Беларуская Служба

Otyliada – найбуйнейшы плавальны марафон не толькі ў Польшчы, але і ў Еўропе

13.12.2023 08:44
Штогод у абраную ноч марафон праходзіць у дзясятках басейнаў ва ўсіх рэгіёнах Польшчы.
Аўдыё
  • Наш сённяшні суразмоўца Якуб Ногець, які праплыў на працягу 12 гадзінаў 31 км 750 м і тым самы заняў трэцяе месца на марафоне Otyliada-2023 у Варшаве.
Ілюстрацыя Фота: Shutterstock/Shevchenko Andrey

Надоечы ў Варшаве адбыўся VIII агульнапольскі начны плавальны марафон Otyliada-2023. Гэта найбуйнейшае масавае аматарскае плавальнае мерапрыемства не толькі ў Польшчы, але і ў Еўропе. Штогод у абраную ноч марафон праходзіць у дзясятках басейнаў ва ўсіх рэгіёнах Польшчы.

Сёлета 1232 удзельнікі праплылі звыш 13 135 км. Як і летась, пераможцам стаў Гжэгаж Беднарчык з Кракава, які праплыў 44,25 км. Трэці раз запар найбольшую дыстанцыю сярод жанчын пераадолела Аліцыя Гедрыш у Барцыне – 37,75 км. Сёлета найстарэйшым удзельнікам Otyliady быў 82-гадові Юзэф Лескі, які праплыў 3 км у басейне ў Мышкаве, а самым маладым плыўцом стаў 3-гадовы Янэк Маліцкі, які праплыў у Дамброва-Гурнічай аж 100 метраў. Сярод удзельнікаў марафона Otyliada-2023 можна было сустрэць таксама грамадзянаў Украіны і Чэхіі. У Баляслаўцы ўдзел у заплыве прымалі двое вайскоўцаў ЗША, якія нясуць службу ў Польшчы.

Наш сённяшні суразмоўца Якуб Ногець, які праплыў на працягу 12 гадзінаў 31 км 750 м і тым самы заняў трэцяе месца на марафоне Otyliada-2023 у Варшаве. Беларуская служба Польскага радыё пацікавіўся у плыўца, як гэта на напрацягу 12 гадзін плыць да сваёй памыснай мэты:

-Я ўвесь час быў сканцэнтраваны на пастаўленай перад сабой мэце, планаваў праплысці 30 кіламетраў за гэтыя 12 гадзін і ўважліва паглядаў на гадзіннік, што фактычна дазваляла мне ўвесь час трымаць адзін і той жа тэмп. Я таксама павінен быў прыняць да ўвагі, што ёсць рэчы, якія сапраўды непрадказальныя. У нейкі момант я ўжо мог страціць сілы. Давялося некалькі разоў схадзіць у туалет, таму што я выпіў шмат вадкасці, у мяне крыху кружылася галава і я баяўся ўпасці падчас гэтых некалькіх паходаў. Шчыра кажучы, недзе ў канцы 25-га кіламетра ў адзін з такіх візітаў у прыбіральню я баяўся паслізнуцца. Самым вялікім страхам было тое, што я паслізнуся, страчу прытомнасць і не змагу фінішаваць. Гэта стала бы для мяне вялікім болем, бо пасля таго, я я ўклаў у гэта так шмат сваёй душы і сілаў, а ў самым канцы не змог скончыць марафон паспяхова. І, на шчасце, гэта матывацыя спрацавала, я даплыў.

Нават у штодзённым жыцці 12 гадзін – гэта працяглы час, арганізм павінен атрымліваць энергію, вадкасці. Што ж казаць, калі гаворка ідзе пра інтэнсіўны фізічны высілак – плаванне. Як ты падтрымліваў свой арганізм, адкуль столькі сілы?

