Некалькі дзясяткаў студэнтаў абвясцілі аб спыненні акцыі пратэсту, якая заключалася ў акупацыйным страйку студэнцкага інтэрната «Jowita», які знаходзіцца ў цэнтры Познані – паведамляе Niezalezna.pl.
Пратэст пачаўся 8 снежня. Студэнты выступілі супраць планаў ліквідацыі інтэрната і продажу будынку. Студэнты не пражываюць у ім з пачатку бягучага навучальнага года. Апошнімі днямі кіраўніцтва ўніверсітэту заявіла, што шукае грошы на рэканструкцыю памяшкання, а таксама нагадала, што адмовілася ад планаў яго продажу.
У чацвер міністр навукі Дарыюш Вечорэк, выступаючы перад пратэстуючымі студэнтамі, паведаміў, што міністэрства выдзеліць універсітэту адпаведнае фінансаванне на рэканструкцыю будынку. Рамонт павінен заняць каля 4 гадоў і каштаваць 100 мільёнаў злотых. Згодна з першапачатковымі планамі, універсітэт імя Адама Міцкевіча хацеў прадаць будынак і выкарыстаць атрыманыя сродкі для будаўніцтва новага інтэрната на 400 месцаў.
Учора вечарам некалькі дзясяткаў студэнтаў завяршылі пратэст і заявілі, што пакідаюць інтэрнат. Удзельнікі таксама нагадалі свае патрабаванні, у тым ліку: заканадаўча даць магчымасць студэнтам ствараць прафсаюзы і пашырыць сацыяльную інфраструктуру ўніверсітэту – між іншым танных сталовых і сацыяльных пакояў.
Адзін з пратэстоўцаў Мікалай Енджэеўскі ў размове з журналістамі заявіў: «Мы сыходзім, але не спыняем барацьбу». Студэнт дадаў, што гэта вялікая перамога пратэстоўцаў. «Беспрэцэдэнтная перамога, мы ўсе можам ганарыцца. Ганарымся сабой, людзьмі, якія прыйшлі сюды, студэнтамі, якія ўнеслі свой уклад у гэтую падзею, і ўсімі, хто падтрымаў нас», – сказаў ён.
нг