Беларуская Служба

Папулярызатарка фізікі Святлана Воўчак марыць аб месцы навукі «Вялікі Палескі Калайдар»

04.09.2023 16:24
«Ствараць такія месцы павінны мы самыя. Пакуль такіх месцаў не будзе, людзі будуць з’язджаць».
Аўдыё
  • Папулярызатарка фізікі Святлана Воўчак марыць аб месцы навукі «Вялікі Палескі Калайдар»

Валоданне беларускай мовай, асабліва ў замежжы, павялічваецца. Але ці многія змогуць расказваць пра законы фізікі па-белуруску, а дадаткова выдаваць навуковы часопіс пра фізіку па-беларуску? Гэта ды многае іншае робіць нашая гераіня – Святлана Воўчак.

Святлана Воўчак Святлана Воўчак

Святлана Воўчак – папулярызатарка фізікі, валанцёрка, актывістка, якая стаяла ля вытокаў моладзевай арганізацыі «Фаланстэр», да 2020 году выкладала ў БДУ на факультэце радыёфізікі, звольненая ў выніку актыўнай грамадскай пазіцыі, за якую тройчы адбывала арышт. Святлана рэдагавала беларускую Вікіпедыю на тэму фізікі, разам з аднадумцамі выдае навуковы зін «PAMYŁKA», любіць маляваць і стварае каляндар, тэматыка якога, натуральна, фізіка. А яшчэ Святлана марыць стварыць месца навукі ў Беларусі «Вялікі Палескі Калайдар».

У эміграцыі Святлана была вымушаная адаптавацца да новых умоваў, але не здрадзіла свайму захапленню. Яна распачала ўласныя адукацыйныя праекты, займаецца рэпетытарствам, робіць адкрытыя лекцыі і відэа ды выкладае ўсё гэта на свой YouTube.

Цікавасць да нечага нараджаецца з таго, што ты хочаш быць да некага падобным, кажа Святлана. У яе выпадку гэта быў бацька, таксама фізік:

- Ён заўжды мог распачаць дыялог на фізічную ды і не толькі тэму. Хадзячая энцыклапедыя. Мне падабалася, што ён заўжды быў у настроі. Яго праца была і яго хобі. Ён працаваў з раніцы да ночы, тым не менш у яго хапала сіл распавядаць гісторыі пра навуку.

Калі настаўнік не цікавы, то і прадмет здаецца такім жа. Калі Святлана раздзяліла гэтыя дзве рэчы, то пачала шукаць людзей, якія выкладалі фізіку цікава:

-Гэта людзі з гісторыяй. Гэта той жа Стівен Хокінг, які напісаў цудоўныя, натхняльныя кнігі. Я чытала пра навукоўцаў, як яны рабілі фізічныя адкрыцці. Я пабачыла іх з іншага боку. Што гэта не сухія людзі, як пра іх пішуць у падручніках. Я прачытала, што Галілей сядзеў у нейкім храме, там вагалася жырандоля. Ён вырашыў замерыць час вагання жырандолі. Але ў той час не было гадзінніка і ён замяраў час пры дапамозе ўласнага пульсу. І гэта настолькі натхняльна! Галілей заўважыў, што пры невялічкіх ваганнях час аднолькавы. З’ява атрымала назву «маятнік», а яго законы з цікавасці, як працуе свет, пачаў адкрываць Галілей.

Яшчэ працуючы выкладчыкам фізікі ў БДУ Святлана адчувала недахоп супольнасці навукоўцаў-фізікаў:

-Да 2020 года я шэсць гадоў працавала ў БДУ, на факультэце радыёфізікі. Калі ў 2020 мяне звольнілі, я пачала разумець, што ў Беларусі няма супольнасці навукоўцаў-фізікаў. Гэтая думка круцілася ў мяне ў галаве. Так я зачапіла свайго старога знаёмага, Юру Адамава. Мы сустрэліся і ён кажа, што на жаль, няма беларускамоўных часопісаў пра сціслую навуку. Тады я яму кажу: Юра, дык давай зробім часопіс.

Часопіс «PAMYŁKA» Часопіс «PAMYŁKA»

Так і атрымалася. Неспяшаючыся сябры пачалі збіраць артыкулы, паступова да іх далучаліся іншыя людзі. Увесну 2023 года ўдалося выдаць першы нумар зіну «PAMYŁKA».

