У Варшаве адбылася прэзентацыя новага адукацыйнага праекту беларусаў пад назваю KULTMAPKA (kultmapka.me). Гэта ініцыятыва прадстаўніцы пераходнага кабінету Святланы Ціханоўскай па пытаннях нацыянальнага адраджэння Аліны Коўшчык і журналіста, даследчыка беларускай гісторыі Ігара Станкевіча, якія пражываюць цяпер у Варшаве.
Праект дазваляе пазнаёміцца ў віртуальнай прасторы з рознымі гістарычнымі аб'ектамі, звязанымі ў той ці іншай ступені з гісторыяй Беларусі, паказаць каштоўнасць беларускай культуры і гісторыі, унёсак беларусаў у сусветную гісторыю, часам нечаканы. Напрыклад, сярод варшаўскіх абʼектаў ёсць помнік Напалеону, аўтарам якога быў ураджэнец беларускай зямлі Міхал Каменскі.
Аліна Коўшык: Праект Kultmapka з’яўляецца сястрой нашага існуючага праекту Bymapka, які паказваў і аб’ядноўваў беларускі бізнес у свеце. Мы яго зрабілі той самай камандай. У нас з’явілася думка паказаць, што мы, беларусы, жылі ў розных краінах даўно. Былі раней мапкі беларусаў Вільні ці беларусаў Прагі, але мы вырашылі ўсё сабраць у адзін сайт і, акрамя культурніцкіх месцаў, дадаць таксама месцы памяці.
Ігар Станкевіч: Мы – не першая хваля эміграцыі, і раней, нават у 19-ым стагоддзі, шмат беларусаў з’язджала за мяжу і штосьці там стварала. Вельмі шмат такіх беларускіх асяродкаў: апроч Вільні і Варшавы, гэта Прага, ЗША і Лондан. На мяне вялікае ўражанне аказала тое, што ўраджэнцы нашай зямлі зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё розных краінаў, гэта змушае ганарыцца.
Аліна Коўшык і Ігар Станкевіч.
Слухайце ўсю гутарку ў далучаным гукавым файле аўдыё.
нг