Выданне Niezalezna.pl піша пра нямецкае смецце, якое вывозяць у Польшчу. 35 тысяч тон нелегальна завезеных адходаў з Германіі знаходзяцца на сямі палігонах. Як паведамлялася некалькі месяцаў таму, польскі бок мае ў сваім распараджэнні доказы адказнасці нямецкіх фірмаў за нелегальны вываз смецця ў Польшчу.
У канцы ліпеня Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя паведаміла, што Польшча падала ў Еўрапейскую камісію скаргу на Германію за нелегальна ўвезеныя з гэтай краіны адходы. Паводле міністэрства, Польшча неаднаразова звярталася да заходняга суседа на дзяржаўным і федэральным узроўні, заклікаючы вывезці смецце.
Паводле звестак міністэрства, прадстаўленых у сярэдзіне траўня, у Глівіцах знаходзіцца 1300 тон смецця з Германіі, у Бабіне – 450 тон, у Сарбіі – 8700 тон, у Сабалёве – 3360 тон, у Старым Яворы – 1156 тон і 20 тысяч тон у Тупліцах.
Надоечы міністр клімату і навакольнага асяроддзя Ганна Москва (Anna Moskwa) апублікавала ў сацсетцы Х пост, у якім паведаміла пра рашэнне Еўракамісіі па гэтым пытанні.
«Германія павінна вывезці нелегальныя адходы з Польшчы! Еўрапейская камісія прызнае, што Польшча мае рацыю ў спрэчцы з Германіяй. Мы патрабуем, каб улады Берліна ў бліжэйшыя дні забралі адходы. Калі яны не зробяць гэтага неадкладна, наступны крок – заява ў Еўрапейскі суд» – напісала міністарка.
Москва таксама далучыла скан дакументу, атрыманага ад Еўракамісіі. Чытаем у ім:
«Еўрапейская камісія, даўшы кожнай з зацікаўленых дзяржаў магчымасць прадставіць пісьмовыя і вусныя заўвагі, выносіць матываванае заключэнне ў адпаведнасці з трэцім пунктам артыкула 259 Дамовы аб функцыянаванні Еўрапейскага Саюза: Федэратыўная Рэспубліка Германія не выканала сваё абавязацельства ў адпаведнасці з Артыкулам 24(1).2, першым і другім абзацамі (у сувязі з Артыкулам 2(35)(e) і (g)(iii) Рэгламенту (EC) № 1013/2006 (Палажэнне аб перавозцы адходаў), якое заключалася ў тым, каб забраць з месца № 1 (Тупліцы) незаконна прывезеныя адходы на працягу 30 дзён».
нг