Адна з удзельніц акцыі – Кацярына, пагадзілася падрабязней распавесці аб дзейнасці сваёй арганізацыі.
-Мы заўсёды, калі гаворым пра нашу арганізацыю, называем яе «Рух», але поўная назва – «Рух беларускіх нацыяналістаў». Адразу хачу заўважыць, што на былых постсавецкіх прасторах слова «нацыяналіст» успрымаецца, як нешта скрайняе. Сваімі мерапрыемствамі мы імкнемся паказаць, што мы патрыятычная арганізацыя і падкрэсліваем сваю любоў да роднай мовы, культуры, мы хочам вывучаць нашу гісторыю. У нас няма нейкіх ультраправых поглядаў, мы за тое, каб вярнуцца на радзіму, каб у нашай краіне існавалі справядлівыя дэмакратычныя выбары і г.д. І, канешне, у першую чаргу, мы павінны ў сваёй краіне вярнуцца да роднай мовы.
-У вас гэта студэнцкая арганізацыя, ці туды можа прыйсці кожны жадаючы?
-Кожны жадаючы можа стаць сябрам нашай арганізацыі. Сярод нас людзі рознага ўзросту і не толькі студэнты. Я, да прыкладу, далучылася, калі яшчэ была студэнткай. Але да нас далучаюцца, як дзяўчаты, так і хлопцы розных прафесій – дызайнеры, інжынеры, навукоўцы… Нас усіх аб’ядноўвае тое, што мы хочам вывучаць нашу мову і нашу гісторыю.
-Наколькі я разумею мэта дзейнасці вашай арганізацыі перадусім асветніцкая?
-Так, бо займаемся вывучэннем гісторыі, культуры, мовы. Ладзім такія мерапрыемствы для людзей. Сёння, як прыклад, зладзілі мерапрыемства прысвечанае Слуцкаму збройнаму чыну. Мы нагадваем беларусам, што маем такое свята, што ў нас былі такія людзі і пра тое, што гэта барацьба не скончылася, яна працягваецца. Так было і 100 гадоў і 200 і 300 і дагэтуль барацьба за незалежнасць працягваецца.
- А можаце распавесці пра іншыя вашы мерапрыемствы?
-Гэта першае наша мерапрыемства для вялікай беларускай аўдыторыі. Да гэтага мы праводзілі акцыі. Да прыкладу, на Дзяды. У Вялікапольскім ваяводстве не шмат пахаванняў беларусаў, але мы ў той дзень усклалі кветкі і запалілі знічы каля помніка Адаму Міцкевічу. І гэта быў такі напамін, што мы памятаем. Цікава, што палякі лічаць Міцкевіча сваім, і беларусы таксама, і літоўцы. Але ў нас шмат такіх людзей якіх шануюць розныя народы. Дагэтуль мы яшчэ рабілі акцыю прысвечаную двум беларускім добраахвотнікам, якія дагэтуль знаходзяцца ў палоне. На сцяне малявалі іх мурал і ўскладвалі кветкі. Імкнемся на такія акцыі запрашаць людзей, каб прыцягваць іх увагу да розных падзей і нагадваць ім пра нешта важнае.
-У вас масавая арганізацыя?
-Так. У нас шмат філіяў у розных польскіх гарадах: у Беластоку, Варшаве, у Шчэціне і іншых. І, дарэчы, пасля публічных мерапрыемстваў, да нас звычайна далучаюцца новыя сябры. Што датычыць сацсетак, то там пераважна толькі цікавяцца, а вось, калі пабудуць на нашых мерапрыемствах, то іншыя вынікі.
-На ваш погляд, што прыцягвае людзей у вашу арганізацыю, чаму яны да яе далучаюцца?
-Добрае пытанне. Ведаеце, калі я прыйшла з першага дня, то пабачыла такое правіла – спрабуй размаўляць па-беларуску нават калі ты не ўмееш. У іншых арганізацыях да гэтага ставяцца больш лаяльна, маўляў, магчыма мова і культура не настолькі важныя, мы ўсе людзі, галоўнае, каб Лукашэнка адышоў ад улады і г.д. У нас больш нацыянальна-арыентаваныя людзі. Мне падабаецца, што ў нас няма нейкіх там скрайнасцяў, што ўсё будуецца на нашым патрыятызме, каб вярнуць нашу культуру і мову.
-Вы ўжо паўдзельнічалі ў розных імпрэзах, акцыях. Якія высновы самі робіце – ці вартая гэта справа?
-Я асабіста, ды як і многія, хто далучыўся да арганізацыі, добра разумеем, што зараз не ў сілах змяніць тое, што адбываецца ў Беларусі. Але мы можам змяніць тое, што пачнём рабіць змены з саміх сябе. Мы адукоўваемся, набываем нацыянальную самасвядомасць. Мы цяпер бяром усё лепшае, што ёсць у Польшчы: глядзім, як яны будуюць гарады, як уладкоўваюць у іх жыццё, як эканамічна развіваюцца… І наша задача ўзяць гэта лепшае і прынесці ў Беларусь, калі з’явіцца магчымасць туды вярнуцца.
-Вы сумуеце па Беларусі?
-Вельмі сумую. У мяне так атрымалася, як у Міцкевіча. Я палюбіла маю радзіму, калі яе пакінула і не магу туды вярнуцца. У мяне сітуацыя на 100%, як у творы «Пан Тадэвуш» атрымалася. Сумую, вельмі сумую. Я нарадзілася ў невялікім горадзе, але з багатай гісторыяй і вельмі сумую па сваіх блізкіх.
-Але гэта сітуацыя некалі выправіцца. Вы не захочаце застацца тады ў Польшчы?
-Я адразу вярнуся. Я вельмі люблю Польшчу за тое, што яна зрабіла для мяне і такіх самых беларусаў, якія не могуць вярнуцца на радзіму, але гэта ўсё ж не мая краіна. Я хачу да сябе, на радзіму.
Гутарыў Павел ЗАЛЕСКІ
слухайце аўдыё