Беларуская Служба

Беларусы выдаткоўваюць на харчы ў адносінах да ўсіх выдаткаў значна больш, чым у заходніх краінах

22.08.2023 18:04
Picodi.com правёў аналіз выдаткаў на прадукты харчавання ў Беларусі і іншых крінах.
Аўдыё
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Shutterstock/Minerva Studio

Аналітыкі платформы Picodi.com разгледзелі статыстычныя дадзеныя ў 105 краінах свету і падлічылі, колькі грошай выдаткоўваюць на пражытак жыхары гэтых дзяржаў. І так, у ЗША, Сінгапуры, Вялікабрытаніі, Ірландыі і Швейцарыі на ежу і безалкагольныя напоі, спажываныя дома, у сярэднім прыпадае менш за 1/10 усіх выдаткаў. Сярод еўрапейскіх краін самыя высокія выдаткі на прадукты харчавання адзначаны ў Швейцарыі (359 $ у месяц), Нарвегіі (341 $/мес.) і Даніі (311 $/мес).

У сваю чаргу, Беларусь займае 77-е месца сярод 105 краін: на прадукты харчавання і безалкагольныя напоі беларусы выдаткоўваюць 32,1% ад усіх выдаткаў на спажывецкія тавары і паслугі. Сярэднестатыстычны беларус на харчаванне ў сярэднім траціць 98 долараў у месяц, гэта адзін з самых нізкіх вынікаў у Еўропе. У сваю чаргу, сярэднестатыстычны паляк выдаткоўвае на харчаванне 17,2% усіх выдаткаў – амаль у два разы менш, чым беларус.

Пра тое, як прыводзілася даследаванне, якім чынам параўнаваліся выдаткі на прадукты ў розных краінах, мы папрасілі распавесці Мікалая Касея з платформы Picodi.com.

- У даследаванні мы аб'ядналі статыстыку Euromonitor і лакальных статыстычных ведамстваў. Дадзеныя, якія нам удалося сабраць – гэта працэнт ад усіх спажывецкіх выдаткаў і намінальная сума выдаткаў на харчаванне. Мы рэгулярна даследуем кошты прадуктаў харчавання, але рэальны працэнт выдаткаў мы разгледзелі ўпершыню.

Гледзячы на табліцу, выразна відаць, што ў развітых краінах свету адсотак выдаткаў на ежу вельмі нізкі. Жыхары гэтых краін могуць дазволіць сабе часцей харчавацца паза домам. Умоўныя 100 долараў у Беларусі (сярэднестатыстычны беларус выдаткоўвае 98 долараў, паводле даследавання, на харчы ў месяц) і ў Швейцарыі (359$) – гэта розныя сумы. Мы раней падлічылі, колькі каштуе кошык прадуктаў для выжывання ў Беларусі – 81 долар.

Picodi.com – гэта кэшбэк-платформа, якая дзейнічае толькі ў сеціве. Яна з’яўляецца пасярэднікам паміж спажыўцамі і крамамі, якія займаюцца продажам у інтэрнэце. У рамках платформы працуе таксама каманда аналітыкаў, якая праводзіць даследаванні розных галінаў спажывецкага рынку.

Слухайце гутарку ў далучаным гукавым файле аўдыё.

нг