Беларуская Служба

Павел Сапелка: У апошнія гады ўлады актыўна пашыраюць паняцце «экстрэмізму»

04.12.2023 11:30
Беларускія ўлады прыраўноўваюць да «экстрэмізму» любую форму іншадумства.
Праваабаронца «Вясны» Павел Сапелкаspring96.org

Пасля масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе беларускія ўлады зрабілі больш жорсткімі нормы па артыкулах аб «экстрэмізме», заявіў у размове з аненцтвам PAP юрыст дэлегалізаванага Аляксандрам Лукашэнкам Праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка.

Праваабаронца нагадаў, што ў 2021 годзе быў прыняты ўвесь пакет змен, датычных артыкулаў па супрацьдзеянні экстрэмізму. У выніку згаданае паняцце настолькі размытае і шырокае, што практычна можа ахопліваць любы пункт гледжання, адрозны ад афіцыйнага, і любыя формы пратэсту.

Беларускія ўлады прыраўноўваюць да «экстрэмізму» любую форму іншадумства і любое меркаванне, альтэрнатыўнае афіцыйнаму, называючы «экстрэмістамі» ўдзельнікаў дэмакратычных рухаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

У сваю чаргу «падтрымкай экстрэмізму» можа быць прызнаная, напрыклад, перадача інфармацыі аб затрыманні актывістаў або ахвяраванне грошай адной з забароненых арганізацый.

У краіне была праведзеная «масавая чыстка» сярод аб'яднанняў і палітычных партый. «З 15 партыяў, якія існавалі на пачатак гэтага года, толькі тры (праўладныя) прайшлі гэтак званую перарэгістрацыю. Акрамя таго, была створана яшчэ адна партыя, якая таксама падтрымлівае ўладу», – кажа Павел Сапелка.

«Калі называць колькасць людзей, якія з 2020 года былі асуджаныя па крымінальных справах да пазбаўлення волі або абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, то гаворка ідзе пра больш за 4,5 тысячы чалавек», – сказаў Сапелка.

Дакладнае вызначэнне агульнай колькасці асоб, якія сталі ахвярамі палітычных рэпрэсій улады, практычна немагчыма.

Паводле звестак праваабарончых арганізацый, цяпер у Беларусі палітвязнямі прызнаныя 1 447 чалавек.

PAP/аз