Беларуская Служба

«Дзіця ў аднапакаёўцы? Не, дзякуй»

23.03.2024 11:01
Польскія жанчыны расказалі пра прычыны нізкай нараджальнасці.
Мама з дзіцём CC0 Domena publiczna

Польшча гадамі змагаецца з дэмаграфічным крызісам, які ўжо восем гадоў не вырашаюць даплаты – спачатку 500, а цяпер 800 злотых (186 еўра) на кожнае дзіця, якія ўвёў папярэдні ўрад.

Нядаўна старшыня партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі спаслаўся на апошнія звесткі, што ўпершыню за вельмі доўгі час нарадзілася менш за 20 тысяч дзяцей у месяц.

Сайт Onet.pl запытаўся ў польскіх жанчын – жонак, маці і незамужніх, што яны думаюць пра гэты трэнд.

– Для людзей не важна, што скажа ўрад. Маладыя пары ламаюць галаву, гледзячы на кошты на кватэры, а ў маіх равеснікаў з адным дзіцём вялікі спіс прычын, па якіх яны не могуць павялічыць сям’ю, – распавядае 30-гадовая Аніта.

– Восем гадоў мы жылі пад дыктатурай ПіС, якая неаднаразова паказвала, дзе правы жанчын. Цяпер у нас новыя ўлады, але старыя праблемы засталіся, – кажа маладая маці з Кракава.

– Калі вы хочаце мець дзіця ці больш дзяцей, вы хочаце мець больш квадратных метраў, але жыллёвая палітыка ў Польшчы хворая. І кола замыкаецца, – жанчыны кажуць пра астранамічныя кошты квадратнага метра ў вялікіх гарадах – 20 тыс. злотых (4250 еўра)!

Вартасць кватэры Карыны за апошнія гады вырасла амаль на 200%. Аднак яна пакуль не можа дазволіць сабе купіць большую.

– Я баюся, што калі мы адкладзем рашэнне аб другой цяжарнасці, у маёй дачкі ніколі не будзе ні брата, ні сястры, – кажа 37-гадовая жанчына.

Маладыя польскія жанчыны распавялі парталу Onet.pl пра жыллёвы крызіс і пра тое, як цяжка часам пражыць увесь месяц да заробку, калі трэба ўтрымліваць сям'ю, ці аплачваць усе рахункі адной.
яс