Беларуская Служба

Замест украінцаў, на польскім рынку працы ўсё больш азіятаў

16.08.2023 16:00
Расце доля мігрантаў з іншых краін, у тым ліку беларусаў, грузінаў, індыйцаў і філіпінцаў.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnePixabay

Польскі рынак працы імкліва мяняецца – піша Rzeczpospolita. У фабрыках, гатэлях і на будоўлях, дзе яшчэ нядаўна працавалі, акрамя палякаў, грамадзяне Украіны, з кожным месяцам становіцца ўсё больш імігрантаў з вельмі далёкіх краін, у тым ліку з Кеніі, Тунісу і Інданезіі.

Напрыклад, уладальнікам гатэляў на ўзбярэжжы ўсё цяжэй уладкаваць палякаў (якія часта бяруць лепш платную працу ў Германіі), а апошнім часам і ўкраінцаў. Летась вырашыць кадравыя праблемы дапамог прыток жанчын-бежанак з Украіны. Нават настаўніцы ці эканамісткі, не ведаючы мовы, уладкоўваліся на простыя сезонныя працы ў гасцініцы ці гастраноміі. Сёлета, па словах уладальнікаў бізнесу, большасць гэтых людзей не вярнуліся на працу. Магчыма, яны вярнуліся ва Украіну, зʼехалі ў Германію ці на працу ў іншым месцы.

Апошнія дадзеныя Еўрастату пацвярджаюць, што ўсё больш украінцаў зʼязджаюць у іншыя краіны, у тым ліку ў Канаду, Іспанію і Германію. У Германіі на канец чэрвеня пражывала больш за 1,3 мільёна бежанцаў з Украіны, у той час як у Польшчы іх колькасць скарацілася да менш чым 978 тысяч.

Польшча прайграе барацьбу за імігрантаў з Украіны – папярэджвае ў жнівеньскай справаздачы Асацыяцыя прадпрымальнікаў і працадаўцаў. Яна таксама патрабуе дакладнага вызначэння перспектывы прававога статусу бежанцаў і іншых рашэнняў (уключаючы моўныя курсы і прафесійнае навучанне), якія будуць стымуляваць іх заставацца ў польскай дзяржаве.

Тым больш, што пры цяперашніх дэмаграфічных тэндэнцыях, патрэба ў мігрантах будзе расці. Украінцы застаюцца самай вялікай групай замежнікаў у рэгістрах ведамства сацыяльнага страхавання (ZUS), але іх доля змяншаецца. Расце доля мігрантаў з іншых краін, у тым ліку беларусаў, грузінаў, індыйцаў і філіпінцаў.

нг