Беларуская Служба

Палякі з Беларусі маюць цяжкасці з легалізацыяй у Польшчы

09.04.2024 14:32
Аднак расказаць аб гэтым публічна баяцца, апасаюцца, што скарга скончыцца для іх непрыхільнасцю з боку дзяржаўных органаў. Гэта выглядае так, як бы страх з Беларусі прыйшоў за імі ў Польшчу. Асабістую гісторыю  нам расказаў малады чалавек з Беларусі, які ў сваім адчаі мяркуе, што горш для яго ўжо не будзе.  
Аўдыё
  • Палякі з Беларусі маюць цяжкасці з легалізацыяй у Польшчы
Узор Карты палякаCouncil of Ministers of the Republic of Poland - Kancelaria Prezesa Rady Ministrów - Domena publiczna

Палякі з Беларусі змагаюцца з праблемай легалізацыі знаходжання ў Польшчы. Размова пра асобных людзей і нават цэлыя сем’і, якія з'ехалі ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі ў Польшчу і тут падаюць дакументы на польскае грамадзянства, у крайнім выпадку просяць аб сталым дазволе на жыхарства. Аднак усё не так проста, ёсць  цяжкасці — вялікія чэргі ў ваяводскіх упраўленнях, вельмі доўгая працэдура разгляду заяваў або нават немагчымасць запісацца ў чаргу праз абавязковую электронную сістэму.

Сітуацыя становіцца яшчэ больш складанай, калі заканчваецца тэрмін дзеяння беларускага пашпарта. Аляксандар Лукашэнка летась падпісаў указ, які забараняе беларускім дыпламатычным прадстаўніцтвам у Польшчы выдавалі пашпарты сваім грамадзянам. Дакумент выдаюць толькі ў Беларусі. Такім падступным спосабам улады вырашылі завабіць у краіну непакорлівых грамадзян, каб мець магчымасць пакараць іх.

Палякі з Беларусі, якія страцілі пашпарт, становяцца асобамі без грамадзянства.

Віцэ-спікер Сената Рафал Групіньскі ў інтэрв'ю нашай рэдакцыі заявіў, што працэдура атрымання грамадзянства для палякаў з Беларусі павінна быць больш простай.

Віцэ-спікер Сената Рафал Групіньскі: Прыклад з украінскімі ўцекачамі паказаў, што можна хутка атрымаць індывідуальны нумар жыхара Польшчы PESEL для сябе і дзяцей, каб карыстацца сістэмай аховы здароўя і запісацца ў польскую школу. Я думаю, што ў выпадку палякаў з Беларусі, якія былі вымушаныя пакінуць краіну, свае родныя мясціны, гэтае пытанне павінна вырашацца хутка. Я гэтым пацікаўлюся, паколькі дагэтуль мне, як сенатару ці віцэ-старшыні, не было вядома пра гэтыя праблемы.

З сур'ёзнымі цяжкасцямі, звязанымі з легалізацыяй знаходжання ў Польшчы, сутыкаюцца таксама маладыя перспектыўныя палякі з Беларусі, якія атрымалі адукацыю ў Польшчы і хочуць тут заставацца. 25-гадовы Сэбасьцьян Каліноўскі, які сем гадоў хадайнічае наконт сталага жыхарства ў Польшчы, распавёў нам пра свае шматгадовыя намаганні атрымаць права на пражыванне. Себасцьян мае Карту паляка, атрымаў ступень бакалаўра ў польскім універсітэце і працуе ў польскай кампаніі.

