Новая міністарка адукацыі Барбара Навацка (Левыя сілы) заявіла, што хоча абмежаваць рэлігію ў школах адным урокам, які фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту. Гэтую прапанову пракаментаваў спікер Сейма Шыман Галоўня, аб чым паведамляе Onet.pl. «Рашэнне аб колькасці ўрокаў рэлігіі ў школе павінна прымаць асобна ўзятая школа, а не міністр або біскуп», – адзначыў Галоўня.
Старшыні ніжэйшай палаты парламенту задалі таксама пытанне пра тое, як ён ставіцца да рэлігійных сімвалаў у грамадскіх месцах. Ён адказаў, што трэба «перастаць засяроджвацца на сімвалах і лозунгах». «Крыж у сеймавай залі мяне не хвалюе. Я тут месяц. Можа, гэта і няшмат, але да мяне яшчэ ніхто не прыходзіў, каб сказаць, што гэта яго турбуе» – сказаў ён.
Барбара Навацка хоча ўнесці змены ў заняткі рэлігіі ў адпаведнасці з перадвыбарчымі абяцаннямі. «Дзве гадзіны рэлігіі – гэта зашмат. Мая прапанова – абмежаваць урокі рэлігіі адной гадзінай, якая аплачваецца з дзяржаўнага бюджэту. Калі мясцовая ўлада ці бацькі вырашаць, што яны хочуць больш такіх гадзін, гэта будзе іх рашэнне, у тым ліку і фінансавае», – заявіла новая міністарка адукацыі.
На пытанне, ці паднялася б у яго рука прагаласаваць за такі праект, Галоўня адказаў, што «трэба абавязкова гэта абгаварыць. Таксама пройдуць кансультацыі на ўзроўні партыйных фракцый. «Трэба арганізаваць і рацыяналізаваць урокі рэлігіі ў школах. Калі ёсць школа, дзе бацькі і дзеці хочуць такіх урокаў, то калі ласка, але калі ёсць школа, дзе такой цікавасці няма, іх не павінна быць», – падкрэсліў спікер.
нг