Перадкалядны час у Польшчы – гэта перыяд разнастайных дабрачынных акцый, якія праходзяць у цэлай краіне. Згодна з традыцыяй і хрысціянскімі каштоўнасцямі, перад Ражджаством і падчас свята ніхто не павінен быць у патрэбе, таму палякі стараюцца дапамагчы кожнаму, каму гэтая дапамога патрэбная. Сёння мы раскажам пра адно з такіх дабрачынных мерапрыемстваў.
Агульнапольская дабрачынная акцыя называецца «Шляхетны падарунак» (Szlachetna Paczka). Упершыню мерапрыемства прайшло ў 2001 годзе, а яго арганізатарам з’яўляецца кракаўская дабрачынная арганізацыя «Вясна». Яна займаецца пашырэннем ідэі салідарнасці з малазабяспечанымі людзьмі, дапамогай ім, а таксама прапагаваннем ідэі грамадзянскай супольнасці.
Прынцып «Шляхетнага падарунку» заключаецца ў тым, што грамадзяне, якія хочуць дапамагчы, аказваюць дапамогу канкрэтнаму чалавеку альбо сям’і. У рэалізацыі праграмы дапамагаюць тысячы валанцёраў. Для прыкладу, яны выбіраюць сям’ю альбо чалавека, якія знаходзяцца ў цяжкай матэрыяльнай сітуацыі (дарэчы, кожны, хто адчувае патрэбу ў дапамозе, сам можа падаць заяўку) і інфармацыю з патрэбамі публікуюць на сайце. Гэта адбываецца ў палове лістапада. У сваю чаргу людзі альбо арганізацыі, якія хочуць дапамагчы, знаёмяцца з гісторыямі асоб, якім патрэбная падтрымка, і выбіраюць канкрэтную сям’ю альбо чалавека, якой хочуць дапамагчы. Дапамога трапляе на склад арганізацыі, а адтуль валанцёры дастаўляюць яе адрасату. Прычым рэчавая дапамога разглядаецца як калядны падарунак, каб чалавек, які яе атрымае, адчуваў сябе камфортна.
«Шляхетны падарунак» – гэта шырокамаштабная акцыя. Для прыкладу, у мінулым годзе дапамога трапіла да 15 тыс. 500 сем’яў, а яе сума склала 60 млн злотых (больш за 13 млн 820 тыс. еўра). У 2022 годзе «Шляхетны падарунак» аб’яднаў амаль 600 тыс. жыхароў Польшчы: спонсараў, атрымальнікаў дапамогі, валанцёраў і працаўнікоў «Вясны». Дарэчы, супрацоўнікі дабрачыннай арганізацыі падлічылі, што ў сярэднім на кожнага члена сям’і, куды трапляе дапамога, выходзіць па 14 злотых (3 еўра 22 еўрацэнты) даходу ў дзень – як на польскія ўмовы, гэта вельмі мала.
Старшыня арганізацыі «Вясна» Яанна Садзік сказала Польскаму радыё, што валанцёры пастараюцца дапамагчы ўсім, хто звярнуўся па дапамогу. Сёлета акцыя ахапіла 17 тыс. чалавек, якія атрымаюць падарунак.
- Мы будзем старацца, каб ні адна сям’я не засталася без дапамогі. Не павінна так здарыцца, што нейкая сям’я, якая знаходзіцца ў нашай базе, не атрымае падарунку. Бо ў людзей будуць не толькі сумныя Каляды, але і можа з’явіцца меркаванне, што ніхто ім не захацеў дапамагчы. Нашы валанцёры трапілі ў многія сем’і – яны розныя, але ёсць у іх нешта агульнае: ім усім патрэбная дапамога.
Дапамога ў рамках «Шляхетнага падарунку» – абсалютна розная. Малазабяспечаныя сем’і і людзі атрымліваюць прадукты, кнігі, іншыя дробныя падарункі, але таксама мэблю і бытавую тэхніку.
- Перыяд перад Калядамі – гэта цудоўны момант, калі сапраўды здараецца цуд, з’яўляюцца слёзы... Напрыклад, спадар Адам думаў, што ў рамках «Шляхетнага падарунку» атрымае нешта невялікае, а атрымаў газавую пліту, халадзільнік, кухонны стол, абрус, шторы і жывую ялінку. Для многіх людзей – гэта пачатак перамен.
Традыцыйна, актыўны ўдзел у мерапрыемстве «Шляхетны падарунак» прымае прэзідэнт і першая лэдзі – як папярэднія кіраўнікі дзяржавы, так і цяперашні. Анджэй Дуда і Агата Конрхаўзэр-Дуда ўдзельнічаюць у акцыі дзявяты раз. Сёлета польскі прэзідэнт і яго жонка выслалі падарункі сям’і, дзе маці-адзіночка выхоўвае дзяцей, у тым ліку сына з ментальнай інваліднасцю.
Удзел у акцыі таксама прымалі альбо прымаюць вядомыя палякі: футбалісты Роберт Левандоўскі, Якуб Блашчыкоўскі і Лукаш Пішчак, тэнісісткі Агнешка і Уршуля Радваньскія, акцёры Войцех Малайкат і Марэк Кондрат.
У 2010 годзе «Шляхетны падарунак» атрымаў бласлаўленне тагачаснага пантыфік Бенедыкта XVI, а ў 2014 годзе падарунак адной з польскіх сямей асабіста падрыхтаваў Папа рымскі Францішак.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл