Беларуская Служба

Крысціна Ціманоўская: Цяпер людзі ў Беларусі не хочуць пераменаў

29.08.2023 09:31
Беларуская спартсменка, якая з’ехала ў Польшчу, расказвае пра тое, што пра яе кажуць у Беларусі.
Kryscina Cimanouska
Kryscina Cimanouskafacebook.com/Mateusz Morawiecki/Tymon Markowski/MSZ

«Цяпер я адчуваю сябе ў бяспецы, хоць, па ранейшаму, атрымліваю паведамленні, каб я была асцярожнай, калі выходжу з гатэля. Такія пагрозы ўсё яшчэ з’яўляюцца», – кажа беларуская спартсменка Крысціна Ціманоўская, якая пасля выступу ад польскай каманды на Чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Будапэшце, у размове са старонкай wp.pl распавяла пра тое, што перажывала за апошнія два гады, то бок з моманту, як уцякла ад беларускіх чыноўнікаў у такійскім аэрапорце.

Нагадваем, прадстаўляючы Польшчу на міжнародных спаборніцтвах Крысціна Ціманоўская заняла пятае месца ў фінале Чэмпіянату свету ў эстафеце 4х100 метраў.

«Мая сям'я сказала мне, што па тэлевізары ў Беларусі паказвалі ўсе кваліфікацыйныя гонкі, акрамя маёй. Таму мае родныя нават не ведалі, што я наогул выйшла ў паўфінал. Але гэта мяне ўжо не здзіўляе. Я даўно ведаю, што пра мяне казалі ў беларускіх СМІ(…) Ведаеце, як мяне называлі? – «Бязмозглы бягун» (…) Мне ўсё роўна, што яны пішуць, але гэта бачыць мая сямʼя і перажывае. Пра мяне пісалі, што, напрыклад, я ўжо скончыла карʼеру. Потым людзі тэлефануюць маме і пытаюцца, ці гэта праўда», – кажа Ціманоўская.

«У 2020 годзе я ўпершыню выступіла супраць рэжыму. Да нас прыязджаў міністр спорту, я задала яму нязручнае пытанне, і мяне адразу занеслі ў чорны спіс», – успамінае спартсменка.

Чаму яна выбрала Польшчу, хоць дапамогу прапанавалі таксама іншыя краіны? « Польшча мне адразу найбольш спадабалася. Гэта побач з Беларуссю, і я падумала, што маім бацькам будзе прасцей калісьці да мяне прыехаць(…) Не можа так быць усё жыццё. Але я думаю, што цяпер людзі ў Беларусі не хочуць пераменаў. Сябры мне кажуць, што там людзі шчаслівыя, пераконваюць, што вайны няма, што ў нас найлепшы прэзідэнт. Хацелася б, каб нешта змянілася, бо гэта ненармальна», – пераконвае беларуска ў размове са старонкай wp.pl.

аз