Беларуская Служба

Вялікі сентымент да бел-чырвона-белай Беларусі – беларуска, якая жыве ў польскім Познані

02.08.2023 19:24
Пра эвалюцыю адной беларускі, якая ў 2010 годзе з’ехала з шэрай і нуднай краіны, а пасля жніўня 2020 года шукае ў сабе тое, што робіць яе беларускай.
Аўдыё
  • Вялікі сентымент да бел-чырвона-белай Беларусі – беларуска, якая жыве ў польскім Познані
ПознаньAutorstwa Stanisław Szewczyk - Praca własna, CC BY 3.0, commons.wikimedia.org

З’ехала з шэрай і нуднай краіны

Алена распавядае, што яна належыць да першага пакалення мінчанаў. Яе бацькі прыехалі ў сталіцу з Заходняй Беларусі. Яна скончыла ў Мінску беларускую гімназію, затым – эканамічны ўніверсітэт, а пасля гэтага ў 2010 годзе з’ехала ў Польшчу.

Як сама тлумачыць, Беларусь ёй здавалася тады шэрай, нуднай краінай, у якой было сумна і непрыемна. І гэта нягледзячы на тое, што будучы студэнткай вяла актыўны вобраз жыцця, наведвала ў сталіцы канцэрты і выставы, самыя розныя мерапрыемствы, але заўсёды перад ёй была нейкая сцяна, за якую немагчыма было выйсці.

- І тады яшчэ, калі вучылася, ездзіла ў ЗША па праграме Work and travel. І там мне вельмі спадабалася: усё такое яркае, усе шляхі перад табой адкрытыя. Гэта быў вельмі салодкі момант жыцця і гэта мяне падштурхнула шукаць нешта іншае.

У Польшчу яна паехала вучыцца і прызнаецца, што гэта быў для яе самы зручны спосаб, каб з’ехаць за мяжу. Больш таго, у яе была Карта паляка, што аблягчала прабыванне ў гэтай краіне. Пасля эканамічнай адукацыі ў Беларусі пачала вывучаць у Польшчы польскую філалогію.

Бацькі, паводле Алены, хоць і не былі цалкам задаволеныя тым, што дачка пакідае іх, але ўсё ж не перашкаджалі, а наадварот – дапамагалі чым маглі. Падчас вучобы яе не цягнула ў Беларусь – прыязджала толькі зрэдку, каб паказацца бацькам.

- Наагул, мяне пачало цягнуць да дому толькі цяпер, калі туды не стала магчымасці ехаць…

Польшча адкрывала іншы свет…

У Польшчы ёй падабалася, кажа, што яна чалавек даволі адкрыты, да ўсяго імкнулася ставіцца пазітыўна, шукала новых сяброў і вучыцца ёй таксама было цікава. Паводле Алены, універсітэт у Польшчы вельмі розніцца ад тых, што ў Беларусі.

Згадваючы сваю вучобу ў Мінску, лічыць, што ўніверсітэт там – гэта працяг школы. Упарадкаваны працэс, у якім студэнт практычна не можа ні на што ўплываць і ў адносінах з выкладчыкамі чуецца заўсёды, як падначалены. Дзе лекцыі запісваюць пад дыктоўку, хоць тое самае ёсць у падручніках, а потым яшчэ выкладчыкі спраўджваюць наяўнасць канспектаў…

- А ў Польшчы падыход быў зусім іншы. З кожным студэнтам выкладчыкі кантактавалі індывідуальна, цікавіліся – чаму ты тут, што шукаеш? Калі выбіралі тэмы дыпломаў, то маглі пісаць пра ўсё, што заўгодна, а ў Беларусі мелі толькі абмежаваныя 60 тэмаў. Да таго, іх можна было спісаць у тых, хто рабіў па гэтых жа тэмах дыпломы летась…

Адрознівалася яе жыццё і па-за ўніверсітэцкай аўдыторыяй. Як заўважае мая суразмоўніца, атмасфера спрыяла, каб яна не толькі наведвала культурныя мерапрыемствы, а і сама іх стварала.

- Я сама пачала рабіць выставы, удзельнічала ў арганізацыі канцэртаў, канферэнцый, здымала фільмы. Усё гэта мяне развівала. Я нават выступала ў мюзікле, які ў нас ствараўся. На канікулах ездзіла ў Амерыку падзарабіць і пабачыць свет.

Не ўяўляе, каб гэтыя гады давялося пражыць у Беларусі

Па дому яна не сумавала, але заўсёды сачыла за навінамі з Беларусі. Хвалявалася, калі была «Плошча», калі хапалі на акцыях з плясканнем у далоні.

