Беларуская Служба

Даследаванне: Беларусы апынуліся паміж молатам і кавадлам

12.10.2023 15:05
Дырэктар Цэнтра дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага палітолаг Эрнэст Выцішкевіч каменціруе вынікі даследавання «Палякі пра беларусь і беларусаў».
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Э.Выцішкевіч пра апытанне палякаў аб РБ.
           ,      .
Фрагмент справаздачы па выніках даследавання грамадскай думкі «Палякі пра беларусь і беларусаў», апублікаванай Цэнтрам дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага. https://mieroszewski.pl/programy/badania-opinii-publicznej/polacy-o-bialorusi-i-bialorusinach

Варшаўскі Цэнтр дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага апублікаваў справаздачу па выніках даследавання грамадскай думкі «Палякі пра беларусь і беларусаў». Яна даступная на сайце цэнтра ў т.л. на беларускай мовеШто палякі думаюць пра Беларусь і беларусаў? Ці лічаць палякі Расію «каменем на шыі» Беларусі? Ці ведаюць палякі, хто такія Святлана Ціханоўская ці Анджай Пачобут?

З 2020 г. Польшча стала адным з месц, дзе знайшлі прытулак грамадскія, культурныя дзеячы, прадпрымальнікі, якія ратаваліся ад рэпрэсій дыктатуры Лукашэнкі. Цэнтр дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага высветліў, што ўяўленні пра Беларусь і вобраз гэтай краіны сярод палякаў да нашых дзён дынамічна мяняліся.

Дырэктар Цэнтра дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага палітолаг Эрнэст Выцішкевіч параўноўвае цяперашняе даследаванне з тым, што рабілася тры гады таму пра Расію, але з пытаннем пра Беларусь.

Эрнэст Выцішкевіч, палітолаг, дырэктар Цэнтра дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага:І выходзіць так, што за гэты час істотна зменшылася колькасць палякаў, якія ўспрымаюць Беларусь як дзяржаву, а беларусаў як грамадства, народ, які глядзіць прыхільна на Польшчу.

Тры гады таму пратэсты ў Беларусі (супраць дыктатуры Лукашэнкі. — Рэд.) былі ў Польшчы ўспрыняты вельмі станоўча. Мы назіралі выбух сімпатый і павагі. Тады ж аказалася, што мы памыляліся з ацэнкай беларускага грамадства, ацэньваючы яго як пасіўнае, не здольнае да палітычных дзеянняў. Але на самай справе аказалася, што ўсё зусім наадварот.

Беларусь у 2020 годзе заваявала свае “5 хвілін славы” ў Польшчы і свеце, але водгук тых падзей чуваць і сёння, што праяўляецца ў актыўнасці розных беларускіх апазіцыйных палітыкаў.

А потым пачалася вайна — расійская агрэсія (ва Украіне. — Рэд.). І тое, што тэрыторыя Беларусі была выкарыстана для атакі на Украіну, для абстрэлу яе інфраструктуры, прывяло да таго, што палякі, адмоўна ўспрымаючы тое, што робіць Расія, таксама больш адмоўна сталі адносіцца да Беларусі. Вобраз Беларусі ў вачах палякаў змяніўся пад уплывам вайны.

На думку 87% апытаных палякаў, беларускія ўлады падтрымліваюць Расію ў вайне супраць Украіны. У сваю чаргу, на думку 42% рэспандэнтаў, беларускае грамадства ў значнай ступені абыякавае і пасіўнае, а на думку 12% апытаных, яно прыхільна ставіцца да Расіі.

Эрнэст Выцішкевіч падкрэслівае, што беларусы, якія ратуюцца ў Польшчы ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі, не нясуць адказнасці за яго дзеянні, у т.л. за ўдзел РБ у вайне РФ супраць Украіны. Аднак гэта разумеюць не ўсе палякі, адпаведна, у некаторых складваюцца адмоўныя адносіны да Беларусі і беларусаў.

