Беларуская Служба

Лізавета Рэўт пра калядаванне: Беларуская традыцыйная культура мае паганскія карані

20.12.2023 15:34
Традыцыйны беларускі абрад калядавання нарадзіўся задоўга да з’яўлення хрысціянства ў Беларусі.
Аўдыё
  • Лізавета Рэўт пра калядаванне: Беларуская традыцыйная культура мае паганскія карані
Калядаванне настаўнікаў і вучняў Школы беларускай традыцыйнай культуры ў Варшаве фота: Школа беларускай традыцыйнай культуры ў Варшаве

Усе гэтыя святы прымеркаваныя да календара і сонца, расказвае Лізавета Рэўт са Школы беларускай традыцыйнай культуры ў Варшаве:

-Усе гэтыя святы былі звязаныя з нараджэннем Сонца. Дні становяцца даўжэйшымі, а значыць надыходзіць час садзіць ураджай. Зімовыя святы, Каляды, прымеркаваныя да таго, што ў снежні дні робяцца даўжэйшымі, значыць Сонца нарэшце пачынае адраджацца. Можна сказаць, што нашыя продкі так святкавалі Новы год.

Калядныя песні прымеркаваныя да гэтых жа самых падзей. Калядкі спяваюць калядоўшчыкі, якія адыгрываюць пэўныя сцэнкі, пераапрануўшыся ў казу, бабу і дзеда, зайца і ваўка. Традыцыйныя народныя абрады маглі адрознівацца ад рэгіёну, але Каляды як раз былі характэрныя для цэлай Беларусі. Адрознівацца ў залежнасці ад рэгіёну маглі персанажы. Таксама трэба дадаць, што ў Заходняй Беларусі паганскія абрады амаль цалкам выкараніліся. Там больш характэрнымі з’яўляюцца хрысціянскія калядкі.

Калядоўшчыкі пераапранаюцца ў розныя персанажы. Адным з галоўных з’яўляецца каза.

-Гэтаму персанажу надаецца шмат сімволікі. У абрадзе ёсць момант, калі каза памірае, яе трэба падняць, то бок уваскрасіць. І гэта адзін з сімвалаў, што каза сімвалізуе стары год.

Калі ў Беларусь прыйшло хрысціянства, не было сэнсу выкараняць існуючыя святы. Таму было прасцей прымеркаваць хрысціянскія святы да паганскіх. Нараджэнне Хрыста было прымеркавана да Калядаў, – расказвае Лізавета.

Персанажы ў групе калядоўшчыкаў часта сімвалізуюць некага «з таго свету», працягвае Лізавета:

-Гэта міфічныя персанажы, жывёла, людзі, але незвычайныя, напрыклад, прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў. Заўсёды была цыганка, жыд, ці пазней поп. З ХІХ стагоддзя паявіўся жаўнер, паколькі калі пачаліся рэкруцкія паборы, чалавек сыходзіў у войска на 25 гадоў і яго ніхто не бачыў. Сярод жывёл, акрамя казы, ёсць мядзведзь, заўсёды вельмі адукаваны, ёсць воўк і заяц. Замест казы ў некаторых рэгіёнах паяўляецца авечка ці казёл. Хоць у некаторых месцах казу грае мужчына. Дзед з бабай – галоўныя завадзілы, таксама дзед – гэта баба, а баба – гэта дзед.

Ёсць персанаж Зорканоша. У паганскай традыцыі яна сімвалізуе пачатак новага году, а пазней у хрысціянскай традыцыі – першую зорку.

Калядоўшчыкі ходзяць па дамах, спяваючы калядкі. Абавязкова гаспадару, гаспадыні, дзецям, казе. Гаспадары ў сваю чаргу павінны калядоўшчыкам аддзячыцца. Лічылася, што не пусціць калядоўшчыкаў – гэта вельмі кепска. А калі яны прыходзяць, то гэта шчасце для дому.

Калядаванне можа праходзіць з 20 лічбаў снежня да амаль канца студзеня.

ав

слухайце далучаны гукавы файл