Беларуская Служба

Турысты, якія прыязджаюць адпачываць у польскія горы, займелі новую моду

05.09.2023 14:35
Некаторыя вырашаюць не толькі гуляць па населеных пунктах, але і адпраўляцца на начныя прагулкі.
Аўдыё
  • Новая мода сярод турыстаў - начныя вандроўкі па гарах.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Shutterstock/ Piotr Krzeslak

Пачатак восені – верасень, кастрычнік – гэта час, калі ў Польшчы вялікай папулярнасцю сярод турыстаў карыстаюцца падарожжы па гарах. Што цікава, жыхары гор і асобы, якія працуюць у папулярных горных курортах, заўважаюць адносна новую тэндэнцыю ў паводзінах сярод турыстаў, асабліва ў гарах Карканошах.

Турысты, якія прыязджаюць адпачываць у польскія горы, займелі новую моду. Яны, а прынамсі нейкая частка турыстаў, усё больш актыўныя ноччу, а днём адпачываюць у гатэлях. Некаторыя з іх вырашаюць не толькі гуляць па населеных пунктах, але і адпраўляцца на начныя прагулкі ў лес. Магчыма, яны не ведаюць, што ноччу ўваход у нацыянальныя паркі ў Польшчы забаронены.

Калі летам былі вельмі гарачыя дні, турысты казалі, што вечарам і ноччу значна прыемней вандраваць, паколькі пасля наступлення цемры становіцца халадней, а многія месцы маюць яшчэ і прыгожае асвятленне, што спрыяе прыемнаму настрою.

Гэтую змену заўважыў Гжэгаж Сакалінскі, уладальнік кнігарні ў Шклярскай Парэмбе.

- На 21 гадзіны вечара ў нашай кнігарні сапраўды шмат кліентаў. Таксама часта пасля 21.00 мы ўсё яшчэ не можам зачыніць краму, таму што людзі ўсё яшчэ ўнутры. Сапраўды, большасць людзей пачынае рабіць пакупкі пасля поўдня і вечарам.

Карыстаюцца папулярнасцю таксама вячэрнія вандроўкі па прагулачных вуліцах і начныя паходы ў лясы або нацыянальныя паркі, хаця ў нацыянальныя паркі заходзіць ноччу забаронена. «Начныя паходы ў горы, можа, і не масавыя, але ўжо не такія рэдкія, як было калісьці», – адзначае Маніка Руштэцка з Карканошскага нацыянальнага парку. Яна атрымлівае дадзеныя з прыбораў, якія падлічваюць колькасць турыстаў на горных сцяжынках.

- За 2022 год, наколькі я памятаю, з чэрвеня па кастрычнік з 22.00 да 6.00 было ў сярэднім больш за адну тысячу чалавек, і гэтая лічба адназначна расце. Чаму назіраецца такая тэндэнцыя? У грамадстве паяўляюцца розныя моды. У асноўным гэта звязана з развіццём плыні турызму, падчас якога людзі прымаюць на сябе нейкі выклік. Прагулка па гарах ноччу – адна з такіх праблем, так званы чэлендж (з анг. challenge – выклік, заклік нешта зрабіць).

Па словах Гжэгажа Сакаліньскага, цяпер у горы прыйшло зусім новае, іншае пакаленне турыстаў. Яшчэ не так даўно ў дзевяць гадзін вечара ў Шклярскай Парэмбе было пуста, – кажа Сакалінскі, які не толькі ўладальнік кнігарні, але таксама кіраўнік мясцовай турыстычнай арганізацыі ў гарах Карканошэ.

- Яшчэ нядаўна мы ўсе бачылі – а 21 гадзіне вуліцы былі мёртвыя, вы можаце спытаць жыхароў гораду. А тут раптам нешта змянілася.

Начное прабыванне людзей у гарах і агулам на тэрыторыі дзікай прыроды можа ўносіць разлад у нармальнае, зладжанае жыццё звяроў. Маніка Руштэцка адзначае, што ў парку ёсць месцы, дзе людзі знаходзяцца без перапынку, у тым ліку ноччу.

- На вялікі жаль, у Карканошскім нацыянальным парку ёсць месцы, дзе няма абмежаванняў паводле гадзін знаходжання, і таму ў гэтых месцах практычна кругласутачна знаходзяцца людзі. Наша «гарачая кропка», калі так можна сказаць, гэта пік Снежка і Руўня пад Снежкай.

Аднак варта памятаць, што начныя прагулкі ў нацыянальных парках з'яўляюцца незаконнымі. Гэта, перш за ўсё, ускладняе жыцця дзікай прыроды.

Ноч у парку – гэта час, у які павінен быць спакой, таму што жывёлы, якія тут жывуць, знаходзяцца ў сябе дома і павінны мець магчымасць перасоўвацца з месца на месца ці паляваць. Асабліва ў сезон адпачынкаў яны знаходзяцца пад вялікім ціскам, у стрэсе, паколькі на іх дзейнічае вялікая колькасць раздражняльнікаў, якія выклікаюць страх, – тлумачыць Маніка Руштэцка.

На гэтым тыдні ахова Нацыянальнага парку ў гарах Татрах аштрафавала на 1000 злотых двух турыстаў, якія паставілі намёт і начавалі каля горнага возера Марское Вока.

I Pr. PR/нг