Беларуская Служба

Дзякуючы рэцэсіі людзі жывуць даўжэй, пагоня за ростам нас забівае

25.03.2024 15:49
Падчас крызісу 2007-2009 гадоў кожны скачок беспрацоўя на 1 працэнтны пункт раўняўся змяншэнню смяротнасці амерыканцаў на 0,5 працэнта.
Якасць паветраMonika Wisniewska/Shutterstock

Пра парадокс эканамічных крызісаў піша сайт Business Insider.

Апошнія доказы таго, што дзякуючы рэцэсіі людзі жывуць даўжэй, а пагоня за ростам нас забівае, прадстаўлены ў новай публікацыі чатырох навукоўцаў на чале з вядомым эканамістам аховы здароўя Эмі Фінкельштэйн («Lives vs. Livelihoods» – «Жыццё супраць сродкаў да існавання»).

Яны выявілі, што падчас крызісу 2007-2009 гадоў кожны скачок беспрацоўя на 1 працэнтны пункт раўняўся змяншэнню смяротнасці амерыканцаў на 0,5 працэнта. Чым вышэй узровень беспрацоўя, тым даўжэй жывуць людзі, асабліва старэйшыя за 64 гады, і людзі без вышэйшай адукацыі.

«Смяротнасць змяншаецца імгненна і гэты ўзровень захоўваецца не менш за 10 гадоў», – заключылі эканамісты. Чатыром працэнтам усіх 55-гадовых людзей рэцэсія дала дадатковы год жыцця. А ў штатах, дзе назіраўся вялікі ўсплёск беспрацоўя, людзі часцей паведамлялі, што ў іх выдатнае здароўе.

Эканамісты выключылі шэраг магчымых прычын. Звольненыя супрацоўнікі не выкарыстоўвалі свайго вольнага часу, каб больш займацца спортам, не скарацілі курэння і не сталі менш выпіваць. Працягвалі распаўсюджвацца такія інфекцыйныя захворванні, як грып і пнеўманія, хаця людзі ў меншай ступені сутыкаліся з іншым патэнцыйна хворым, паколькі не хадзілі на працу. Пенсіянеры не атрымлівалі лепшай дапамогі, нават калі ў выніку беспрацоўя лягчэй было наняць персанал у дамах састарэлых.

Адказам стала забруджванне навакольнага асяроддзя. Эканамісты выявілі, што ў рэгіёнах, якія пацярпелі ад найбольшай страты працоўных месцаў падчас глабальнага крызісу, таксама адбылося найбольшае зніжэнне ўзроўню забруджвання паветра.

Падчас рэцэсіі менш людзей ездзіць на працу. Заводы і офісы запавольваюцца, і людзі скарачаюць спажыванне энергіі, каб зэканоміць грошы. У выніку паветра становіцца чысцейшым. У цэлым эканамісты выявілі, што падчас сусветнага эканамічнага крызісу ўзровень смяротнасці больш чым на траціну знізіўся праз больш чыстае паветра.

 У завяршэнні артыкула ў Business Insider чытаем: «На мове эканамістаў гэта азначае два вельмі нявыгадныя выбары: можна аддаваць перавагу багаццю, якое нас забівае, ці выбраць беднасць, якая дазваляе даўжэй жыць?»

яс