Беларуская Служба

Былы настаўнік возіць смецце і не скардзіцца на жыццё

22.04.2024 13:54
Не важна дзе працаваць – важна ў любым месцы заставацца чалавекам. Так лічыць былы настаўнік, які ў эміграцыі працуе грузчыкам на смеццявозе.
Аўдыё
  • Былы настаўнік возіць смецце і не скардзіцца на жыццё
Уладзіслаў Бернат прыватны архіў

 У школе не прыжыўся

Уладзіслаў Бернат скончыў філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы, пасля чаго працаваў настаўнікам англійскай мовы ў адной з гарадскіх школ. Пазней працаваў у родным горадзе барменам, а таксама спяваў у гурце “Дзецюкі”.

Згадваючы сваю педагагічную дзейнасць кажа, што немагчыма было прызвычаіцца да савецкай сістэмы адукацыі.

-Вельмі складана гэта апісаць. Бо з дзецьмі працаваць весела, цікава, тым больш з маім знешнім выглядам - яны вешаліся на мяне, як на майскі слупок. Але галоўная праблема беларускай адукацыі – сама сістэма. Я не вытрымаў, бо было дастаткова цяжка. І я гляджу на ўсіх маладых спецыялістаў, якія прыйшлі разам са мной – у школе з іх ніхто больш не працуе.

Прываблівае патрыятычнасць “Дзецюкоў”

Што датычыць музыкі, то Уладзіслаў з дзяцінства цягнуўся да музычных інструментаў, іграў на гітары, спрабаваў вучыць іншых. З 18 год пачаў іграць і спяваць у гуртах. Праўда, з жалем заўважае, што не мае адмысловай музычнай адукацыі.

Яшчэ ў школьным узросце палюбіў беларускую музыку, а ўжо ў старэйшых класах, як сам прызнаецца, быў фанатам “Дзецюкоў”.

-І калі мне прыйшла прапанова далучыцца да гурта, то я думаў прыкладна секунд пяць…

Суразмоўца асабліва падкрэслівае патрыятычнасць рэпертуару гурта, надае вялікае значэнне песням пра паўстанне Кастуся Каліноўскага і кажа, што асабіста для яго гэта тэма вельмі блізкая.

-Я думаю, што такі рэпертуар цяпер блізкі кожнаму свядомаму беларусу, бо кожны павінен ведаць гісторыю сваёй краіны. І не толькі ведаць, але і перадаваць яе для іншых, для наступных пакаленняў. Бо яе ўжо не вучаць у школе, з падручнікаў выкрэсліваюць артыкулы пра паўстанне Каліноўскага. А для мяне найбольш цікавыя фрагменты з апошніх двухсот гадоў нашай гісторыі звязаны менавіта з гэтым паўстаннем.

Яшчэ выступаючы на канцэртах у Беларусі Уладзіслаў кажа, што атрымліваў вялікую сатысфакцыю ад таго, што іх песні музыка набліжала многіх маладых людзей да беларускасці.

-А з другога боку бывае цяжка, бо заўсёды знаходзяцца людзі, якія супраць, якія будуць казаць: “говоріте на нормальном языке”. Яны ёсць і зараз, але іх становіцца менш, бо многія зразумелі, што іх ашукваюць. Людзі пачынаюць думаць. І я маю надзею, што і мы сваёй музыкай спрычыніліся да таго, каб гэты працэс ішоў.

Была вера, але было і страшна

Уладзіслаў згадвае, што іх гурт ніколі не меў у Беларусі дзяржаўнай падтрымкі, а перад 20-ым годам іх канцэрты папросту пачалі забараняць, прычым, з фармулёўкай “з-за нізкага мастацкага ўзроўню”. Хлопцы з гэтай нагоды нават зрабілі кашулькі з такой цытатай і працягвалі выступаць.

-Але мы надалей працягвалі рабіць сваё. Нейкі час гэта былі андэграўндныя канцэрты з малой колькасцю людзей. І калі ў 2019 годзе нам дазволілі афіцыйна за доўгі час правесці канцэрт – для нас гэта быў шок. Мы паверылі ў нейкую беларусізацыю. Праўда, у 20-ым годзе гайкі заціснулі канчаткова.

Дзявятага жніўня ўвечары Уладзіслаў працаваў у бары і згадвае, што гэта была незвычайная ноч.

-Я памятаю, як да нас забягалі людзі за якімі мы адразу зачынялі дзверы. Бар быў забіты людзьмі, якія сядзелі, баяліся, не было інтэрнэту і немагчыма было куды-небудзь датэлефанавацца.

