Беларуская Служба

Прадстаўнікі 32 еўрапейскіх краін прымуць удзел у EuroSkills 2023 у Гданьску

22.08.2023 14:01
На пачатку верасня ўпершыню ў Польшчы пройдзе міжнародны конкурс прафесійнага майстэрства.
Аўдыё
  • Прадстаўнікі 32 еўрапейскіх краін прымуць удзел у EuroSkills 2023 у Гданьску
 32      EuroSkills 2023
Прадстаўнікі 32 еўрапейскіх краін прымуць удзел у EuroSkills 2023 у Гданьску Скрыншот/YouTube/euroskills2023.org

На пачатку верасня ў Гданьску пройдзе міжнародны конкурс прафесійнага майстэрства EuroSkills 2023. У галіновых спаборніцтвах прымуць удзел больш за 600 маладых удзельнікаў з 32 еўрапейскіх краін. Мерапрыемства пачнецца 5 верасня і працягнецца да 9 верасня. Да гэтай пары конкурс праходзіў ужо сем разоў. Польшча прымае яго ўпершыню.

Суарганізатарам конкурсу з'яўляецца Фонд развіцця сістэмы адукацыі. «Палякі возьмуць удзел ва ўсіх – 43 конкурсных галінах», – кажа дырэктар фунду Павел Пашытэк(Paweł Poszytek):

- Усе найважнейшыя галіны і прафесіі, якія вызначаюць кожную сучасную эканоміку, не толькі польскую, але таксама еўрапейскую і сусветную. Усе гэтыя галіны будуць прадстаўлены на конкурсе. Ва ўсіх выступяць польскія гульцы.

Арганізатары спадзяюцца, што ў Гданьск прыбудзе каля 100 тысяч удзельнікаў гэтага мерапрыемства з усёй Еўропы. Сярод іх будуць вучні, студэнты і выкладчыкі, а таксама прадстаўнікі дзелавой галіны з усяго свету.

У дысцыпліне ландшафтная архітэктура Польшчу прадставяць Артур Цыбран(Artur Cybran) і Ружа Альшэўска(Róża Olszewska) з Будаўнічага тэхнікума № 5 у Варшаве:

- У нас праходзіць навучанне па драўляных элементах у парку. Часам мы таксама практыкуемся пад адкрытым небам і робім выставачныя аранжыроўкі паркаў, а таксама ездзім на навучальныя курсы за мяжу, дзе таксама робім аранжыроўкі паркаў.

- кажа Ружа Альшэўска.

«Гэта адзіная ўнікальная магчымасць для нас, як краіны, паказаць свой патэнцыял», – падкрэсліў дырэктар Фунду развіцця сістэмы адукацыі Павел Пашытэк і нагадаў, што польскія ўдзельнікі міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства EuroSkills за мінулыя гады могуць пахваліцца поспехамі ў некалькіх галінах:

- Нашы найбольшыя поспехі – гэта пакуль што гастраномія, гэта фларыстыка, гэта зварка, гэта лічбавая архітэктура і прамысловасць 4.0.

У конкурсе EuroSkills будуць прадстаўлены 43 прафесіі: ад традыцыйных, такіх як гастраномія, фларыстыка, цырульніцкае майстэрства, зварка …, да вельмі сучасных, такіх як прамысловасць 4.0, кібербяспека, мабільная робататэхніка або абслугоўванне авіяцыйнай тэхнікі.

Галоўныя мэты конкурсу – павышэнне прафесійнай кваліфікацыі, абмен перадавым вопытам і стварэнне іміджу прафесійнай адукацыі.

Удзельнікам конкурсу ад 18 да 25 гадоў. Яны ўжо прысутнічаюць на рынку працы, але таксама вучацца. Гэта своеасаблівыя еўрапейскія прафесійныя эліты. Самая таленавітая моладзь з асобных краін, якая ўжо дасягнула нейкага майстэрства ў той ці іншай галіне.

Да гэтай пары палякі ўдзельнічалі ў трох папярэдніх спаборніцтвах EuroSkills у Будапешце (2018), Казані (2019) і Грацы (2021), заваяваўшы агулам пяць медалёў.

Падчас WorldSkills у Казані Мацей Пісарэк стаў віцэ-чэмпіёнам свету па гастраноміі. З Euroskills у аўстрыйскім Грацы палякі прывезлі тры бронзавыя медалі. Бронзавым прызёрам стаў Бартэк Віхэрэк(Bartek Wicherek) па гастраноміі, Міхал Фармеля(Michał Formela) – па зварцы, Пётр Глазік(Piotr Głazik) – па фларыстыцы.

Конкурс прафесійнага майстэрства праводзіцца па чарзе – то на сусветным узроўні WorldSkills, то на еўрапейскім – EuroSkills.

Конкурс EuroSkills Gdańsk 2023 пройдзе на стадыёне Polsat Plus Arena Gdańsk, кангрэс-залах, выставачных залах Amber Expo, а таксама прылеглых да іх тэрыторыях. Арганізатары запэўніваюць, што цырымонія адкрыцця EuroSkills Gdańsk 2023 будзе мерапрыемствам па ўзоры цырымоніі Алімпійскіх гульняў. Ейная мэта – паказаць Польшчу з лепшага боку, калі гаворка ідзе пра культуру і мастацтва.

Традыцыйна спаборніцтвы суправаджаюцца разнастайнымі шоу, выступамі і канферэнцыямі. Шукаць супрацоўнікаў на мерапрыемства кожны год прыязджаюць прадстаўнікі вядучых кампаній з усяго свету.

Восьмы выпуск EuroSkills першапачаткова планавалася правесці ў верасні 2023 года ў Санкт-Пецярбургу ў Расіі. Аднак рашэннем асацыяцыі WorldSkills Europe, якая выключыла Расію з удзелу ў праграме WorldSkills, конкурс перанеслі ў Польшчу. За магчымасць арганізацыі прафесійных спаборніцтваў змагаліся Польшча, Германія і Люксембург.

Уваход на мерапрыемствы ў Гданьску будзе свабодны, але неабходная рэгістрацыя па спасылцы: euroskills2023.org.

IAR/аз