Беларуская Служба

Каля 100 тыс. палякаў спажываюць медычную марыхуану. Нельга да яе ставіцца як да алкаголю ці цыгарэт

06.04.2024 18:40
Ёсць пацыенты, якім марыхуана прыносіць палёгку, але ёсць і тыя, хто купляе яе ў рэкрэацыйных мэтах.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Shutterstock/Tunatura

Gazeta Wyborcza піша пра медычную марыхуану, якая стала легальнай прыкладна паўтара года таму. Летась палякі выкурылі звыш 4,6 тоны такога зелля. Гэтай магчымасцю карыстаецца каля 100 тысяч жыхароў Польшчы. Выданне прыводзіць прыклад Дамінікі і Філіпа – пары, якая курыць медычную марыхуану, хаця нельга сказаць, што яна ім жыццёва неабходная. Філіп кажа, што наркотык дазваляе яму ўставаць раніцай з ложка, супакойвае і паляпшае адчуванне, змяншае дэпрэсіўны настрой.

Раней маладыя людзі куплялі марыхуану ў дылера, але яна дрэнна на іх уплывала, паколькі прадаўцы часта прымешваюць да яе цвёрдыя наркотыкі, каб кліент атрымаў больш моцны эфект. Цяпер жа не складае праблем скарыстацца рэцэптам, які выпісвае лекар, і купіць наркотык легальна ў аптэцы.

Фармацэўт Бартламей Залева адзначае, што ёсць пацыенты, якія сапраўды пакутуюць, і марыхуана прыносіць ім палёгку, але нельга сказаць, што няма людзей, якім у прынцыпе медычная марыхуана не патрэбная, яны яе купляюць у рэкрэацыйных мэтах. На думку Бэаты Мацееўскай, былой дэпутаткі левых сілаў, якая дзейнічала ў карысць легалізацыі медычнай марыхуаны, няма сэнсу раздзяляць карыстальнікаў. “Калі камусьці зелле папраўляе настрой, паляпшае жыццё, дык якая розніца, ці ён карыстаецца ім у медычных мэтах, ці рэкрэацыйных?”, - кажа яна.

Тым часам Дамініка і Філіп адзначаюць, што нельга ставіцца да марыхуаны як да алкаголю ці цыгарэт. Можна трапіць ад яе ў залежнасць, асабліва калі хтосьці купляе наркотык у дылера. Іншая праблема – аналізы могуць выкрыць марыхуану, нават калі чалавек выкурыў яе некалькі тыдняў назад. І таму тыя, хто яе спажывае, агулам не павінен сядаць за стырно аўтамабіля.

нг