Беларуская Служба

Польскае радыё стартавала з перадкаляднай дабрачыннай акцыяй (ФОТА)

04.12.2023 17:14
Ганаровым патронам акцыі з’яўляецца першая лэдзі Агата Корнхаўзер-Дуда.
Аўдыё
  • Польскае радыё стартавала з перадкаляднай дабрачыннай акцыяй
 -
Агата Корнхаўзер-Дуда з дзецьмі падчас інаўгурацыі акцыі ў будынку Польскага радыё PAP/Rafał Guz

Перадкалядны час у Польшчы – гэта перыяд разнастайных дабрачынных акцый, якія праходзяць у цэлай краіне. Згодна з традыцыяй і хрысціянскімі каштоўнасцямі, перад Ражджаством і падчас свята ніхто не павінен быць у патрэбе, таму палякі стараюцца дапамагчы кожнаму, каму дапамога патрэбная. Польскае радыё шмат гадоў арганізуе дабрачынную акцыю, якая вядомая ва ўсёй краіне.

Дабрачынная акцыя называецца Choinki Jedynki, што ў даслоўным перакладзе азначае «Ялінкі «Адзінкі». Чаму такая назва? Справа ў тым, што арганізатарам мерапрыемства з’яўляецца Першы канал Польскага радыё, які коратка называюць «Адзінкай». Ганаровым патронам акцыі з’яўляецца першая лэдзі Агата Корнхаўзер-Дуда, якая на дабрачынны аўкцыён перадала два ўпрыгожанні на ёлку, зробленыя ёю ўласнаручна.

Агата Корнхаўзер-Дуда з уласнаручна вырабленым упрыгожаннем на ёлку  	PAP/Rafał Guz Агата Корнхаўзер-Дуда з уласнаручна вырабленым упрыгожаннем на ёлку PAP/Rafał Guz

Сутнасць мерапрыемства заключаецца ў тым, што вядомыя людзі перадаюць рэчы, якія пазней прадаюцца на дабрачынным аўкцыёне ў эфіры «Адзінкі». Але большая частка фінансавых сродкаў паступае ад продажу карцін і малюнкаў, напісаных і нарысаваных вядомымі палякамі, а таксама дзецьмі. Дарэчы, іх называюць «сябрамі «Адзінкі».

Куба Шмайкоўскі   PAP/Rafał Guz Куба Шмайкоўскі PAP/Rafał Guz

Аўкцыён будзе адбывацца ў эфіры Польскага радыё штодзень да 8 снежня. Фінансавыя сродкі, выручаныя ў выніку аўкцыёну, будуць перададзеныя фонду вядомай польскай актрысы Анны Дымнай, які дапамагае людзям з абмежаванымі магчымасцямі, і фонду, які дапамагае людзям з аўтызмам. Вынікі дабрачыннага мерапрыемства «Ялінкі «Адзінкі» будуць падведзеныя 28 снежня, а завяршэннем акцыі стане канцэрт польскага вакаліста маладога пакалення Кубы Шмайкоўскага. У мінулым годзе ў выніку мерапрыемства ўдалося сабраць амаль 122 тыс. злотых (больш за 28 тыс. еўра).

Старшыня праўлення Польскага радыё Агнешка Каміньска  PAP/Rafał Guz Старшыня праўлення Польскага радыё Агнешка Каміньска PAP/Rafał Guz

У будынку Польскага радыё прайшла інаўгурацыя сёлетняй акцыі, удзел у якой прыняла жонка прэзідэнта Польшчы Агата Конхаўзер-Дуда. Падчас інаўгурацыі «сябры «Адзінкі» малявалі карціны, якія трапяць на аўкцыён у эфіры Першага каналу Польскага радыё. Першая лэдзі сказала, што дапамога людзям у патрэбе ў перадкалядны час мае вялікае значэнне.

- У перадкалядны час мы ў большай ступені цікавімся людзьмі, і першы за ўсё тымі, якім жывецца горш па розных прычынах. І мы тут сабраліся для таго, каб ім дапамагчы, бо сабраныя сродкі паступяць у два фонды, якія дапамагаюць людзям у патрэбе.

Агата Корнхаўзер-Дуда заклікала слухачоў Першага каналу Польскага радыё да актыўнага ўдзелу ў дабрачынных аўкцыёнах, якія пройдуць у эфіры радыёстанцыі.

- Дарагія слухачы Першага каналу Польскага радыё! Я ведаю, што ў вас – вялікія сэрцы, бо гэта вы паказалі падчас папярэдніх штогадовых акцый «Ялінкі «Адзінкі». Таксама і сёлета я вас запрашаю на аўкцыёны і заклікаю не шкадаваць грошай для набыцця мастацкіх прац. І ўсім вам жадаю спакойных і сямейных святаў Ражджаства ды ўсяго найлепшага ў новым годзе!

Старшыня праўлення Польскага радыё Агнешка Каміньска сказала, што фінансавыя сродкі, сабраныя ў рамках акцыі «Ялінкі «Адзінкі», патрэбныя фондам для іх дабрачыннай дзейнасці.

- Гэтыя грошы патрэбныя перш за ўсё людзям, якім два фонды дапамагаюць. Я ўпэўненая, што як кожны год нашы слухачы адкрыюць сваё сэрца і не будуць шкадаваць сродкаў для дапамогі людзям. Узамен яны атрымаюць прыгожыя мастацкія працы, зробленыя «сябрамі «Адзінкі».

Акрамя карцін і рысункаў «сяброў «Адзінкі», у эфіры Першага каналу можна будзе набыць рэчы, прадастаўленыя вядомымі палякамі. Так, польскі тэнісіст Губерт Гуркач даў сваю майку з аўтографам. Вядомая тэлевядучая Марта Маноўска перадала сваю кнігу з аўтографам. А хто набудзе гэты лот, атрымае запрашэнне на каву з тэлезоркай. У сваю чаргу Польская пошта выставіла на аўкцыён набор паштовых марак, што з’яўляецца добрай нагодай для філатэлістаў набыць рэдкія маркі. А вось Першы канал Польскага радыё выставіў цікавы лот: набыўшы яго, можна будзе павесці перадачу ў прамым эфіры разам з дырэктарам Першага каналу Марцінам Кусы.

Першая лэдзі з дзецьмі   PAP/Rafał Guz Першая лэдзі з дзецьмі PAP/Rafał Guz

Дабрачынная акцыя «Ялінкі «Адзінкі» адбываецца 22-гі па ліку раз.

вс

слухайце аўдыёфайл