Аўтар даследавання, старшы эксперт Цэнтра новых ідэй, кандыдат сацыялагічных навук Генадзь Коршунаў на ўступе адзначыў, што гэта не праваабарончы дакумент, а аналітыка-статыстычны праект, мэта якога – акрэсліць абагуленую карціну працы рэпрэсіўна-карнай сістэмы беларускага рэжыму, і, па-другое, вылучыць асаблівасці яе функцыянавання цягам кварталаў.
Рэпрэсіі ў Беларусі складаюцца з многіх узроўняў, але даследчыкі засяродзіліся на двух асноўных – узровень запалохвання і затрыманні ды арышты.
Акрамя асноўных у даследаванні аналізуюцца дадатковыя напрамкі для разумення дынамікі і адсочвання змен у функцыянавання сістэмы. У цяперашняй справаздачы ўзятыя пад увагу: кантроль над грамадствам і палітычная сегрэгацыя.
Кантроль адбываецца пры дапамозе розных інструментаў, гаварыў Генадзь Коршунаў:
-Адзін з галоўных – гэта ліквідацыя ўсіх магчымых варыянтаў самаарганізацыі. Гэта колькасна адбіваецца на лічбах ліквідаваных НДА. Мы ведаем, што з 2020 года агулам знішчана больш за 1,5 тысячы арганізацый. За 2023 год такіх кейсаў было мінімум 336, у чацвёртым квартале – 68, у сярэднім атрымоўваецца, што напруга ў апошнім квартале была ніжэйшая, чым за цэлы год. Трэба сказаць, што дадаткова працягваюцца захады па «нармалізацыі» медыя. Падавалася б, што знішчаны ўсе медыя, але ўлады знаходзяць варыянты, куды ісці далей. У апошнім квартале адбываецца дазачыстка рэгіянальных медыя, нават тых, якія цяжка было палічыць палітычнымі. Трэба дадаць, што ўлады дайшлі і да адзіночных блогераў.
За апошні квартал былі прыняты два нарматыўна-прававыя акты, мэтай якіх з’яўляецца ўзмацненне падпарадкавання ўладам. Па-першае, гэта закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» і «Аб змене законаў па пытаннях кіравання жыллёвым фондам і яго эксплуатацыі».
Абодва, падкрэсліваюць аўтары, гэта не што іншае, як помста рэлігійным суполкам і тым дваравым супольнасцям, што былі актыўныя ў 2020 годзе.
Беларускі рэжым усё больш дакладна і паслядоўна праводзіць размежаванне паміж лаяльнымі і нелаяльнымі яму грамадзянамі з дыскрымінацыяй апошніх. З цягам часу гэта мэтанакіраваная дыскрымінацыя ўзмацняецца і адносна тых, хто зараз знаходзіцца ў месцах зняволення, і тых, хто зараз пражывае ў Беларусі, і тых, хто быў вымушаны пакінуць радзіму, чытаем у справаздачы.
Асноўны напрамак даследавання засяродзіўся на запалохванні праз адвольнае надзяленне ўладамі сваіх супернікаў статусамі тэрарыстаў і экстрэмістаў, а любой інфармацыі, якая не падабаецца, статусам экстрэмісцкіх матэрыялаў.
-Тэрарыстычны спіс папоўніўся на 172 чалавекі, у 2022 гэта было 226, у сярэднім за месяц тэрарыстамі прызнаваліся 14 чалавек. За год спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вырас на 1400. У 2022 годзе іх было болей, але ў гэтым годзе гэта ўсё пачалося, таму там і асноўная частка. За 2023 год у сярэднім экстрэмістамі прызнаваліся 117 чалавек, за апошні квартал прырост склаў 296 асобаў. То бок за месяц каля 100 чалавек, гэта таксама ніжэй за сярэдні гадавы паказнік. Колькасць экстрэмісцкіх фарміраванняў цягам году павялічылася на 69, у 2022 іх было 80. Такім чынам сярэднемесячны паказнік склаў 56 структур. У апошнім квартале назіраецца рост беларускага феномена – хапуноў. У чацвёртым квартале рэзкі рост, але параўноўваць складана, бо на першы квартал прыпалі хапуны, звязаныя з Мачулішчамі, – гаварыў Генадзь Коршунаў.
Наступны напрамак – рэпрэсіўны пік: затрыманні, суды і палітвязні. У затрыманнях захоўваюцца старыя трэнды, якія вызначыліся як мінімум у 2022 годзе. Гэта рэпрэсіі за ўдзел у падзеях 2020 года, за тую ці іншую падтрымку Украіны, за выказванне неўхвалення дзеянняў беларускага рэжыму ці расійскага войска. Формы рэпрэсіўных дзеянняў таксама дастаткова ўстойлівыя. Гэта пераслед сваякоў вядомых персон, затрыманні цэлых сем’яў, публічныя затрыманні і так званыя пакаяльныя відэа, а таксама «каруселі» затрыманняў і прысудаў.
Новым трэндам 2023 года стала ўзмацненне жорсткасці праверак на мяжы з затрыманнямі тых, хто вяртаўся ў Беларусь з іншых краін.
Агулам за мінулы год па палітычных матывах у Беларусі былі затрыманыя мінімум 4100 чалавек. У сярэднім затрымлівалі 342 асобы на месяц.
-Атрымліваецца наступнае: расце колькасць судоў па прызнанні матэрыялаў экстрэмісцкімі, расце колькасць хапуноў, але да затрыманняў гэта не заўсёды прыводзіць. Мы робім выснову, што, хутчэй за ўсё, працуе ўстаноўка на запужванне, без жорсткага пакарання. То бок з аднаго боку расце колькасць адміністрацыйнага пераследу, з іншага, колькасць крымінальнага ідзе на спад, але я кажу пра гэта вельмі асцярожна. Калі гэтыя тэндэнцыі захаваюцца, то можна будзе казаць, што, хутчэй за ўсё, у 2023 годзе змянялася ўстаноўка на запалохванне з выкарыстаннем адміністрацыйнага пераследу замест крымінальнага. Падкрэслю – гэта па дадзеным на апошні квартал 2023 году. Што будзе далей – будзем адсочваць, - канстатуе сацыёлаг.
Аўтары падкрэсліваюць, што даступная інфармацыя пра рэпрэсіі няпоўная, таму лічбы трэба інтэрпрэтаваць як мінімальна магчымы ўзровень. У рэчаіснасці ён будзе большым.
ав
слухайце аўдыё