-Я рыхтаваўся да гэтага некалькі дзён, таму што аднойчы, прыкладна некалькі гадоў таму, у мяне была магчымасць пагаварыць з дыетолагам на гэтую тэму. Я рыхтаваўся да сваёй першай Otyliady у 2019 годзе. Тады даведаўся, што насамрэч павінен пачаць есці вялікую колькасць вугляводаў тыдзень раней, каб, скажам так, назапасіць энергію, якую я буду потым даволі дынамічна выкарыстоўваць падчас плавання. Такім чынам, за некалькі дзён да гэтага я пачаў есці даволі шмат, каб фактычна папоўніць запасы тлушчу. Так усё і пачалося – у мяне ўжо была назапашаная гэтая энергія. Акрамя таго, я пад'ядаў патрошку падчас плавання кожныя паўгадзіны або кожныя 20 хвілін, у залежнасці ад маёй тактычнай мэты, таму што мне трэба было рабіць меншыя крокі, каб дасягнуць самага канца. Улічваючы, што перада мной на самай справе было 1200 адлегласцяў басейна, мне задавалася, што гэта можа быць стаць для мяне недасяжным. Падчас плавання спажываў энергетычныя гелі, у тым ліку звычайныя, але таксама з кафеінам, бананы, дадатковую вадкасць у выглядзе ізатанічных напояў і вугляводаў. Я спрабаваў усё гэта размеркаваць прапарцыйна, і гэта сілкавала мае сілы, якія я фактычна губляў, таму што, як ні паглядзі, пасля гэтых 12 гадзін, калі я правяраў свой вынік, падлічыў, што спаліў больш за 8200 калорый.

Сапраўды, лічбы ўражваюць, бо сярэднестатыстычны чалавек, які вядзе звычайны лад жыцця, губляе каля 2000-3000 тыс. калорый у дзень.

-Дзеля цікаўнасці я нават праверыў, перавёў выдаткаваную энергію ў шакаладкі, каб гэта было такім адчувальным. І ў мяне выйшла 15,5 плітак малочнага шакаладу. Калі б я не еў тое, што я еў падчас плавання, я мог бы зʼесці гэтыя 15,5 шакаладак і фактычна мой энергетычны баланс быў бы нулявым а, магчыма, нават заставаўся бы адмоўным.

Куба, ты ўжо пра гэта трошкі згадваў. Ты пабіў уласны рэкорд, праплыў больш за 30 км на працягу 12 гадзін. Але ты рабіў гэта ў рамках агульнапольскага спартовага мерапрыемства Otyliada. Распавядзі, калі ласка, падрабязней пра гэтау з’яву ў польскім масавым спорце.

-Гэта цыклічнае агульнанацыянальнае спартовае мерапрыемства, якое прайшло ўжо ў восьмы раз. Такім чынам, на працягу многіх гадоў па ўсёй Польшчы праходзіць імпрэза да якой далучаецца вялікая колькасць спартыўных абʼектаў (у гэтым годзе іх было 35). У канкрэтны час пачынаецца начны марафон, з 18.00 да 6.00 на працягу 12 гадзін плыўцы змагаюцца фактычна са сваімі слабасцямі, з тым, з чым прыйшлі на гэты марафон, чаго хацелі дасягнуць. На мой погляд, насамрэч, Otyliada – гэта цудоўная ідэя папулярызацыі прыгожага віду спорту – плавання.

Каб падсумаваць нашу размову, скажы, як ты сябе адчуваў пасля 12 гадзін інтэнсіўнага плавання? Нават цяжка сабе ўявіць, што перажыў твой арганізм?

-Шчыра кажучы, мае адчуванні могуць быць крыху неадэкватныя. Я адчуваў вялікую эйфарыю, таму што за гадзіну да канца, калі я ўжо быў на 30-м кіламетры, я ведаў, што мой асабісты рэкорд ужо ў мяне ў руцэ і нішто не зможа яго адняць. Я спытаў у ратавальніка, як выглядаюць мае ўступныя вынікі, і даведаўся, што фактычна займаю адно з прызавых месцаў. Штосьці ўва мне проста цалкам вызвалілася. Эндарфіны ўзляцелі, і я паскорыўся ў апошнюю гадзіну, я плыў у тым тэмпе, з якога на самой справе пачаў, так што гэта было надзвычай вычарпальна для майго арганізму, але ў той жа час я адчуваў сябе шчаслівым. Пасля марафону я адчуваў сябе цалкам знясіленым, стомленым, але адначасова мяне апанавала вялікае і звычайнае шчасце.

Слухайце аўдыё! 

эж