- Тады было вельмі горкае адчуванне, што зноў беларусаў крыўдзяць, прычым, самі беларусы…

Але яе жыццё ў Польшчы праходзіла ўдала, пасля сканчэння філалогіі пайшла на магістарскую праграму пра інтэрактыўныя медыя і відовішчы, знайшла працу, выйшла замуж, нарадзіла дачушку…

І цяпер працуе ў міжнароднай амерыканскай карпарацыі, робіць графічныя працы. Кажа, што не ўяўляла б сабе, каб гэтыя гады давялося пражыць у Беларусі. Праўда, заўважае, што ў Польшчы таксама хапае праблемаў, але тут, паводле яе, яшчэ ўмеюць іх вырашаць.

- Што мяне ўражвае заўсёды ў паляках – яны на ўсё маюць свой пункт погляду. І сапраўды могуць яго адстаяць, нават паканфліктаваць, але пазітыўна з карысцю для справы, каб вырашыць праблему.

Сваёй у Польшчы не стала, але…

Цікаўлюся – ці стала яна сваёй тут?

- Не. Мой муж і я – мы абодва з Беларусі, і нам магчыма не трэба было так глыбока інтэгравацца ў польскае грамадства. У мяне мала сяброў палякаў. Калі я доўга размаўляю, то людзі адчуваюць акцэнт у маёй мове. Але я не адчуваю гэта як недахоп – гэта хутчэй разынка, бо я не такая, як усе, а трохі іншая полька.

Што датычыць Беларусі, то многае са штодзённага жыцця, паводле суразмоўніцы, ужо забылася: апошні раз была ў Беларусі чатыры гады таму.

Той жнівень – першы раз за ўвесь час, калі захацелася вярнуцца ў Беларусь

Цікаўлюся ў Алены – адкуль у яе такая натуральная беларуская мова? Аказваецца, яна скончыла ў Мінску беларускую нацыянальную гімназію №4, усе прадметы вывучала па-беларуску. І насамрэч, па яе прызнанню, застаўся вялікі сентымент да бела-чырвона-белай Беларусі.

- У мяне сапраўды гэтая школа была вельмі нацыянальная – заўсёды былі нашы сцягі, падручнік гісторыі з Пагоняй. І калі ў 1995 годзе знянацку гэта змянілі – я пачула абразу. За гэтыя тры гады ў ва мне пасялілі гэта так глыбока, што Пагоня, бел-чырвона-белы сцяг, ВКЛ – гэта росквіт Беларусі. І я цяпер вельмі ўдзячная і здзіўленая, што ў мяне ўсё гэта засталося...

У жніўні 2020 года, калі спадарыня Алена пабачыла, што адбывалася ў Мінску, была гатова ехаць туды.

- Гэта быў першы раз за ўсе гэтыя гады, калі я захацела вярнуцца туды. Таму што я не ведала, што ў Беларусі ёсць Беларусь. Увесь час, калі я там жыла, гэта было ціхае падполле: усе хаваліся, ніхто не хацеў аб гэтым размаўляць, але ніхто не любіў гэты рэжым і ніхто нічога не хацеў рабіць.

Спадарыня Алена кажа, што ў Польшчу пасля пратэстаў прыехала шмат беларусаў, яна размаўляе з імі, але адчувае, што не належыць да гэтай супольнасці.

- Я не перажыла тое, што яны, і не магу да канца зразумець, што яны там думаюць, што ім дарадзіць, не магу ім штосьці такога сказаць…

Але для сябе яна зразумела, што Беларусь ёсць і беларусы ёсць, і верыць, што беларусы здолеюць пабудаваць новую краіну. Жанчына зразумела, што і яна, і многія беларусы насілі сваю беларускасць недзе глыбока ў торбе, а цяпер сталі яе даставаць і вешаць на грудзі.

- Гэта мне вельмі падабаецца і я таксама стараюся паказваць гэта, стараюся шукаць гэта ў сабе. Толькі дзе яно – я не ведаю. І адчуваю, што шмат хто не ведае. Але шмат хто хоча гэта знайсці. І цяпер наша задача – знайсці тое, што нас яднае, бо я ніколі не сустракала такога беларуса, які не лічыў бы сябе беларусам. Калі нават не крычыць, не паказвае, што ён беларус, але ніколі не скажа, што ён расеец, украінец альбо паляк. Таму гэтае штосьці ў нас ёсць…

Павел Залескі, Познань

слухайце аўдыёфайл