У 2023 годзе ў Расіі актывізавалася з'ява знішчэння або выдалення з публічнай прасторы помнікаў і сімвалаў памяці ахвяраў палітычнага пераследу, у першую чаргу рэпрэсаваных палякаў.
Каментатары звязваюць гэта з поўнамаштабнай агрэсіяй супраць Украіны і тым, што Крэмль і расійская прапаганда адкрыта называюць Польшчу недружалюбнай дзяржавай.
Мясцовыя ўлады, як правіла, не рэагуюць на выпадкі пашкоджання ці апаганьвання мемарыяльных месцаў, у большасці выпадкаў не распачынаюць расследаванняў і не знаходзяць здзяйсняльнікаў.
Тэму працягвае Анна Задрожна:
Надоечы амбасадар Польшчы ў Расіі Кшыштаф Краеўскі (Krzysztof Krajewski) наведаў могілкі ў Левашове ля Санкт-Пецярбурга, каб ушанаваць памяць палякаў, забітых савецкімі мучыцелямі. Менавіта там яшчэ да ліпеня мінулага года знаходзіўся помнік палякам – ахвярам сталінізму, які знік з могілак у нявысветленых абставінах:
- Помнік вагой у сем тон быў вывезены са згадaных могілак. Гэта быў буйных памераў манумент з граніту з крыжам – супольным сімвалам веры, як палякаў, так і расіян. Ён проста знік. Гэта доказ крывадушнасці расіян, якія толькі што адзначалі Раство, спасылаючыся на такі ж крыж. Без ніякіх паясненняў і інфармацыі помнік-сімвал трагедыі польскага народа, які знаходзіўся ля Левашова знік.
Як нагадаў амбасадар, гэта не адзінае месца ў Расіі, з якога апошнім часам зніклі памятныя знакі, крыжы ці дошкі:
- У мяне склалася ўражанне, што ўлады многіх гарадоў і рэгіёнаў вырашаюць прыбраць месцы, прысвечаныя трагічнаму лёсу нашых суайчыннікаў, мяркуючы, што робяць слушна, пры гэтым дэманструючы лаяльнасць да свайго начальства, а можа і чакаючы нейкай узнагароды. Такія месцу знаходзяцца ў Варкуце (на поўначы Рэспублікі Комі), у вёсцы Піваварыха ля Іркуцка, у горадзе Уладзімір на ўсход ад Масквы. Тамтэйшыя помнікі, памятныя дошкі знікаюць і ніхто не ў стане паясніць чаму, куды і калі.
Нагадваем, помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій у вёсцы Піваварыха знік у сярэдзіне мінулага года, супраць чаго пратэставала польская амбасада ў Маскве. Помнік быў заснаваны ў 2015 годзе за сродкі польскай арганізацыі ў Расіі на тэрыторыі мемарыляльнсга комплекса і са згоды мясцовых уладаў.
У 1930-я гады побач з Піваварыхай была спэцзона НКУС, дзе расстрэльвалі палітвязняў. Даследчыкі ацэньваюць колькасць забітых у 15–17 тысяч чалавек. Масавыя пахаванні былі там выяўленыя толькі ўвосень 1989 года. У сучаснай Расіі вёска Піваварыха стала першым месцам пахавання ахвяраў рэпрэсій, якое атрымала афіцыйны статус могілак.
Такая агульная адмоўная атмасфера ўплывае на жыццё польскай меншасці ў Расіі, не сумняецца амбасадар Кшыштаф Краеўскі, які надоечы сустракаўся прадстаўнікамі польскай грамады ў Санкт-Пецярбургу:
- Таму для мяне такія сустрэчы вельмі важныя. Яны дазваляюць падтрымаць мясцовых палякаў, паразмаўляць пра іхныя праблемы і боязі; пра гісторыю – элемент ідэнтычнасці польскіх арганізацыяў, якія клапоцяцца пра традыцыю, культуру і веру палякаў у Расіі. Надоечы я сустракаўся з прадстаўнікамі некалькіх польскіх арганізацыяў у Санкт-Пецярбургу. Гэта была цудоўная навагодняя сустрэча, якая дала мне шмат радасці.
З 2022 года польскі дыпламатычны корпус у Расіі прымушаны працаваць у моцна абмежаваным складзе. Гэта таксама дадатковае ўскладненне, кажа амбасадар Краеўскі:
- У нас магутнае пачуццё місіі і мы выконваем свае абавязкі. Скарачэнне колькасці польскіх дыпламатычных прадстаўніцтваў у Расіі, безумоўна, не дапамагае нам у працы. Тым больш, што актыўнасць дыпламатаў – прадстаўнікоў гэтак званых «недружалюбных краінаў», не сустракаецца з прыхільнасцю ў Расіі. Рашэннем расійскіх уладаў нашая консульская ўстанова ў Смаленску была закрытая 31 жніўня 2023 годa. Гэты сумны крок. Я думаю, што расійскі бок зробіць з гэтага высновы на будучыню. Консульская ўстанова служыла не толькі нам, палякам, каб прадстаўляць інтарэсы Рэспублікі Польшча і апекавацца такімі месцамі, як Катынь ці месца катастрофы прэзідэнцкага самалёта пад Смаленскам. Яна служыла і расіянам, інфармуючы, дапамагаючы і расказваючы пра агульную гісторыю і агульныя праблемы. На жаль зараз у Расіі некаторыя рашэнні прымаюцца так, што ім не хапае нейкай рэфлексіі. У будучыні аднавіць міжчалавечыя адносіны будзе вельмі цяжка.
- канстатаваў амбасадар Польшчы ў Расіі Кшыштаф Краеўскі.
Нагадваем, у нявысветленых абставінах польскія помнікі, памятныя дошкі і крыжы былі дэмантаваныя, між іншым, у Левашове на ўскраіне Санкт-Пецярбургa, у Томску, у вёсцы Піваварыха ля Іркуцка, у горадзе Уладзімір на захадзе Расіі, у Якуцку. Памятныя дошкі з прозвішчамі забітых палякаў зніклі таксама з вёсак у Сібіры, у тым ліку з Вяршыны Іркуцкай вобласці. У некалькіх месцах у Сібіры былі таксама дэмантаваныя памятныя дошкі прысвечаныя польскім прафесарам – выдатным даследчыкам рэгіёну.
Усяго, паводле розных крыніцаў, былі знятыя або знішчаныя каля 20 польскіх помнікаў або мемарыяльных дошак. Гэтыя звесткі няпоўныя, таму што некаторыя з іх знаходзяцца ў правінцыі і інфармацыя аб іх стане паступае са спазненнем.
Таксама адкрытым застаецца пытанне аб тым, наколькі акты вандалізму інспіраваныя афіцыйнымі фактарамі, а наколькі зʼяўляюцца ініцыятывай нацыяналістычна-імперскіх колаў. Тым не менш гэткія дзеянні зʼяўляюцца часткай шматгадовай палітыкі Масквы па прасоўванні «гістарычнай праўды» ў духу праслаўлення дзяржаўнага тэрору і імперскай экспансіі, а таксама згоды на знішчэнне гістарычнай памяці, якая супярэчыць афіцыйнаму крамлёўскаму наратыву.
IAR/PR1/аз