-Адчулася, што людзям гэта цікава, людзі сапраўды пачалі замаўляць часопіс. Пры тым, што мы прадавалі яго не ў Беларусі (там яго можна проста спампаваць). Вясной выйшаў першы нумар, на жаль, Юру Адамава як раз пасадзілі, яму далі тры гады. Гэта драматычная частка стварэння часопіса. У рэдакцыі мы палічылі, што другі нумар прысвецім Юру. Мы хочам паказаць, што мы пра яго памятаем, што ён супер разумны і круты. У нас быў адзін артыкул, які мы аблічбавалі і дадалі ў часопіс. Юра мяне асабліва натхніў тым, што пісаў лісты палітзняволеным, апісваючы фізічныя цікавосткі. Ён даслаў мне фота лістоў. Гэта, напрыклад, дзесяць старонак, напісанага ад рукі тэкста, які па сутнасці з’яўляецца артыкулам у часопіс. Гэта вельмі высокаўзроўневы тэкст. Вядома, што ты не ведаеш, ці ліст дойдзе да палітвязня. Таму мы таксама хацелі даць другое жыццё лісту. У другі нумар ужо большая колькасць людзей запрапанавала свае артыкулы. У нас назбіралася прыкладна дзесяць, – расказвае Святлана.

Працуючы на факультэце радыёфізікі Святлана пачала выкарыстоўваць беларускую мову ў практыкаваннях са студэнтамі, рэдагаваць артыкулы на тэму фізікі ў «Вікіпедыі». Каб навуковая мова развівалася, ёй павінны карыстацца навукоўцы, перакананая фізік:

-Калі я яшчэ працавала на факультэце радыёфізікі, я падышла да загадчыка кафедры і сказала, што было б цікава нешта выкладаць на беларускай мове. Ён пасмяяўся, сказаў, што гэта будзе смешна гучаць. Але гэтая ідэя пра беларускую мову мяне турбавала. Я пачала даваць студэнтам заданне рэдагаваць беларускую Вікіпедыя на тэму фізікі. Гэта вельмі крутая тэма. Гэта вельмі магутная ўлада тэксту над чалавекам. Гэта быў мой першы вялікі крок да беларускай мовы ў навуцы. Таксама ў мяне ў групу прыйшла дзяўчына, якая адна за доўгі час размаўляла на беларускай мове пастаянна. Я бачыла, што яна чытае метадзічкі на рускай мове, а пасля адказвае мне на беларускай. Мяне гэта вельмі натхніла і ўразіла. Я вырашыла, што пакрыху буду размаўляць на беларускай мове на лабараторных работах. Пачаткова гэта была трасянка, не было проста, але гэта быў крок насустрач мове.

А яшчэ Святлана марыць стварыць месца навукі ў Беларусі «Вялікі Палескі Калайдар». Без месцаў, дзе навукоўцы маглі б займацца навуковай працай, яны будуць з’язджаць з краіны, перакананая яна:

- Палессе, па-першае, вельмі круты рэгіён. Было б крута разгарнуць там нейкія сучасныя машыны, на якіх маглі б працаваць сучасныя навукоўцы, калі яны будуць вяртацца з усяго свету ў іншую Беларусь і разам працаваць у галіне навукі. Універсітэты рыхтуюць навукоўцаў, але пасля ўніверсітэту яны не ведаюць, куды ісці, дзе навукоўцы патрэбныя. Таму факультэты матэматыкі і фізікі часта рыхтуюць праграмістаў. Праграміст ведае, куды ісці на працу ўладкоўвацца, а фізік не, ці зарплата маленькая. Я адчула, што калі я хачу, каб у Беларусі нешта было, то трэба ствараць самому. Не хапае такіх месцаў, таму людзі і з’язджаюць. Ствараць такія месцы павінны мы самыя. Пакуль такіх месцаў не будзе, людзі будуць з’язджаць.

Калі прытрымлівацца пераканання, што захапленне да прадмета перадае настаўнік, то Святлана выдатны гэтага прыклад. Калі вам патрэбны настаўнік-фізік, заходзьце на старонку Святланы Воўчак, дзе ёсць неабходная інфармацыя, як з ёй звязацца.

ав/фота з архіва Святланы

Поўная размова ў далучаным гукавым файле