Ёсць некалькі вялікіх груп сярод беларусаў паводле ідэнтычнасці. Да самай вялікай (37%) належаць людзі, у якіх захоўваецца яшчэ савецкая ідэнтычнасць, і яны, адпаведна, імкнуцца да больш блізкіх адносін з Расіяй. Другая па велічыні група – «абыякавыя» (27%), – людзі, якія не адчуваюць вялікай сувязі з беларускасцю. Цалкам свядомымі сацыёлагі назвалі 13% апытаных. Ёсць таксама асобы, у якіх працягваецца працэс фармавання тоеснасці, яны цікавяцца нацыянальнай беларускай тэматыкай. Такіх людзей каля 19%. Такім чынам, у беларускім грамадстве надалей канкуруюць два асноўныя нацыянальныя праекты, пра якіх нагадвае адзін з аўтараў даследавання Канстанцін Несцяровіч.
- Першы – расійска-савецкі і другі – нацыянальна-рамантычны. Гэтыя праекты ўплываюць на адметнасці нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. Расійска-савецкі адпавядае расійскаму нацыянальнаму праекту, гэта значыць, што сучасная Беларусь – блізкая да Расіі краіна, што яна – нашчадніца савецкага мінулага. Другая кампанента, якая звязана з нацыянальна-рамантычным праектам, прадстаўляе такія ўяўленні, як важнасць беларускай мовы, культуры і дасавецкага гістарычнага перыяду.
Здавалася б, што за некалькі гадоў масавых рэпрэсіяў, у Беларусі павінна застацца адносна няшмат людзей, якія прывязаныя да нацыянальнай ідэнтычнасці, што большасць з іх ужо з’ехала за мяжу. Аднак даследаванні паказалі, што гэты нацыянальна-рамантычны наратыў даволі шырока прадстаўлены ў беларускім грамадстве. Акрамя таго, даследчыкі заўважылі пазітыўны эфект 2020 года – гэта тое, што нацыянальна-свядомыя людзі пачалі лепш выказвацца пра іншых беларусаў, – адзначае адзін з аўтараў апытання Філіп Біканаў.
- Нацыянальна-рамантычны наратыў метадычна выдаўліваюць з краіны, а ён усё яшчэ не знікае, прыцягвае новых людзей. Акрамя таго, мы заўважылі, што быў пэўны эфект уплыву падзей 2020 года на «свядомых». Да падзей 20-га года яны давалі даволі кепскія характарыстыкі астатнім беларусам. А пасля гэтага колькасць негатыўных характарыстык упала больш чым у два разы.
Высновы даследчыкаў выкладзеныя на 76 старонках, гэта комплексны, шматузроўневы аналіз беларускай ідэнтычнасці, якога бракавала дагэтуль, – мяркуе дырэктарка Цэнтра новых ідэй Леся Руднік. Дадзеная праца сацыёлагаў дазваляе больш рэалістычна паглядзець на сітуацыю, якую мы бачым у Беларусі, на складанасць беларускага грамадства і яго адметнасць. Руднік звярнула ўвагу на вялікую радыкалізацыю прыхільнікаў улады, якая становіцца вынікам вельмі жорсткай дзяржаўнай прапаганды. І таму дыялог пакуль немагчымы.
- Быў тэзіс пра тое, што прыхільнікі ўлады найбольш востра настроеныя супраць апанентаў, а праціўнікі ўлады – менш востра. Агулам вастрыня канфлікту высокая праз негатыўнае стаўленне і неразуменне сваіх апанентаў. Даследчыкі гэта звязваюць з уплывам дзяржаўных СМІ, дзяржпрапаганды, у якіх моцна радыкалізавалася рыторыка. Выкарыстоўваецца шмат брудных метадаў. Даследчыкі адзначаюць, што дыялог магчымы паміж умеранымі групамі грамадства. Мне падаецца, што прыхільнікі і праціўнікі ўлады не дазволяць такога дыялогу на нейтральных умовах. На жаль, мае высновы яшчэ больш песімістычныя – дыялог немагчымы, пакуль не адбудзецца дээскалацыя пазіцыі прыхільнікаў дзяржавы.
Даследаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці было праведзена ў рамках праекту, рэалізаванага ў партнёрстве з Фондам імя Фрыдрыха Эберта пры інфармацыйнай падтрымцы Прэс-клуба Беларусь.
Дадзеныя для даследавання былі сабраны метадам анлайнапытання шляхам самазапаўнення анкеты (CAWI) з 2 па 5 лістапада 2023 года. Аб'ём выбаркі: 1205 рэспандэнтаў.
нг