барацьбы з дыктатарскімі рэжымамі, акрамя вайны. І тое дыктатарскі рэжым павінен напасці першым, паколькі ўсё астатняе – гэта ўмяшанне ў справы дзяржавы. Мы шмат зрабілі на сваім шляху да свабоды. Людзі, якія сядзяць, яны канешне ж сядзяць за нас. Але перад намі, як мне здаецца, яшчэ доўгі шлях.

Усе данаты будуць размеркаваныя сярод 13-ці фондаў – партнёраў акцыі, якія дапамагаюць палітзняволеным і іх родным.

слухайце аўдыё

ав


У суботу – анлайн-марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно!»

29.07.2023 09:32
Сабраныя грошы пойдуць на падтрымку палітвязням і іх родным.

Вольга Гарбунова пра марафон салідарнасці: Спектр праблем у жыцці аднаго палітвязня - вельмі шырокі

29.07.2023 16:31
У суботу праходзіць анлайн-марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно!». Сабраныя грошы пойдуць на падтрымку палітвязням і іх родным.