На ўсходніх межах Еўрасаюза не сціхае вайна. Расійская агрэсія на Украіна ўдары і па Еўропе. Эканамічны рост краін ЕС запаволіўся, грамадзяне пакутуюць ад растучых цэн ды высокай інфляцыі. У гэтых умовах, Еўрапарламент запытаў грамадзян краін ЕС, што яны думаюць аб сяброўстве ў Супольнасці. Большасць еўрапейцаў лічаць, што іх краіна выйграла ад сяброўства ў ЕС.
За шэсць месяцаў перад выбарамі ў Еўрапарламент апублікаваныя вынікі апытання Eurobarometer 2023 пра стаўленне грамадзян 27 краін ЕС да Еўрасаюза. З даследавання вынікае, што еўрапейцы па-ранейшаму пазітыўна ацэньваюць сяброўства ў ЕС і захоўваюць аптымізм адносна будучыні Супольнасці. 87% апытаных заявілі, што адчуваюць сябе грамадзянамі ЕС. Стабільная большасць еўрапейцаў (72%) лічыць, што іх краіна выйграла ад сяброўства ў Еўрасаюзе.
Пры гэтым даследаванне паказвае рост зацікаўленасці грамадзян выбарамі ў Еўрапарламент, што запланаваныя на чэрвень 2024 года. Цікавасць да наступных еўрапейскіх выбараў дэкларуе 56% грамадзян, што на 6 працэнтных пунктаў вышэй, чым за год да папярэдніх еўрапейскіх выбараў. Больш за тое: дзве траціны грамадзян (67%) заяўляюць, што яны хутчэй за ўсё будуць галасаваць, тады як у 2018 годзе такіх было 58%.
Апытанне паказала таксама прыхільнасць грамадзян да дэмакратычных каштоўнасцяў і іх агульную задаволенасць дэмакратыяй у ЕС на фоне працяглых эканамічных цяжкасцей, звярнула ўвагу старшыня Еўрапарламента Рабэрта Мэцола.
- Выбары – гэта момант, калі грамадзяне вырашаюць, у якім напрамку Еўрасаюз пойдзе ў бліжэйшыя гады. Еўрапейскія грамадзяне просяць нас заняцца вырашэннем сацыяльных пытанняў, але таксама бараніць еўрапейскія каштоўнасці, як дэмакратыя, правы чалавека, свабода выказванняў і думак. Еўрапарламент адказвае на гэтыя чаканні. ЕС займае лідзіруючы пазіцыю ў свеце тэхналогій, медыцыны, мы змаглі вызваліцца ад залежнасці ад расійскай энергіі, прыняць заканадаўства пра мінімальныя заробкі ды пра справядлівую аплату за аднолькавую працу.
Пры гэтым, калі ў ЕС узровень задаволенасці ад сяброўства складае 72%, у краінах Цэнтральнай Еўропы гэты паказнік значна вышэйшы. Так 75 працэнтаў палякаў лічаць важным сяброўства Польшчы ў Еўрасаюзе, 82% перакананыя, што Польшча выйграе ад сваёй прысутнасці ў Супольнасці. У Літве гэтыя лічбы яшчэ большыя - 79% і 94% адпаведна. Пра настроі ў Польшчы да ЕС распавядае карэспандэнт Польскага радыё Бэата Пламецка.
- У Польшчы грамадзяне дэкларуюць высокую зацікаўленасць еўрапейскімі выбарамі, пра гэта кажуць 65% апытаных. Гэта на 16 працэнтных пунктаў больш чым год таму. 76% апытаных адказала, што ўзялі б удзел у выбарах, калі б яны адбываліся за тыдзень. Гэта значна вышэй за сярэдне еўрапейскі паказнік. Зацікаўленасць выбарамі ды жаданне ўдзелу павялічылася ў Польшчы ў параўнанні з сітуацыяй пяць год таму. Палякі цэняць сяброўства ў ЕС, асабліва ў цяперашнім кантэксце, складанай палітычнай эканамічнай ды вайсковай сітуацыі. 45% еўрапейцаў пазітыўна ацэньваюць імідж ЕС, 16% - негатыўна. Сярод палякаў 53% ацэньваюць пазітыўна, а негатыўна – толькі 10%.
Сярод тых, хто негатыўна глядзіць на ўдзелу Польшчы ў ЕС ёсць шэраг палітычных сіл, як рух «Канфедэрацыя», партыі «Кангрэс новых правых сіл» ды «Саюз рэальнай палітыкі». Галоўны іх аргумент супраць ЕС не раз агучваў Януш Корвін-Міке з «Канфедэрацыі» – абмежаванне суверэнітэту.
- У Еўрасаюзе бюракратыя за апошнія 30 год паціху рабіла ўсё, каб гандлёвую супольнасць ператварыць у палітычную, замест Саюза вугалю ды сталі, цяпер Еўрапейскі Саюз, дзе ўсе мы пазбаўленыя суверэнітэту.
Даследчык з часопіса «Ліберальная культура» Яраслаў Куіш перакананы, што спрэчка паміж еўраэнтузіястамі ды еўрапесімістамі ў Польшчы тупіковая. ЕС не ёсць пагрозай для польскай дзяржавы, але адсутнасць кампрамісу што да далейшага развіцця краіны.
- У польскай культуры адбылася біфуркацыя польскасці, інакш кажучы разгалінаванне дарог пасля ўступлення ў ЕС. Адзін шлях – гэта працяг Трэцяй Рэспублікі, а другі – гэта арыентацыя на Другую рэспубліку, то бок мадэль абсалютызацыі нацыянальнага суверэнітэту. Абодва шляхі вычарпалі свае ідэалагічныя рэсурсы, бо за апошнія гады мы дасягнулі вельмі шмат, маем дабрабыт, бяспеку. Пры гэтым не ведаем, куды далей. Цяпер мы павінны засяродзіцца на тым, каб падумаць над далейшым кампрамісным шляхам развіцця для краіны.
Большасць грамадзян у Польшчы бачаць далейшых шлях для сваёй дзяржавы ў Еўрасаюзе. Гэта вынікае з даследвання грамадскай думкі Eurobarometer, апублікаваных перад выбарамі ў Еўрапарламент. Грамадзяне краін ЕС будуць выбіраць парламент з 6 па 9 чэрвеня 2024 года. У Польшчы галасаванне пройдзе ў нядзелю 9 чэрвеня.
Юры Ліхтаровіч