Беларуская Служба

Паўстанне 1863-1864 гадоў: маніфест напісала жанчына

31.01.2024 15:01
Удзел жанчын у Паўстанні 1863-1864 году ў параўнанні з іншымі вызваленча-народнымі зрывамі польскага народу быў вельмі істотным.
Аўдыё
  • Паўстанне 1863-1864 гадоў: маніфест зрыву напісала жанчына
Намесніца дырэктара па праграмных справах Музею Незалежнасці Бэатай Міхалец расказвае пра жанчын у Студзеньскім паўстанні Foto: Muzeum Niepodległości

Жанчыны далучыліся да паўстання вельмі актыўна. Нават гаворыцца, што гэта была жаночая вайна.

З нагоды гадавіны пачатку Паўстання 1863-1864 гадоў (у Польшчы яго называюць Студзеньскім) у Варшаве былі адкрытыя шыльды з прозвішчамі трох полек, якія адыгралі важную ролю ў часе зрыву. Іх імёнамі ў варшаўскім парку Траўгута названыя алеі. Гэта Юзэфа Гудзіньска, Марыя Ільніцкая і Хэлена Кіркарова.

Пра ролю жанчын у Паўстанні 1863-1864 году мы размаўляем з намесніцай дырэктара па праграмных справах Музею Незалежнасці Бэатай Міхалец. Яна гаворыць, што, каб зразумець ролю жанчын у паўстанні, неабходна вярнуцца ў часы напярэдадні яго выбуху.

У Варшаве адбыліся падзеі, якія мелі вялікае значэнне напярэдадні паўстання. Па-першае, гэта пахаванне пяці ахвяр патрыятычнай маніфестацыі 27 лютага 1861 году, якое стала велізарным палітычна-грамадскім праявам супраць расійскіх уладаў. Гэта таксама перастрэлка на Замкавай плошчы, калі загінула каля 100 чалавек. Таксама пахаванне генеральскай жонкі Катажыны Антаніны Савіньскай, якое перарадзілася ў патрыятычную маніфестацыю.

- Неўзабаве абвяшчаецца нацыянальная жалоба. Жанчыны апранаюць чорныя сукенкі з крыналіну. Здавалася б, што тут такога. Аднак гэта быў важны крок. За апрананне чорных строяў на вуліцах не толькі Варшавы, але і ў правінцыі пагражалі рэпрэсіі. Ёсць важны момант абвяшчэння маніфесту Студзеньскага паўстання. Яго аўтаркай з’яўляецца жанчына – Марыя Ільніцкая. Жанчыны далучыліся да паўстання вельмі актыўна. Нават гаворыцца, што гэта была жаночая вайна. Не толькі дастаўка лістоў, дакументаў і загадаў, схаваных у крыналінавых сукенках, але таксама перавозка зброі, актыўны ўдзел у арганізацыі Студзеньскага паўстання, непасрэдны ўдзел у баях, бо жанчыны змагаліся на полі бою, – расказвае Бэата Міхалец.


Пленэрная выстава, прысвечаная жанчынам ў Студзеньскім паўстанні Пленэрная выстава, прысвечаная жанчынам ў Студзеньскім паўстанні

На варшаўскай вуліцы Смольнай Хэлена Кіркарова хавала апошняга кіраўніка  Студзеньскага паўстання Рамуальда Траўгута. Хэлена была сувязной паміж ім і цэлым падполлем.

- На жаль, знайшоўся даносчык, які данёс царскім уладам. Рамуальда Траўгута арыштавалі, арыштавалі таксама Хэлену Кіркарову. Іх, а таксама іншых членаў нацыянальнага ўраду зняволілі ў следчым арышце ў Цытадэлі. Хэлена Кіркарова пачула вырак, як усе іншыя жанчыны, якія траплялі ў Цытадэль. У моманце, калі яе вывозілі з арышту, каб выслаць у Сібір, яна бачыла, як Рамуальда Траўгута і іншых чатырох членаў нацыянальнага ўраду павесілі, – дадае Бэата Міхалец.

