Беларуская Служба

Жыхары Польшчы заўважаюць усё больш мінусаў Еўрасаюза і ўсё менш плюсаў

02.04.2024 15:59
Дадзеныя дэманструюць значна меншы аптымізм, чым вынікі папярэдняга апытання з лістапада 2020 года.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Pixabay.com/Dusan_Cvetanovic

Rzeczpospolita прыводзіць вынікі апытання, якое паказвае, што значна зменшылася колькасць жыхароў Польшчы, якія бачаць у членстве краіны ў ЕС больш плюсаў, чым мінусаў. Даследаванне правёў цэнтр IBRiS для гэтага выдання.

Адказваючы на пытанне: «Што пераважае — перавагі ці недахопы сяброўства Польшчы ў ЕС?», 53,5% назвалі перавагі, а недахопы – 16,7%. Паводле 24,7 адсоткаў, пераваг і недахопаў прыкладна столькі ж.

Гэтыя дадзеныя дэманструюць значна меншы аптымізм, чым вынікі папярэдняга апытання з лістапада 2020 г. Тады перавагі адзначылі 64,4% рэспандэнтаў, недахопы – 17,1%, а балансаванне пераваг і недахопаў – 15,8%. За больш чым тры гады колькасць энтузіястаў упала на 11 працэнтных пунктаў.

Меркаваннем палітолага прафесара Рафала Хведарука, вынікі не здзіўляюць. Для многіх палякаў, асабліва старэйшых, свет апошніх двух дзесяцігоддзяў становіцца ўсё больш чужым, а адным з ягоных элементаў яны лічаць Еўрасаюз. Акрамя таго, кошт прыналежнасці да заходняга свету ўсё больш растуць. Гэта бачна ў структуры штодзённых выдаткаў, і палякі баяцца, што наступствы будуць яшчэ больш адчувальнымі ў выніку экалагічнай і энергетычнай трансфармацыі.

Кіраўнік IBRiS Марцін Дума, у сваю чаргу, задаецца пытаннем, ці палякі змяніліся, ці, можа, Еўрасаюз з-за сваёй палітыкі перастаў адпавядаць іх чаканням. Адным з фактараў, які выклікае змяншэнне веры ў перавагі ЕС, стаў «Зялёны лад», які прадугледжвае, між іншым, адмову ад аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання. Супраць гэтага часцей выступаюць жыхары вёсак, чым вялікіх гарадоў. Вяскоўцам цяжэй адмовіцца ад машыны, калі няма грамадскага транспарту.

Акрамя таго, вядучыя палітыкі партыі «Права і справядлівасць» апошнім часам узялі канфрантацыйны курс у адносінах да ЕС. PiS ужо даўно выкарыстоўвае антыеўрапейскую рыторыку, якая дае вынікі.

У апытанні рэспандэнтаў спыталі, які самы вялікі мінус прысутнасці Польшчы ў ЕС. Часцей за ўсё яны адзначалі, што ЕС увёў законы, якія Польшча прымушаная выконваць (33,8%), няроўнае стаўленне да краін (30,5%), міграцыю (12,5%).

У сваю чаргу найбольшымі плюсамі знаходжання ў супольнасці апытаныя лічаць: адкрытыя межы паміж краінамі (45,2%), фонды ЕС для Польшчы (20,6%), павышэнне бяспекі краіны (18,9%) і магчымасць адукацыі за мяжой (3,7%).

нг