Беларуская Служба

Першаму каналу Польскага радыё – 98 гадоў! (ФОТА + ВІДЭА)

18.04.2024 16:09
«Алё, алё! Польскае радыё Варшава, хваля 480 метраў», – гэта былі словы, якія ўвайшлі ў гісторыю не толькі польскага радыёвяшчання, але і ў гісторыю краіны ўвогуле.
Аўдыё
  • Першаму каналу Польскага радыё – 98 гадоў!
Program 1 Polskiego Radia nadaje od 18 kwietnia 1926 roku
Program 1 Polskiego Radia nadaje od 18 kwietnia 1926 rokuPolskie Radio

Першы канал Польскага радыё адзначае дзень нараджэння! Сёння нашыя калегі з “Адзінкі” святкуюць 98 гадоў з моманту, калі першыя пазыўныя радыёстанцыі прагучалі ў эфіры. Гэта было 18 красавіка 1926 года роўна а 17:00 гадзіне па варшаўскім часе.

Польскае радыё як кампанія было заснаванае 17 жніўня 1925 году, хоць пробная перадача, а дакладней, пазыўныя прагучалі ў эфіры 1 лютага 1925 году на сярэдняй хвалі ў дыяпазоне 385 метраў. А вось 98 гадоў таму, 18 красавіка 1926 году, пачаўся рэгулярны эфір. «Алё, алё! Польскае радыё Варшава, хваля 480 метраў», – гэта былі словы, якія ўвайшлі ў гісторыю ня толькі польскага радыёвяшчання, але і ў гісторыю краіны ўвогуле.

Студыя Польскага радыё перад вайной фота: NAC Студыя Польскага радыё перад вайной фота: NAC

«Пачыналі мы пастаянны эфір упяцярых», – успамінаў тыя часы праз гады галоўны інжынер і дыктар Польскага радыё Раман Руднеўскі. «Гэта быў я, двух інжынераў, электратэхнік і дыктар Галіна Вільчыньска», – згадваў першапраходца Польскага радыё. Паводле яго, у тыя часы радыё было нечым незвычайным, нейкай тэхналогіяй не з гэтага свету. І тады, у 1920-я гады, сярод бамонду лічылася добрым густам мець радыёпрыёмнік, слухаць радыё і пазней гэтым хваліцца сярод знаёмых і сяброў.

Святочны торт у студыі "Адзінкі" фота: Maciej Serzysko/Polskie Radio Святочны торт у студыі "Адзінкі" фота: Maciej Serzysko/Polskie Radio

Сёння Першы канал Польскага радыё – гэта сучасная радыёстанцыя, якую можна слухаць ва ўсім свеце. З нагоды дня нараджэння нашы калегі з «Адзінкі», бо так у Польшчы называюць Першую праграму, падрыхтавалі для слухачоў шмат сюрпрызаў, падарункаў і спецыяльных перадач.

Вядомы польскі музычны журналіст і адначасова журналіст «Адзінкі» Павел Штомпке сказаў нам, што, нягледзячы на сур'ёзную дату – 98 гадоў, - Першы канал не «збіраецца на пенсію», а наадварот – поўны энергіі.

- Нам далёка да пенсіі, у нас шмат энергіі. І кожны дзень мы стараемся пакарыць сэрцы і верных старых слухачоў, і прыцягнуць новых. У Польскага радыё – багацейшая гісторыя і традыцыі. Калі я думаю пра гісторыю радыё, то адразу ў памяці прыгадваю сваіх бацькоў і дзядоў, які, скажам так, выхаваліся на радыё. Дарэчы, дзякуючы ім я закахаўся ў радыё! Але радыё – гэта таксама сучаснае пакаленне. Для яго радыё можа не настолькі важнае, як для майго пакалення, але, як мне здаецца, радыё надалей адыгрывае значную ролю ў нашым жыцці. Радыё, нягледзячы на сучасныя тэхналогіі, працягвае развівацца.

Павел Штомпке ў студыі "Адзінкі" фота: C. Piwowarski Павел Штомпке ў студыі "Адзінкі" фота: C. Piwowarski

Першы канал Польскага радыё мае музычна-інфармацыйны фармат. Слухаючы “Адзінку”, можна пачуць не толькі сучасную музыку і музыку мінулых гадоў, але таксама атрымаць шмат карыснай і праверанай інфармацыі, праслухаць публіцыстычныя перадачы, рэпартажы і спектаклі радыётэатру, якія цяпер гучаць рэдка ў іншых радыёстанцыях. Гаворыць Павел Штомпке.

- Мы – універсальнае радыё і такім стараемся заставацца, таму што гэтага ад нас хочуць слухачы. Узрост нашых слухачоў – абсалютна розны: ад старэйшага пакалення праз сярэдняе, і ажно да моладзі. Таму музыка, якая гучыць на нашых хвалях, павінна задаволіць усе пакаленні. Перш за ўсё гэта польская музыка, але мы стараемся ўтрымліваць раўнавагу ў суадносінах паміж польскай і замежнай музыкай, сучаснай музыкай і музыкай мінулых гадоў. Але “Адзінка” – гэта не толькі музыка, але і навіны, публіцыстыка і радыёспектаклі.

Дарэчы, пазыўны Першага каналу – гэта пачатак славутага твору Фрыдэрыка Шапэна – паланэза Опус 40, кажа музычны журналіст “Адзінкі” Адам Розлях, які штотыдзень вядзе праграму “Канцэрт музыкі Шапена”.

- Пазыўны “Адзінкі” – гэта пачатковы матыў твору Шапэна. Пазыўны мае такую ж доўгую гісторыю, як і Першы канал. Творы вядомейшага кампазітара гучаць у нашым эфіры штотыдзень. Я перакананы, што Шапэн быў, ёсць і будзе на хвалях “Адзінкі” і Польскага радыё.

Адам Розлях у студыі Польскага радыё фота: Wojciech Kusiński/Polskie Radio Адам Розлях у студыі Польскага радыё фота: Wojciech Kusiński/Polskie Radio

Першы канал – гэта не толькі сучаснае радыё, але таксама багатая гісторыя. У эфіры радыёстанцыі гучаць праграмы, якім па некалькі дзясяткаў гадоў, але якія надалей застаюцца папулярнымі сярод слухачоў, у тым ліку і маладога пакалення. Гэта, для прыкладу, “Сігналы дня” – ранішняя музычна-інфрмацыйна перадача, якая штодзень гучыць у эфіры з 6:00 да 9:00 раніцы. Альбо “Лета з радыё” – інфармацыйна-музычна-забаўляльная перадача, якую можна слухаць выключна летам. Прыкладаў – шмат, і каб усе прывесці, нам не хапіла б часу.

Віншуем калег з “Адзінкі” з днём нараджэння і жадаем усяго самага-самага найлепшага! Але галоўнае – спаўнення мараў і як мага больш слухачоў!

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

аўдыёфайл утрымлівае гістарычныя пазыўныя Польскага радыё