Выданне Fakt нагадвае гісторыю, якой у сярэдзіне 80-ых гадоў жыла ўся Польшча. Двое братоў-падеткаў (ім было 13 і 15 гадоў) збеглі нелегальна ў Швецыю з Польскай Народнай Рэспублікі. Выданне апісвае, як склалася жыццё Адама (старэйшага) і Кшыштафа Зяліньскіх, якія паходзілі з невялікага гарадка Жыракаў, з сямʼі, дзе было васьмёра дзяцей. Ідэя збегчы на Захад была хутчэй вынікам юнацкай фантазіі, чым старанна прадуманым крокам.
Перад адʼездам браты пакінулі бацькам ліст, у якім папрасілі не паведамляць у міліцыю цягам трох сутак. Яны спачатку планавалі збегчы на самалёце ў ЗША, але самалёты знаходзяцца пад строгім наглядам, у тым ліку з боку войска. Дарэчы, калі б ім удалося ўвайсці на борт незаўважанымі, іх шанцы выжыць раўняліся б нулю – яны б замерзлі падчас палёту, паколькі грузавы адсек не абаграваецца.
Браты вырашылі паехаць у Свінауйсце на паром. Перад уваходам на паром стаялі грузавікі. Яны выбралі грузавік з нізкім прычапным шасі. Хлопцы не ведалі, куды едзе машына. Замерзлыя і галодныя, праз 26 гадзін падарожжа яны дабраліся да Швецыі.
Там трапілі ў лагер для бежанцаў, а пазней у прыёмную сямʼю. Ім дапамог факт, што бацькі братоў не пагадзіліся на экстрадыцыю. Падлеткі поўнасцю выкарысталі магчымасці развіцця ў дзяржаве скандынаўскага дабрабыту. Кшыштаф скончыў школу, вучыўся ва ўніверсітэце, дзе застаўся працаваць выкладчыкам эканомікі і фінансаў. Яго брат таксама скончыў матэматычна-эканамічны факультэт і стаў начальнікам аддзела закупак у буйной шведскай кампаніі.
У 2010 годзе Кшыштаф вярнуўся ў Польшчу, жыве ў Варшаве са сваёй партнёркай, актрысай Магдаленай Смалярай, яны гадуюць сына. Адам застаўся ў Швецыі, дзе таксама стварыў сямʼю. Абодва прыязджаюць у родны Жыракаў. І кажуць, што ў Швецыі сумавалі па Польшчы, але ні разу не пашкадавалі аб сваім рашэнні. На падставе іх гісторыі быў зняты мастацкі фільм «300 mil do nieba».
нг