У Варшаве раз на месяц у праваслаўнай капліцы св. Рыгора Перадзе па вуліцы Лелехоўскай, 5, адбываюцца праваслаўныя літургіі на беларускай мове. Беларусы, якія апынуліся ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы, дамагаліся гэтага амаль год. Урэшце яны змаглі атрымаць згоду кіраўніка Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў Польшчы мітрапаліта Савы на служэнне праваслаўнай літургіі на беларускай мове.
Нашая рэдакцыя паразмаўляла з галоўнай ініцыятаркай гэтай справы Наталіяй Гарковіч.
- Для таго, каб нешта арганізавалася, трэба людзі, якія будуць гэтым займацца. У Беларусі я займалася падобнай дзейнасцю, таму мне было знаёма што і як робіцца, што патрэбна, каб распачаць такую службу ў Варшаве. У Мінску з 2012 года мы служылі такія службы па нядзелях раз на месяц.
- Скажыце, ці шмат трэбна было захадаў і намаганняў, каб атрымаць дазвол іерарха праваслаўнай царквы ў Польшчы, каб арганізаваць службы на беларускай мове, бо патрэбна духавенства, якое можа служыць па-беларуску літургію, патрэбны хор?...
- Я як веруючая асоба скажу, што гэта была Божая воля, што ўсё склалася. Для таго, каб служыць, патрэбны святар, які размаўляе і можа служыць па-беларуску. У гэтым была найгалоўнейшая праблема. Праз людзей, якія ведалі, што мы шукаем святара, які мог бы служыць па-беларуску, мы скантактаваліся з айцом Андрэем Кузьмай. Ён жыве ў Беластоку, але прыязджае выкладаць сюды ў варшаўскай семінарыі і яму зручна раз на месяц праводзіць з намі службу. Астатнія праблемы таксама памалу вырашыліся. Хор у нас быў, бо частка тых, хто хадзіў на службы ў Мінску, як і я, былі вымушаны эміграваць. Супольнасці, якая хацела такіх службаў, мы змаглі прапанаваць кавалачак радзімы. Мне было важна прапанаваць людзям не быць адзінокімі. Тыя, хто пасля 2020 года быў вымушаны выехаць, жыве ў аддаленасці ад радзімы, часта ў адзіноце і самоце. Але трэба сказаць, што не толькі мігранты апошніх гадоў прыходзяць на службы. Прыходзяць беларусы родам з польскага Падляшша, або беларусы, якія даўно тут жывуць.
- Адзначым, што пасля багаслужбы ладзяцца сустрэчы за кавай і гарбатай, чытаюцца лекцыі па розных тэмах...
- Так, каб людзі ведалі адзін аднаго, каб размаўлялі – не толькі прыйшоў паставіць свечку. Я лічу вельмі добрым знакам, што людзі прыходзяць і слухаюць гэтыя лекцыі. У нас была серыя лекцый прафесара Юрыя Грыбоўскага пра беларускую эміграцыю пасля Другой сусветнай вайны і падчас яе. Я запрашаю людзей, якія могуць распавесці пра свае гістарычныя даследаванні, і не толькі гістарычныя, у нас былі лекцыі па мастацтвазнаўстве – пра беларускія іконы, звязаныя з пэўнай тэрыторыяй. Мне падаецца важным, каб людзі ведалі больш пра сваю гісторыю. Я маю гістарычную і тэалагічную адукацыю і мне важна падзяліцца ведамі пра гісторыю праваслаўя ў рэгіёне. Існуе стэрэатып, што праваслаўная царква ў Беларусі – гэта руская праваслаўная царква, а ў нас гісторыя сягае ў часы ВКЛ, сягае ў спадчыну ад Канстанцінопальскага патрыярхату, Кіеўскай мітраполіі. Важна дзяліцца з людзьмі інфармацыяй, каб яны не адчувалі комплексаў з-за таго, што цяпер праваслаўная царква звязаная з не вельмі добрымі плынямі ў палітычным сэнсе.
– Паколькі традыцыя, гісторыя, культура і менталітэт народаў розныя, вы заўважаеце адметнасці праваслаўя ў Польшчы і адрозненне ў супастаўленні з праваслаўем у Беларусі?
– Нас прытуліў польскамоўны прыход, дзе служаць па-польску праваслаўныя набажэнствы. Пераважная большасць службаў у Польскай праваслаўнай царквы адбываецца на царкоўнаславянскай мове. Прыход, які нас прыняў, можна назваць больш мадэрновым, гэта адзін з нямногіх прыходаў, які служыць паводле новага стылю – юліянскага календара. Адметна, што тут няма культурнага прымусу, які існуе ў рускай праваслаўнай царкве з абавязковым нашэннем хустак для жанчын. У Польскай праваслаўнай царкве няма такога кансерватыўнага стаўлення да жанчыны. Я ў царкве часта чытаю «Апостальскае чытанне». Не лічу гэта супермадэрновым, гэта натуральны працэс развіцця царквы і грамадства.
У супольнасці праваслаўных беларусаў у Варшаве ёсць свае інфармацыйныя рэсурсы:
- старонка на Фэйсбуку «Праваслаўная Варшава» https://www.facebook.com/PrawaslaunajaWarszawa
- трансляцыі літургіі адбываюцца праз старонку ў Фэйсбуку Kaplica św. Grzegorza Peradze https://www.facebook.com/grzegorz.peradze
- канал у Тэлеграме «Праваслаўныя беларусы Варшавы» https://t.me/PrawaslaunajaWarszawa
Бліжэйшая праваслаўная служба на беларускай мове ў капліцы св. Рыгора Перадзе ў Варшаве 24.03 а 8-й гадзіне раніцы.
Падрыхтавала Яланта Смялоўская