Фонд «Краіна для жыцця» з партнёрамі абвясцілі «Калядную пошту» для дзяцей палітвязняў. Дзецям прапануецца ў лісце напісаць, які падарунак яны хацелі б знайсці пад навагодняй ялінкай.
У гэтым годзе шэсць партнёрскіх арганізацый сабраліся разам, каб аб'яднаць семʼі палітвязняў з беларусамі ўсяго свету і падарыць цёплую атмасферу дзецям палітзняволеных.
Кіраўніца фонду «Краіна для жыцця» Вольга Зазулінская расказвае, што акцыя праходзіла і ў мінулыя гады:
-Гэта ўжо стала добрай традыцыяй, хаця, канешне, лепш, каб яе не было, то бок не было палітвязняў. Мы не выбіраем падарункі самыя, мы выконваем жаданні. Гэта заўсёды вельмі кранальна, паколькі да нас прыходзяць вельмі розныя лісты. Ёсць лісты, якія дзеці пішуць самыя, без дапамогі бацькоў. Гэта заўсёды кранае. Гэта акцыя, якая можа прывесці не толькі да разавай дапамогі, але і да сталага сяброўства. Яна дапамагае людзям, якія знаходзяцца за межамі Беларусі адчуць праблему, зразумець, на колькі цяжка там жывецца семʼям, якія ў іх патрэбы, колькі мы яшчэ павінны зрабіць, каб хаця б разгрузіць іх ад гэтых матэрыяльных грузаў.
Ліст могуць напісаць: дзеці палітвязняў ад 0 да 16 гадоў; дзеці (ад 0 да 16 гадоў) палітвязняў, якія вызваліліся; дзеці з асаблівасцямі да 19 гадоў уключна.
Зрабіць падарунак можа: любы неабыякавы чалавек; дыяспары беларусаў ва ўсім свеце; любая арганізацыя ці ініцыятыва.
Вольга Зазулінская кажа, што людзі, якія хочуць зрабіць такі падарунак, заўсёды знаходзяцца:
-Мы з партнёрамі робім тры акцыі, скіраваныя для дзяцей – на Новы год, на Міжнародны дзень абароны дзіцяці і пачатак навучальнага году. Людзі вельмі ахвотна на гэта рэагуюць, паколькі справа тычыцца дзяцей, а гэта ўразлівая група. Гэта не быў выбар дзяцей, яны не хацелі апынуцца ў гэтай сітуацыі.
На старонцы фонду створаны дзве формы для падачы заявак: для дзяцей і будучых чараўнікоў.
Арганізатары акцыі: дабрачынны фонд «Краіна для жыцця», праваабарончая ініцыятыва «Dissidentby», дабрачынная арганізацыя «Littowin LIONS CLUB», Народныя Пасольствы Беларусі, Association of Belarusians in America (ABA).
ав
слухайце аўдыё