Пад раніцу, калі “слабавікі”, як называе іх Уладзіслаў, раз’ехаліся, хлопцы пайшлі шукаць сяброў, якіх маглі затрымаць. Цяпер яму згадваецца гэта нейкім сном.

-У галаве насамрэч тады была каша: пяцьдзясят на пяцьдзясят. З аднаго боку – зможам, а другія пяцьдзясят адсоткаў – усё, капец. Мы больш не вернемся, нас паб’юць, што будзе з роднымі… Была, канешне, і вера ў людзей, але самае моцнае пачуццё ў чалавека – страх.  І таму, зразумела, мы ўсе баяліся, якімі б героямі не хацелі падавацца.


. 

У Беластоку пайшоў працаваць на смеццявоз - падабаецца

З’язджаць давялося пасля таго, як арыштавалі гітарыста гурта і пачалі яго дапытваць. Тады, а гэта аж у жніўні 22-го году, згадвае Уладзіслаў, і было прынята такое рашэнне.

-Цяжка, страшна выходзіць на вуліцу было. Больш ездзіў таксоўкамі, бо тралейбусы, аўтобусы – усё тое, што нагадвала пра збіццё, пра АМАП і ўсе гэтыя налепкі кшталту “не дадім разваліць страну”… Кожную раніцу баяўся, што пагрукаюць у дзверы, апошнія паўтары месяцы нават жыў у сяброў.

У Беластоку Уладзіславу дапамог сябра, які з’ехаў раней. У яго жыў, той уладкаваў яго на працу грузчыкам на смеццявоз. Суразмоўца кажа, што праца яму падабаецца, паколькі ён наагул любіць працаваць фізічна, а яшчэ і ўвесь час на свежым паветры.

Што датычыць таго, што чалавек з вышэйшай адукацыяй, артыст і раптам на смеццявозе – Уладзіслаў папросту ўсміхаецца.

-Наконт адукацыі – мне здаецца, што гэта ўжо нейкі перажытак так думаць. Чалавек з вышэйшай адукацыяй можа працаваць фізічна недзе на заводзе, на сметніку, ды дзе заўгодна. Гэта ўсё ж пра тое куды чалавека больш цягне. Галоўнае ўсё ж заставацца чалавекам паўсюль, нават на тым самым сметніку. Гэта праца мне падабаецца і я не ведаю ці я буду яе змяняць.

Між іншым пацікавіўся – ці Беласток можна лічыць чыстым горадам?

-З кожным годам людзі ўсё больш прызвычайваюцца да чысціні. Гэта заўважна нават па тым, як больш дакладна сартуецца смецце. Я бачу, як моладзь 18 гадовая выкідвае апалкі ў сметніцы, а не на асфальт. У той час, калі людзі старэйшага веку – сорак і за сорак могуць сабе дазволіць выкінуць нешта проста на вуліцы. Цешыць тое, што прагрэс тут адбываецца, Беласток з кожным годам становіцца чысцейшым. І мне гэта падабаецца, бо я тут жыву.

Дарэчы, параўноўваючы чысціню ў Беластоку і Гродне, суразмоўца кажа, што параўнанне не на карысць яго роднага гораду, паколькі там яшчэ вялікія праблемы з сартаваннем смецця, але, на яго думку, гэта вырашаецца з часам.

На жыццё хапае і Польшча стала не чужой краінай

Што датычыць матэрыяльнага стану, Уладзіслаў кажа, што на жыццё зарабляе. Найбольш даводзіцца плаціць за кватэру, але ён жыве разам з дзяўчынай, абодва працуюць, а таму грошай хапае не толькі, каб пражыць, але і адпачыць.

-Дзеля таго, каб дазволіць тут тое, што ў мяне было там, шмат не трэба. Асноўнае хобі – гэта музыка і праца ў бары. Я рабіў у бары ў Гродне і працую тут. Я займаўся музыкай там і займаюся тут. Шкада, канешне, што там засталіся некаторыя людзі па якіх я сумую.

Горад яму стаў блізкім, хаця пра дом згадвае часта і, канешне, не ведае, калі давядзецца туды вяртацца. За гэты час і Польшча стала для яго не чужой краінай.

к казала некалі мая цёця – будзьце, як дома, але не забывайцеся, што вы ў гасцях. Тут я адчуваю сябе, як дома, бо тут мае сябры, мая праца, музыка. Але я ўсё ж разумею, што гэта не мой дом. Але тут творчая свабода, магчымасць рабіць тое, што ніколі не дазволіў бы там. Тут можна, як мінімум, выказваць свае думкі і нічога страшнага табе за гэта не будзе.

Павел ЗАЛЕСКІ

Здымкі з архіва Уладзіслава Берната

.