Хэлена Кіркарова трапіла ў шахту солі ва Усольі-Сібірскім. Гэта прыклад жанчыны, якая была актыўна звязана з падзеямі Студзеньскага паўстання, хоць не прымала ўдзелу ў непасрэдных баях, падкрэслівае Бэата Міхалец.

Чарговы прыклад – гэта Юзэфа Гудзіньска. Яна была ўладальніцай рэстарана на Новым Месце ў Варшаве. Яе рэпрэсавалі, бо ў рэстаране хавала эмісара нацыянальнага ўрада. Гэты факт высветліў расійскі агент, які быў забіты ў рэстаране Юзэфы Гудзіньскай. Жанчына трапіла ў Цытадэль.

- Гэта прыклад жанчыны, а такіх прыкладаў вельмі мала, якую ў Цытадэлі катавалі, прымяняючы лупцаванне. У той жа самы час сотня іншых мужчын з розных арганізацый, але таксама актыўных удзельнікаў Студзеньскага паўстання, атрымліваюць прыгавор. Юзэфу Гудзіньскую разам з імі, у кайданах, вядуць праз горад да месца, адкуль іх вывозяць углыб Расіі. Гэта адзіная жанчына сярод сотні мужчын. Яна трапіла ў шахту солі ва Усольі-Сібірскім, дзе да яе ставяцца як да злачынцы. У яе няма ніякіх прывілеяў, 24 гадзіны яна ў кайданах.

Юзэфа Гудзіньска прала мяшкі ад солі ў рацэ. Ад цяжкай працы і знясілення яна захварэла туберкулёзам і памерла.

Усе тры жанчыны, пра якіх расказвае Бэата Міхалец прайшлі праз варшаўскую Цытадэль, адна з іх памерла.

Памяць пра студзеньскіх паўстанцаў была важнай для чарговых пакаленняў палякаў, асабліва для маладога пакалення, народжанага ў вольнай Польшчы, то бок пасля 1918 году. Паўстанцы Паўстання 1863-1864 гадоў былі заўважаныя дзяржавай. Ветэраны паўстання былі прызнаныя жаўнерамі Войска Польскага. Сярод іх былі таксама жанчыны-жаўнеркі.

- Маладое пакаленне, выхаванае ў духу памяці пра Студзеньскае паўстанне, пра якіх мы кажам «пакаленне калумбаў», ішлі ў 1944 годзе на Варшаўскае паўстанне, памятаючы пра студзеньскіх паўстанцаў. Сёння выжыўшыя варшаўскія паўстанцы і паўстанкі расказваюць нам, якую важную ролю ў Студзеньскім паўстанні адыгралі жанчыны. Таму гаворыцца, што гэта была жаночая вайна, – падвяла вынік размовы Бэата Міхалец.

Жанчыны ў паўстанні 1863-1864 гадоў выконвалі і іншыя важныя задачы. Напрыклад, яны дапамагалі паўстанцам уцякаць з лагераў інтэрнаваных. Дзякуючы «жаночаму рэвалюцыйнаму камітэту» ў Кракаве, у якім была задзейнічаная графіня Вікторыя Астроўская, маці васьмярых дзяцей, удалося ўцячы з такіх лагераў ажно 700 асобам.

«Без такога добра арганізаванага метаду вызвалення гэта было б цалкам немагчыма», – прызналі аўстрыйскія ўлады падчас праведзенага ў той час расследавання.

Жанчыны таксама стваралі паўстанцкую службу аховы здароўя ў цяжкія 1863-1864 гады. Яны служылі на палях бітваў у якасці медсясцёр і працавалі ў палявых шпіталях.

ав

слухайце аўдыё

105 гадоў таму Пілсудскі падпісаў загад аб уключэнні ў шэрагі Войска Польскага ўсіх ветэранаў Паўстання 1863-1864 гадоў (ФОТА)

27.01.2024 07:02
Паўстанцы таксама атрымалі пажыццёвыя спецыяльныя ветэранскія пенсіі.