Беларуская Служба

Лекары супакойваюць, што бактэрыя легіянела не павінна выклікаць маштабнай эпідэміі

29.08.2023 14:37
Заражэнне гэтай бактэрыяй фіксуюць кожны год.
Аўдыё
  • У Польшчы перапалох выклікалі шматлікія інфекцыі лёгкіх.
 .          .
Ілюстрацыйны здымак. Бактэрыя можа размнажацца ў кандыцыянерах з функцыяй павышэння вільготнасці паветра.Фота: Shutterstock.com

Толькі-толькі мы пачалі забываць пра пандэмію каранавіруснай інфекцыі і вяртацца да нармальнага жыцця, як у Польшчы прагрымела вестка пра новую бактэрыю, якая выклікае запаленне лёгкіх. Гэта легіянела, ад якой у краіне памерлі ўжо 14 чалавек, а захварэла больш за паўтары сотні (дадзеныя на раніцу аўторка). Аднак, лекары супакойваюць, што гэтая бактэрыя не павінна выклікаць маштабнай эпідэміі.  

Па ўсёй Польшчы на працягу апошніх тыдняў было выяўлена шмат выпадкаў заражэння бактэрыяй Legionella pneumophila, якая выклікае вострую пнеўманію. Інакш гэтае захворванне называюць легіянелёзам або хваробай легіянераў, паколькі вялікая ўспышка хваробы здарылася ў 1976 гадзе ў ЗША менавіта сярод ветэранаў, якія былі ўдзельнікамі з’езду амерыканскіх легіянераў.

У Польшчы першы выпадак захворвання паявіўся ў Падкарпацкім ваяводстве на паўднёвым усходзе краіны каля двух тыдняў таму. Найбольшую колькасць хворых складаюць жыхары Жэшава, але выпадкі захворвання ёсць таксама ў іншых гарадах.

Легіянелёз – захворванне органаў дыхання. Патагенная бактэрыя сустракаюцца ў вадзе, яна можа размнажаюцца пры тэмпературы ад 20 да 50 градусаў Цэльсія.

Галоўны санітарны інспектар Кшыштаф Сачка (Krzysztof Saczka) адзначыў у эфіры Польскага радыё, што гэтая бактэрыя звычайна прысутнічае ў навакольным асяроддзі, таму не трэба яе баяцца, аднак неабходна прымаць адпаведныя меры асцярожнасці. Ён патлумачыў, што хвароба легіянераў заразная, але няма рызыкі перадачы інфекцыі ад чалавека да чалавека, як, напрыклад, каранавіруснай інфекцыі. Легіянела не распаўсюджваецца так, як COVID-19.

Кшыштаф Сачка дадаў, што заражэнне гэтай бактэрыяй лекары фіксуюць кожны год.

- Мы далей можам жыць і паводзіць сябе так, як звычайна, але неабходна памятаць, што гэтая бактэрыя можа зафіксаваць празмерны рост пры некаторых умовах. І таму на некаторыя рэчы мы павінны звяртаць павышаную ўвагу. Гэтая бактэрыя жыве ў водным асяроддзі, мы з ёй сутыкаемся ў штодзённым жыцці. Практычна кожны з нас сустракаецца з гэтай бактэрыяй. Аднак узровень мікробаў, які назіраецца звычайна, не стварае пагрозы для чалавека.

Як паведамлялася раней, найбольш верагоднай крыніцай заражэння з'яўляецца камунальны водаправод, што пацвярджаюць вынікі пробаў вады, узятых у Жэшаве, калі паявіліся звесткі пра масавыя захворванні.

Галоўны санітарны інспектар адзначыў, што рызыку празмернага размнажэння бактэрый можна прадухіліць у хатніх умовах.

- Вельмі важна звяртаць увагу на санітарна-гігіенічны стан элементаў нашай водаправоднай сістэмы ў дамах, асабліва ў ванных пакоях. У такіх умовах, як слабая вентыляцыі і высокі ўзровень вільгаці, можа пачацца празмерны рост бактэрый.

Адным з фактараў, якія могуць спрыяць развіццю бактэрый, зʼяўляецца клімат. Аб гэтым заявіў мэр Жэшава Конрад Фіёлэк (Konrad Fijołek). Гэтым летам назіраюцца вялікія перапады тэмпературы, здараюцца інтэнсіўныя ападкі дажджу, пасля чаго наступае засуха з высокай тэмпературай. Такія ўмовы могуць выклікаць паталагічны рост бактэрый.

Мэр Жэшава прыняў рашэнне правесці працэдуру прамывання месцаў падачы гарачай вады ў жылыя шматкватэрныя будынкі. Гэта прафілактычная мера, – адзначыў Конрад Фіёлэк.

- Там, дзе ёсць унутраная цыркуляцыя гарачай вады, калі яна цыркулюе ў сістэме гарачага водазабеспячэння, будзе прамыўка сеткі. Мы, разам з адміністрацыяй будынкаў, прынялі рашэнне аб правядзенні прамывання водаправоднай сеткі.

У прыкладна палове пробаў вады знойдзеная бактэрыя. Пробы былі ўзятыя ў Жэшаве з кранаў асоб, якія захварэлі легіянелёзам. Лекары адзначаюць, што спажыванне заражанай вады не выклікае захворвання. Патагенныя мікробы павінны трапіць у лёгкія, каб выклікаць хваробу. Гэта магчыма толькі тады, калі шмат бактэрый знаходзіцца ў вадзяной пары. Хуткаму росту мікробаў спрыяе выкарыстанне кандыцыянераў з функцыяй павышэння вільготнасці паветра. Менавіта кандыцыянеры прычыніліся да распаўсюду мікробаў у ЗША, калі назіралася масавае захворванне ветэранаў-легіянераў.

Апошні раз адносна масавае захворванне легіянелёзам здарылася ў Польшчы ў 2005 годзе, калі быў зафіксаваны 21 выпадак заражэння. Сёлета лекары адзначаюць, што ўсе хворыя, якія памерлі ад дадзенай інфекцыі, мелі спадарожныя захворванні, між іншым, анкалагічныя і кардыялагічныя. Гэта пераважна пажылыя асобы.

А якімі сімптомамі суправаджаецца дадзенае захворванне? Хвароба легіянераў часта праяўляецца высокай тэмпературай цела, якая даходзіць да 40° С, і нетыповай пнеўманіяй. Ліхаманка суправаджаецца дыярэяй, галавакружэннем і іншымі неўралагічнымі сімптомамі. Таксама магчымыя паражэнне печані і брадыкардыя (нізкі пульс).

IAR/PAP/нг