Беларуская Служба

Бук «Сэрца саду» з Польшчы абраны еўрапейскім дрэвам году

24.03.2024 10:03
Для Польшчы гэта трэцяя запар перамога.
Аўдыё
  • Бук «Сэрца саду» з Польшчы абраны еўрапейскім дрэвам году
Бук «Сэрца саду» з дэндрапарку ў Войславіцахфота: Клуб Гая

Бук «Сэрца саду» з дэндрапарку ў Войславіцах, пераможца польскага конкурсу «Дрэва года», арганізаванага экалагічнай арганізацыяй «Клуб Гая», стаў еўрапейскім дрэвам года 2024. На лютаўскім плебісцыце польскі кандыдат атрымаў 39 158 галасоў інтэрнэт-карыстальнікаў, тым самым забяспечыўшы сабе першае месца ў Еўропе. Другім на п'едэстале стаў плакучы бук з Байё ў Францыі з 24 807 галасамі. Ганаровае трэцяе месца з 13 933 галасамі заняло тысячагадовая аліўнае дрэва Люрас з італьянскай Сардзініі. За ўвесь час галасавання інтэрнэт-карыстальнікі аддалі 174 112 галасоў.

200-гадовы бук звычайны, які называюць «Сэрцам саду», расце ў цэнтры старога парку ў дэндрарыі ў Войславіцах (гміна Немча, Ніжнесілезскае ваяводства). Яго велічны выгляд радуе незвычайнай формай і тоўстым ствалом, шырока раскінутымі галінамі і ліловым лісцем, якое прыгожа пераліваецца на сонцы. Гісторыя бука непарыўна звязана з 1880 годам, калі Фрыц фон Охаймб стаў уладальнікам маёнтка ў Войславіцах. Менавіта дзякуючы яму быў створаны дэндрапарк, а невялікі парк стаў вядомым.

Калі казаць пра ўзрост дрэваў, то пераможца не з’яўляецца вельмі старым дрэвам. Яго ўнікальнасць заключаецца ў нечым цалкам іншым, гаворыць старшыня «Клюбу Гая» Яцэк Божэк:

-Ужо сама назва бук «Сэрца сада». Дрэва пасадзілі гаспадары тэрыторыі, якая ў той час яшчэ была нямецкай. З часам там стварылі дэндрарый. Бук, як сведчыць назва, быў выбраны цэнтрам гэтага месца. Гэты дэндрарый сапраўды з’яўляецца цудоўным месцам. Запрашаю ўсіх сардэчна яго наведаць, асабліва, калі расліны цвітуць. Надзвычай прыгожа цвіце сад чарэшні. Таму правярайце ў сеціве, што і калі цвіце, ды наведвайце гэтае месца.

У цені вялікай кароны бука да гэтага часу сустракаюцца энтузіясты – як і 100 ці 200 гадоў таму – абʼяднаныя захапленнем прыродай. У 2023 годзе «Сэрца сада» перамог у польскім конкурсе «Дрэва года», арганізаваным «Клубам Гая», і такім чынам забяспечыў сабе ўдзел у еўрапейскім конкурсе.

Польскія дрэвы трэці раз запар перамаглі ў еўрапейскім конкурсе. У 2022 годзе пераможцам стаў 400-гадовы Дуб Дунін – Ахоўнік Белавежскай пушчы ў Пшыбудках у Падляскім ваяводстве, а ў 2023 годзе тытул Еўрапейскага дрэва года атрымаў 180-гадовы дуб Фабрыкант з Лодзі.

Яцэк Божэк кажа, што гэта вельмі празаічная справа, якая сведчыць пра моц сеціва і саўдзел грамадства:

-Так сталася, паколькі да справы далучыўся надзвычай папулярны ў Польшчы профіль Make Life.Harder. Ён у інтэрнэце мае велізарную папулярнасць. Гэтыя людзі далучыліся да справы, і мы ім вельмі ўдзячныя, што яны папулярызуюць польскія дрэвы. Гэта вялікі плюс на карысць польскіх дрэваў, але павінен прызнацца, што арганізатары конкурсу «Еўрапейскае дрэва году» ўжо непакояцца, што гэта толькі Польшча перамагае ў конкурсе. Я адказваю, што іншыя краіны павінны ўцягнуць у справу вядомых людзей, каб канкурэнцыя была большай.

Мэтай конкурсу «Еўрапейскае дрэва году» з’яўляецца прыцягненне ўвагі да цікавых старых дрэваў як важных элементаў прыроднай і культурнай спадчыны, якую неабходна шанаваць і ахоўваць.

-Дрэвы для нас вельмі важныя таму, што гэта жыццё. Па гэтай прычыне «Клуб Гая» ўжо 14 гадоў праводзіць конкурс на дрэва году ў Польшчы. Каб атрымаць еўрапейскае званне, найперш трэба перамагчы ў сваёй краіне. Асабіста я называю гэта будаваннем грамадскага капіталу вакол дрэваў. Таму што лакальныя ўлады, супольнасці павінны падаць сваё дрэва на наш конкурс, але з апісаннем. Чаму яны высоўваюць гэтае дрэва, чаму яго любяць, чаму яно важнае. Нашае журы выбірае фінальныя 16 дрэваў, а потым галасуюць ужо карыстальнікі інтэрнэту. Звычайна, гэта вельмі старыя дрэвы, велізарныя, але ёсць таксама дрэвы, звязаныя з каханнем пары, з хваробамі, а людзі пад гэтым дрэвам здаравелі. Таму гэта незвычайныя грамадскія гісторыі. І трэба падкрэсліць, што дрэвы з’яўляюцца важнымі не толькі па экалагічных прычынах, але па грамадскіх, гістарычных і звычайнага кантакту чалавека з прыродай, – кажа Яцэк Божэк.

Сёлета ў галасаванні прынялі ўдзел 15 самых цікавых дрэў з усёй Еўропы, якія перамаглі ў нацыянальных конкурсах. Усе яны маюць незвычайныя гісторыі і зʼяўляюцца важнай часткай мясцовай супольнасці. Падчас лютаўскага плебісцыту інтэрнэт-карыстальнікі аддалі больш за 170 тысяч галасоў за сваіх фаварытаў.

слухайце аўдыё

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце