Беларуская Служба

Польская кампанія выйграла ў судзе з тэхналагічным гігантам з ЗША

17.04.2024 17:01
Рашэнне Варшаўскага суда – гэта прэцэдэнт у еўрапейскім маштабе.
ІлюстрацыяInactive_account_ID_249/pixabay.com/CC0 Public Domain
Варшаўскі суд забараніў пошукавай сістэме Google аддаваць перавагу ўласнаму сайту параўнання цэн і перанакіроўваць трафік на Google Shopping за кошт польскага Ceneo.pl або перашкаджаць у доступе да польскага сайта параўнання цэн, шляхам выдалення вынікаў пошуку, якія да яго вядуць, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.
Нагадваем, сайты параўнання цэн інакш сайты-агрэгатары ці маркетплэйсы – гэта анлайн-платформы, якія збіраюць і падаюць інфармацыю пра патэнцыйна цікавыя прадукты ці паслугі з розных анлайн-рэсурсаў у зручным для карыстальнікаў выглядзе.
Суд таксама забараніў Google змяшчаць несанкцыянаваную рэкламу Ceneo.pl. Як скардзіцца польская кампанія, незвязаныя з ёй суб’екты размяшчалі такую рэкламу, каб атрымаць інфармацыю аб перавагах ейных кліентаў. На думку газеты, рашэнне Варшаўскага суда – гэта прэцэдэнт у еўрапейскім маштабе, які можа заахвоціць сайты-агрэгатары ў іншых краінах пачаць змагацца за справядлівы і канкурэнтны лічбавы рынак.
Судовая забарона была вынесеная 14 сакавіка і застанецца ў сіле да моманту завяршэння справы, узбуджанай польскай кампаніяй супраць амерыканскага гіганта 28 сакавіка, паведамляе выданне Dziennik Gazeta Prawna.
аз