Сэбасьцьян Каліноўскі: У мяне ёсць Карта паляка і на гэтай аснове я магу падаваць на Карту на пастаяннае  жыхарства ў Польшчы. Я ўжо трэці раз падаю дакументы. Першы раз я падаваў праз фірму. У мяне ёсць Карта паляка, ёсць праца, я вучыўся — аднак мне адмовілі. Потым я падаўся ў Кракаве. Мой калега рабіў дакументы праз вялікае агенцтва і атрымаў Карту праз тры месяцы. Я таксама паехаў у Кракаў. У агенцтве жанчына мне сказала, што ў мяне ёсць Карта паляка і столькі гадоў жыву ў Польшчы, то не будзе ніякіх праблем. Яна мне зрабіла прапіску, аднак выявілася, што яна прапісала больш за 100 чалавек па адным адрасе. У ваяводскім упраўленні інспектар мне сказала, каб я забіраў дакументы - рашення не будзе, і параіла, што найлепш падацца ў Варшаве. Але ў Варшаве ў ваяводскай управе была такая чарга, што можна было падаць дакументы на Карту пастаяннага жыхарства толькі праз тры месяцы. Затым я патрапіў да калегі - уладальніка прадпрыемства, які ўсім сваім супрацоўнікам рабіў дакументы ва Уроцлаве. Сказаў, што там будзе усё добра і хутка. Праз месяц будзе год, як я чакаю рашэнне з Уроцлава. Два тыдні таму інспектар папрасіла дапоўніць інфармацыю пра выплату падаткаў, я гэта зрабіў, даслаў таксама  працоўны кантракт і прапіску ва Уроцлаве. 

З-за праблем з атрыманнем права на жыхарства ў Польшчы Себасцьян і іншыя этнічныя палякі з Беларусі ў падобнай сітуацыі насуперак усяму настойліва шукаюць спосабы легальна застацца і працаваць у Польшчы:

Сэбасьцьян Каліноўскі: Калі сітуацыя ў Беларусі станавілася ўсё горш і горш, і надышоў час каранавірусу, я зноў прыехаў у Польшчу на падставе польскай візы. Гэта было на самым пачатку пандэміі. Калі ў мяне скончылася віза, на аснове часовага распараджэння польскіх уладаў яе тэрмін аўтаматычна падоўжыўся. Год таму гэтая юрыдычная падстава была адменена. Цяпер я легальна знаходжуся ў Польшчы. Я магу на тэрыторыі Польшчы жыць і працаваць на той аснове, што чакаю рашэння аб Карце пастаяннага жыхарства.

Шматгадовыя беспаспяховыя намаганні займець права жыць у Польшчы і быць часткай польскага грамадства выклікаюць расчараванне, пачуццё крыўды і фрустрацыі.

Сэбасьцьян Каліноўскі: У мяне не хапае слоў, я не ведаю, што сказаць. Я амаль восем гадоў жыву ў Польшчы і ўсё не магу атрымаць Карту пастаяннага жыхарства. Апошні раз, калі быў у агенцтве, іх супрацоўнік мне параіў, што калі не атрымліваецца з ПМЖ, то я павінен падаваць на часовае. Як жа гэта?! - я павінен аддаць Карту паляка і рабіць Карту часовага пражывання? Кожны чужаземец можа прыехаць у Польшчу, будзе жыць адзін год і можа атрымаць дакументы на такой аснове, напрыклад, што працуе. Мне вельмі цяжка і крыўдна. Я нават думаў з'ехаць у іншую краіну і там рабіць дакументы.

Намеснік старшыні Сената Рафал Групіньскі ў інтэрв'ю для нашай рэдакцыі сказаў, што Польшча мусіць клапаціцца пра палякаў, якія з'ехалі з Беларусі.

Намеснік старшыні Сената Рафал Групіньскі: Хачу зазначыць, што прайшлі толькі тры месяцы з моманту фармавання новай улады. Я спадзяюся, гэта зменіцца. Тое, аб чым вы расказалі, звязана з павольнай працай ваяводскіх упраўленняў па справах іншаземцаў пры папярэдніх ваяводах. Я спадзяюся, што новае кіраўніцтва устаноў паскорыць усе працэдуры.


Рафал Групіньскі выказаў перакананне, што палякі, якія з'ехалі з Беларусі, павінны быць абароненыя польскай дзяржавай і што гэта задача дзяржаўных органаў.

Адным з заданняў Сената з'яўляецца клопат пра польскую супольнасць у замежжы, у тым ліку пра этнічных палякаў у Беларусі.


Падрыхтавала Яланта Смялоўская 

Кіраўнік Сенату мае намер заняцца пытаннем легалізацыі статусу беларускіх палякаў у Польшчы

04.04.2024 17:47
Сярод асноўных задач Сенату, вышэйшай палаты польскага парламенту, - дбанне пра палякаў замежжа. Прапануем вашай увазе інтэрв'ю з намеснікам старшыні Сенату Рафалам Групіньскім (Rafał Grupiński).