Беларуская Служба

Паслугі анлайн адказваюць за 3% выкідаў СО2

19.01.2024 06:23
Лічбавая экалогія – што гэта такое? Як нашае карыстанне інтэрнэтам уплывае на змены клімату?
Аўдыё
  • Паслугі анлайн адказваюць за 3% выкідаў СО2
Здымак мае ілюстрацыйны характарPexels/pixabay.com/CC0 Public Domain

Лічбавая экалогія служыць змяншэнню ўплыву тэхналогій на навакольнае асяроддзе. Марта Дэрдоньчык з адукацыйнага парталу «Ekoeksperymentarium» гаворыць, што паняцце лічбавай экалогіі малавядомае. Інтэрнэту патрэбныя рэсурсы, энергія, што ў выніку забруджвае навакольнае асяроддзе і пакідае вугляродны след. Гаворка пра сукупнасць некалькіх элементаў, гаворыць экспертка:

-У нас ёсць кампутар, смартфон, рутэр, якія павінны быць падключаныя да электрычнасці. Але запатрабаванне прылад на электрычнасць - гэта кропля патрэбаў у моры. Больш за ўсе энергіі выкарыстоўваецца для ахаладжэння цэнтраў і баз даных. А інфармацыі ў інтэрнэце ўсё больш і больш. Гэта велізарная колькасць. Нехта калісьці палічыў, што калі б раздрукаваць усё, што ёсць у інтэрнэце, то было б 5 мільярдаў старонак А4. Гэта ланцужок, які акружае Зямлю 23 разы. Прычым, гэта дадзеныя з 2015 году.

Галоўны ўплыў на навакольнае асяроддзе маюць дадзеныя, якія захоўваюцца ў воблаку. Само іх захоўванне пакідае велізарны вугляродны след. Якім чынам? Цэнтры даных вымагаюць вялікай колькасці энергіі. Адзін Цэнтр даных займае паверхню 14 футбольных палёў, а іх колькасць будзе стала павялічвацца. Інфармацыі, якая трапляе ў воблака і інтэрнэт, з упэўненасцю, будзе ўсё больш. Нават простая бытавая тэхніка, як лядоўня ці пральная машына, ужо могуць перадаваць дадзеныя ў сэрвісныя цэнтры. Больш Цэнтраў даных – больш патрэбнай энергіі.

Ці можна неяк запаволіць гэты працэс?

-Мы ў «Ekoeksperymentarium» прытрымліваемся прынцыпу, што кожны можа зрабіць свой уклад у гэты працэс. Ёсць група людзей, якая лічыць, што такія невялікія крокі, як асабовае змяншэнне колькасці даных ці меншае спажыванне энергіі нічога не зменіць. Але нас у свеце мільярды. Калі кожны зробіць прынамсі крышачку, то нашай планеце напэўна будзе лягчэй, – гаворыць Марта Дэрдоньчык.

Ці гэта азначае, што нельга высылаць электронныя лісты, смс-паведамленні і глядзець фільмы ў інтэрнэце? Не, кажа Марта Дэрдоньчык, але трэба рабіць гэта разумна. Экспертка нагадвае пра існаванне калькулятара вуглероднага следу карыстання смартфонам:

-Доктар Пшэмыслаў Пошва вывучыў усе даступныя ў сеціве і не толькі даследаванні і палічыў усе найбольш стандартныя дзеянні, якія мы робім у смартфоне. Прыклад: гадзіна прагляду смешных фільмікаў на ўсім вядомай платформе – гэта 105 кг выкідаў СО2 у год. Столькі вуглякіслага газу выкідвае аўтамабіль праехаўшы тысячу кіламетраў. Гэта вельмі шмат. Для параўнання: гадзіна размовы па тэлефоне – гэта 1 гр СО2. Гэта таксама вельмі шмат. Больш за ўсё вуглякіслага газу «выкідвае» прагляд фільмаў на струменевых платформах. Агулам паслугі анлайн адказваюць за 3% выкідаў СО2. Гэта столькі ж як і грамадзянская авіяцыя.

Кожная дзейнасць у Інтэрнэце, кожны пост у сацыяльных сетках патрабуюць вялізнай лічбавай інфраструктуры. Лічбавы вугляродны след ацэньваецца прыкладна такім жа, як і вугляродны след, створаны паветраным транспартам. Да 2025 года маштабы гэтай з'явы могуць падвоіцца.

Марта Дэрдоньчык гаворыць, што вельмі шмат у падыходзе мяняюць веды:

- Калі мы ведаем, што і колькі энергіі паглынае, ці за якую колькасць выкідаў вуглякіслага газу адказвае, то можна прымаць рашэнні. Бо справа не ў тым, каб цалкам адмовіцца ад карыстання тэлефонам. Калі мы выкарыстоўваем Інтэрнэт, каб вучыцца, то гэта каштоўнасць. І гэтым трэба займацца. Разумець, што прагляд фільмікаў паглынае вельмі шмат энергіі, а ў выніку выкідваецца вельмі шмат выкідаў. Давайце абмяжуем гэта.

Патрэбным крокам таксама з’яўляецца выдаленне непатрэбных дадзеных з воблака. Хто не мае дзясяткі скрыншотаў і здымкаў, якія паўтараюцца? Іх выдаленне з тэлефону і воблака – гэта крок у бок экалогіі.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце