Беларуская Служба

Палітычная ўцякачка, якую ў Беларусі пераследавалі за вядомае прозвішча, знайшла ў Польшчы сэнс жыцця

06.12.2023 17:31
Дзяўчына нарадзілася ў сям’і сілавікоў, якія пайшлі супраць рэжыму Лукашэнкі. 
Аўдыё
  • Маша Макар дапамагае ў Польшчы палітычным бежанцам.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneShutterstock.com/Chatchai.wa

Марыя Макар прыехала ў Польшчу з Гродна. З ранніх гадоў свайго жыцця дзяўчына была актывісткай. Як сотні тысяч іншых жыхароў Беларусі, яна брала ўдзел у паслявыбарчых пратэстах у 2020 годзе. Трэба сказаць, што Марыі было значна складаней, чым іншым беларусам з увагі на яе паходжанне. Справа ў тым, што дзяўчына нарадзілася ў сям’і сілавікоў, якія пайшлі супраць рэжыму Лукашэнкі. З-за гэтага яна была пад пастаянным наглядам службаў. Жыццё дзяўчыны ўскладняла яшчэ і тое, што яна – адзінокая маці, маленькая дачка стала ў руках сілавікоў інструментам націску на маці.

Першы сваяк Машы выехаў з Беларусі яшчэ ў 2006 годзе, а пазней пераехалі за мяжу яшчэ трое блізкіх ёй людзей, у тым ліку маці. Усе яны да гэтага працавалі ў міліцыі. Адзін з іх – былы баец падраздзялення «Алмаз» Ігар Макар. З-за свайго прозвішча дзяўчына сутыкнулася з рэпрэсіямі, яшчэ будучы школьніцай.

- Пакуль яны працавалі ў сістэме, яны спрабавалі з ёй змагацца. Але мы ведаем, што гэта складана ў адзіночку. Ім прыйшлося з’ехаць, я заставалася яшчэ ў Беларусі, займалася афармленнем дакументаў. Яшчэ са школы я сутыкнулася з рэпрэсіямі, мяне выпытвалі пра маму, пра маю сям’ю, пагражалі дрэннымі адзнакамі. Я з адносна невялікага горада Гродна, усюды, куды я хадзіла, звярталі ўвагу на маё прозвішча, паколькі шмат людзей з маёй сям’і працавалі ў органах. Калі ў мяне нарадзілася дачка, мне казалі, што ў мяне забяруць дзіця, што ў мяне няма адукацыі, кватэры, ніхто мне не дапаможа.

Калі пачаліся пратэсты ў 2020 годзе, Марыя ўдзельнічала ў іх з самага пачатку, хаця разумела, што ў выпадку затрымання яе асудзяць першай, а маленькая дачка застанецца без мамы. І хутка зразумела, што ёй, відаць таксама трэба рыхтавацца да ад’езду. Кульмінацыя небяспекі была пасля інтэрв’ю з Ігарам Макарам, якое выйшла ў лістападзе. На наступны дзень Машу папярэдзілі, што яна павінна тэрмінова з’ехаць. Паколькі ў Машы не было дакументаў, візы, у Польшчы яе затрымалі на 9 гадзін, пасля якіх яна атрымала міжнародную абарону.

- Чалавек, які калісьці працаваў з маёй мамай, даў мне зразумець, што або я еду цяпер, або ўжо нікуды не паеду. І я збегла з дачкой з адным заплечнікам, не было часу на візу. На польскім баку я была затрыманая на 9 гадзін, падчас якіх я тлумачыла, што мяне нельга вяртаць, хоць у мяне няма візы. Цяпер ужо добра адпрацаваная працэдура міжнароднай абароны, але тады ўсё выглядала вельмі страшна.

Маша спрабавала выехаць да сваіх сваякоў у іншую краіну, але была дэпартаваная праз тры месяцы ў Польшчу. Справа ў тым, што, паводле Дублінскага пагаднення, бежанец павінен пражываць у той дзяржаве, якая яго першая прыняла і дзе ён падаў дакументы на палітычны прытулак. У Польшчы дзяўчына атрымала міжнародную ахову, часовы від на жыхарства, а праз 7 гадоў пасля прыезду яна можа хадайнічаць за польскае грамадзянства. Маша плануе гэта рабіць. У Польшчы яна знайшла сэнс – дапамагаць іншым.

- Спачатку я думала, што буду ехаць кудысьці далей. Але дзякуючы Фундацыі Humanosh, Мірным дамам, дзе я працую ўжо два гады, дзякуючы маёй гісторыі, я магу дапамагаць іншым людзям.

Маша Макар – кіраўнічка праекта «Мірны дом» у Варшаве. Мірныя дамы – гэта сетка прытулкаў для бежанцаў, якую стварыла Фундацыя Humanosh. Праект значна разросся за апошнія некалькі гадоў. Калі ў 2021 годзе гэта быў толькі адзін дом, дзе жылі палітычныя ўцекачы з Беларусі, то цяпер гэта ўжо чатыры дамы ў Варшаве і 21 кватэра ў Лодзі. У іх пражываюць як беларусы, так і ўкраінцы, а таксама бежанцы з Афганістана.

нг

У Варшаве прэзентавалі новы праект, створаны з думкай пра бежанцаў

26.11.2023 10:34
Зараз у чатырох Мірных дамах пражывае больш за 100 чалавек.