Беларуская Служба

У НАТА і ЕС ёсць праблема: Кітай уяўляе пагрозу бяспецы

08.11.2023 15:16
Прысутнасць кітайскага капіталу ў партах краін Еўрасаюза стварае рызыку кібератак, шпіянажу і крадзяжу канфідэнцыйных дадзеных.
Сі Цзіньпін PAP/EPA/LUKAS COCH

Прысутнасць кітайскага капіталу ў партах краін Еўрасаюза стварае рызыку кібератак, шпіянажу і крадзяжу канфідэнцыйных дадзеных, а найбольш небяспечная сітуацыя ў Пірэі і Гамбургу – піша ў аўторак італьянскі штодзённік «La Stampa». Газета спасылаецца на справаздачу Еўрапарламенту, піша эканамічны партал money.pl.

Кампаніі з КНР застаюцца акцыянерамі многіх еўрапейскіх партоў, а ўлады ЕС не могуць усталёўваць абмежаванні на прамыя інвестыцыі кітайскага ўрада. У гэтым віна празмерна свабоднай рынкавай палітыкі і занадта малых інструментаў кантролю, заявілі эксперты, якія падрыхтавалі справаздачу для транспартнага камітэта Еўрапарламента.

Справаздача паказвае, што самая вялікая праблема звязана з уплывам Кітая на стратэгіі асобных партоў, у тым ліку на выбар стратэгічных партнёраў, такіх як кантэйнерныя лініі. Кіберрызыка таксама называецца праблемай, «калі кітайскія кампаніі маюць доступ да сістэм сувязі і лакальных сетак». Як падкрэсліваецца, гэта, безумоўна, уяўляе сабой «рызыку на мясцовым узроўні», але ў той жа час «гэта можа прадстаўляць і больш шырокую небяспеку для Еўропы, асабліва ў дачыненні да ўзброеных сіл краін-членаў ЕС і НАТА».

Аўтары справаздачы падлічылі, што ў 2004-2021 гадах кітайскія кампаніі выдаткавалі больш за 9,1 мільярда еўра на паглынанне еўрапейскіх марскіх партоў.

Кітай праз свае кампаніі прысутнічае ў дзесяці краінах ЕС (Польшча, Бельгія, Францыя, Германія, Грэцыя, Італія, Мальта, Нідэрланды, Іспанія і Швецыя). Справаздача звяртае ўвагу на асаблівае становішча порта ў Гамбургу, дзе кітайская фірма «Сosco» мае 24,99% пакета акцый кампаніі, якая кіруе гэтым аб'ектам.

Дзякуючы прысутнасці і дзейнасці «Cosco» ў Гамбургу кітайскія ўлады атрымліваюць «шырокі доступ да ключавых сістэм і даных, уключаючы ваенныя сакрэты Германіі і НАТА». З улікам таго, што караблі з краін альянсу «рэгулярна наведваюць» гамбургскі порт, Пекін атрымлівае «дадатковую прычыну» выкарыстоўваць прысутнасць кампаніі для «збору канфідэнцыйнай інфармацыі і разведданых», падкрэсліваецца ў даследаванні.

У Афінах, як і ў Гамбургу, «пагроза найбольш верагодная», заключаюць аўтары дакладу.

ав/money.pl