Меркаванні палякаў адносна палітыкі РП у дачыненні да беларусаў, якія знаходзяцца ў Польшчы, падзяліліся. На думку 43% апытаных, Польшча павінна аказваць падтрымку толькі тым беларусам, якія прыехалі ў Польшчу, баючыся палітычнага праследавання. Аднак 30% апытаных лічаць, што Польшча павінна аднолькава падтрымліваць усіх беларусаў, якія пражываюць у РП, прапаноўваючы ім прасцейшы доступ да рынку працы.

Эрнэст Выцішкевіч:Беларусы ў нейкім сэнсе апынуліся паміж молатам і кавадлам. У выніку, калі яны дэманструюць жаданне і імкненне да перамен у сваёй краіне, то гэта выклікае станоўчыя эмоцыі ў палякаў. А калі мы назіраем, што Беларусь фактычна падпарадкавана расійскай палітыцы і ажыццяўляе мэты Пуціна, то гэта ўплывае адмоўна на яе імідж. У нашай справаздачы па выніках апытання мы назвалі гэта “каменем на шыі” Беларусі. Адмоўныя адносіны да Беларусі фарміруе, такім чынам, палітыка Расіі.

Аказваецца, 29% палякаў знаёмы з беларусамі асабіста, а яшчэ 9% маюць сяброў, знаёмых у Беларусі, — сведчаць вынікі даследавання Цэнтра дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага.

Эрнэст Выцішкевіч:Адзначаны досыць высокі працэнт людзей, якія цікавяцца Беларуссю, якія маюць знаёмых з Беларусі, якія там бывалі. Гэта сведчыць пра тое, што вобраз Беларусі сярод палякаў фарміруецца не толькі на аснове паведамленняў СМІ, але і на асабістым вопыце кантактаў з беларусамі. Гэтыя асабістыя кантакты істотным чынам, у станоўчы бок уплываюць на ўспрыманне беларусаў палякамі.

Падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе палякі звязваюць перш за ўсё з фальсіфікацыямі прэзідэнцкіх выбараў і масавымі сацыяльнымі пратэстамі, якія жорстка падаўляліся ўладамі. Менавіта шырокамаштабнае сацыяльнае супраціўленне у форме дэманстрацый і пратэстаў беларускага грамадзтва найбольш моцна ўрэзалася ў свядомасць палякаў.

З чым яшчэ асацыіруецца Беларусь у палякаў?

Эрнэст Выцішкевіч:Людзі спантанна гаварылі: таталітарызм, аўтарытарнае кіраванне Лукашэнкі, супрацоўніцтва з Расіяй, варожыя адносіны да Польшчы, падзеі на граніцы, вайна. Лукашэнка і яго палітыка імгненна з’яўляюцца ў галовах палякаў і толькі далей і вельмі далёка — іншыя справы. Такім чынам, Беларусь успрымаецца ў моцна палітызаваным кантэксце.

Гэта, у сваю чаргу, іграе на карысць рэжыму Лукашэнкі. Бо людзі на задні план адпраўляюць беларускую гісторыю і культуру, і ў людзей не ўзнікае з гэтым асацыяцый.

Аляксандр Лукашэнка дамінуе ў рэйтынгу пазнавальнасці сярод вядомых палякам беларусаў, успрымаючыся, аднак, пераважнай большасцю апытаных палякаў вельмі крытычна. Амаль кожны другі рэспандэнт тлумачыць сваю негатыўную ацэнку Лукашэнкі непавагай з яго боку да свабоды і грамадзянскіх правоў, прымяненнем тэрору і праследаваннем уласнага народа. У той жа час амаль 40% апытаных ведаюць, хто такія Святлана Ціханоўская, Анджай Пачобут ці Анжаліка Борыс.

79% апытаных згодны са сцвярджэннем, што ў інтарэсах Польшчы, каб у Беларусі панавалі свабода і дэмакратыя.

Паводле афіцыйных звестак, у Беларусі пражывае амаль 300 тысяч чалавек, якія лічаць сябе палякамі. На думку 79% апытаных, гэта суайчыннікі палякаў, якія пражываюць у РП.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Даследаванне: 45% беларускіх эмігрантаў у Польшчы не збіраюцца вяртацца ў Беларусь

05.10.2023 15:28
Дырэктар Цэнтра дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага палітолаг Эрнэст Выцішкевіч каменціруе вынікі даследавання аб беларусах у Польшчы.