Беларуская Служба

80 гадоў таму Армія Краёва пакарала смерцю здрадніка

14.10.2023 06:02
Юзэф Шташаўэр быў афіцэрам АК і адначасова агентам Гестапа.
Аўдыё
  • 80 гадоў таму Армія Краёва пакарала смерцю здрадніка
 . ,  1930
Мазавецкая вуліца. Варшава, канец 1930 гадоў Narodowe Archiwum Cyfrowe

80 гадоў таму група Арміі Краёвай ліквідавала Юзэфа Шташаўэра. Ён быў нямецкім агентам і ўладальнікам вядомага ў Варшаве рэстарану «Za Kotarą». Гэтая ўзброеная акцыя была адной з найбольш гучных, якія правяло польскае падполле. Ад назвы рэстарану, уладальнікам якога быў агент і ў якім падпольшчыкі правялі акцыю, яна атрымала назву «Аперацыя «Za Kotarą».

Аперацыя адбылася 8 кастрычніка 1943 года. У яе выніку загінулі агенты Гестапа Юзэф Шташаўэр і Ежы Канажэўскі, некалькі фольксфойчаў і немцаў. На жаль, загінула таксама выпадковая асоба: актрыса Марыя Маляновіч-Нядзельска, якая ў рэстаране працавала афіцыянткай.

Юзэф Шташаўэр быў высокапастаўленым афіцэрам Арміі Краёвай і ўладальнікам рэстарану «Za Kotarą», які знаходзіўся на прэстыжнай Мазавецкай вуліцы ў цэнтры Варшавы. Але праз нейкі час людзі з АК пачалі падазраваць, што Шташаўэр – двайны агент. Было заўважана, што ўладальнік рэстарану не асабліва скрывае, што дзейнічае ў падполлі, хваліцца, што мае зброю і падпольную прэсу ды абсалютна не баіцца праверак, якія час ад часу ў рэстаране праводзілі нямецкія жандары. Пазней аказалася, што нехта «зліў» немцам інфармацыю пра планаваны замах на агента Гестапа. Усе сляды вялі да Шташаўэра. Армія Краёвая прыняла рашэнне пакараць здрадніка.

На месца правядзення акцыі быў выбраны рэстаран Юзэфа Шташаўэра. Узброеныя пісталетамі падпольшчыкі стварылі дзве групы: адна мела выканаць прыгавор, а другая – забяспечыць прыкрыццё звонкі. Баявая група складалася з пяці чалавек, а прыкрыцця – з чатырох. У раёне рэстарана знаходзіўся таксама атрад з 14 чалавек, які меў уключыцца ў акцыю ў выпадку яе ўскладнення.

План замаху быў падрыхтаваны дакладна, але нешта пайшло не так. Частка баявой групы заняла месца ўнутры рэстарану, а прыкрыцця засталася каля яго. Аднак Шташаўэр бадай што адчуваў небяспеку і ўзяў з сабой нямецкую ахову, якая знаходзілася з ім ва ўстанове харчавання. Нягледзячы на ўскладненні, кіраўнік аперацыі паручнік Стэфан Матушчык прыняў рашэнне яе правесці.

Нямецкі рэгуліроўшчык на вуліцы Кракава, 1939 год Нямецкі рэгуліроўшчык на вуліцы Кракава, 1939 год

Раптоўна паміж паліцыяй і групай падтрымкі пачалася перастрэлка, і ў той момант хлопцы з баявой групы ўварвалася ў рэстаран. Іх калегі, якія ўжо сядзелі ў рэстаране, дасталі зброю і ўсім загадалі падняць рукі ўверх. Юзэф Шташаўэр і яго кампанія адкрылі агонь. У адзін момант уся зала запоўнілася дымам у выніку шматлікіх стрэлаў з пісталетаў. Двое байцоў Арміі Краёвай, у тым ліку адна жанчына, атрымалі раненні. Ніхто не загінуў.

Ад куль падпольшчыкаў загінулі Шташаўэр, яго жонка і швагер, агент Канажэўскі, некалькі чалавек з ліку фольксдойчаў і немцаў, тры выпадковыя ахвяры і, як згадвалася, актрыса Маляновіч-Нядзельска.

Акцыю правялі байцы з Аддзелу бяспекі і контрразведкі, які быў баявым падраздзяленнем контрразведкі Арміі Краёвай.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу