Беларуская Служба

Першы Чарнобыльскі шлях быў у верасні. Ён адыграў вялікую ролю ў справе галоснасці пра катастрофу на ЧАЭС

26.04.2024 15:06
У Варшаве сёння пройдзе беларускі Чарнобыльскі шлях. Згадваем некаторыя важныя моманты гэтай грамадска-палітычнай акцыі.
Аўдыё
   , 2013 ,  .
Чарнобыльскі шлях у Мінску, 2013 год, архіўнае фота.Фота: bnp.by

У дзень катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у Беларусі шмат гадоў праходзіла традыцыйнае шэсце Чарнобыльскі шлях. Першая акцыя адбылася ў 1989 годзе, і насамрэч іх у той год было дзве — у красавіку і ў верасні.

26 красавіка ў Мінску прайшла «Гадзіна смутку і маўчання» на плошчы Леніна (цяпер гэта плошча Незалежнасці). А ў верасні 1989 года адбыўся ўласна першы Чарнобыльскі шлях.

«Першы Шлях быў у верасні. Калі я не памыляюся, заяўнікам быў Алесь Бяляцкі. Пісьменнік, грамадскі дзеяч Алесь Адамовіч прывёз з Масквы вядомага тады савецкага акадэміка Веліхава, які выступіў на мітынгу і падтрымаў беларусаў. Чарнобыльскі шлях прайшоў на высокім узроўні, гэта была моцная акцыя, і яна адыграла вялікую ролю ў прарыве хлусні, якую збудавалі камуністы вакол Чарнобыля», — расказвае грамадскі дзеяч Вячаслаў Сіўчык.

1989 год, верасень, Чарнобыльскі шлях у Мінску, фота Уладзіміра Сапагова.
1989 год, верасень, Чарнобыльскі шлях у Мінску, фота Уладзіміра Сапагова. vytoki.net
Прафесар Ежы Эйслер (prof. Jerzego Eislera) у эфіры Польскага радыё таксама расказваў пра цэнзуру, якая датычылася інфармацыі пра аварыю. Гэта архіўны запіс:

— 28 красавіка ў Польшчы было зафіксавана значнае павышэнне радыеактыўнага выпраменьвання. У несуверэннай Польшчы, падпарадкаванай савецкім інтарэсам, інфармацыя пра катастрофу ў Чарнобылі  трымалася пад цэнзурай некалькі дзясяткаў гадзін. Важным была тое, што Савецкі саюз пад кіраўніцтвам Гарбаччова, які задэклараваў палітыку перабудовы, палітыку галоснасці ці празрыстасці ў публічным жыцці, але гэтым разам, як і ў папярэдні гады не было размовы пра якую-кольвек празрыстасць. Калі б трагедыю не зарэгістравалі ў скандынаўскіх краінах, можна дапусціць, што свет ніколі б не даведаўся пра трагедыю, якая разыгралася на Чарнобыльскай АЭС, — сказаў праф. Ежы Эйслер у перадачы «Хроніка двух тысячагоддзяў».



Вячаслаў Сіўчык падкрэслівае, што незалежніцкі грамадскі рух у Беларусі ў 19090-ыя гады шмат зрабіў і для галоснасці ў тэме аварыі на ЧАЭС, і для ліквідацыі наступстваў:

«Чарнобыльская катастрофа — гэта не толькі тэхнагенная аварыя, але і тая хлусня, якой камуністы павялічылі ўсе рызыкі для беларускага грамадства ў сувязі з аварыяй І менавіта супраць гэтай хлусні паднялася тады беларускае грамадства. Гэта арганізоўваў Беларускі народны фронт, і ўдалося пераламіць. Хацеў бы, каб не забываліся, што Вярхоўны савет 12-га склікання прыняў адэкватны закон аб мінімізацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, і галоўнае было зроблена. На мяжы 1980-1990-ых атрымалася прымусіць камуністаў перастаць труціць людзей, бо ў той час перамешвалі чыстую і забруджаную сыравіну, прадукты, каб прайсці радыелагічны кантроль. Было праведзена масавае адсяленне з найбольш небяспечных раёнаў. Але ўся беларуская нацыя постчарнобыльская, дактары ў ваенкаматах яшчэ дзесяць гадоў таму скардзіліся, што няма здаровай моладзі. Другая катастрофа — гэта прыход Лукашэнкі да ўлады, таму на Чарнобыльскім шляху ў 1996-ым годзе быў лозунг «У Беларусі дзве катастрофы — Чарнобыль і Лукашэнка». І гэта праўда».

У 1996 годзе Чарнобыльскі шлях і шэраг палітычных акцый увайшлі ў гісторыю пад агульнай назваю «Мінская вясна». Дарэчы, тады ж і паўстаў вядомы цяпер праваабарончы цэнтр «Вясна» — як рэакцыя на пераслед людзей, якія ўдзельнічалі ў тым пратэсце. Нагадаем, што заснавальнік «Вясны» праваабаронца, грамадскі дзеяч Алесь Бяляцкі з’яўляецца лаўрэатам Нобелеўскай прэміі Міру. Цяпер ён у зняволенні.

«Беларусы не мусяць быць маўклівымі, яны мусяць казаць пра свае інтарэсы і ніколі не забывацца, што большасць радыёнуклідаў выпала на тэрыторыі Беларусі, бо, каб уратаваць Маскву, савецкая авіяцыя асаджвала ўсе хмары, якія маглі пайсці ў маскоўскім кірунку з боку Чарнобыля», — нагадвае пра каланіяльны падыход Масквы Вячаслаў Сіўчык у звязку з падзеямі 1986-га года.

Суразмоўца кажа, што цяпер Беларусь у зоне вялікай рызыкі: на тэрыторыі краіны побач з межамі ЕС знаходзицца атамная станцыя, якую будавала Расія, завезеная расійская тактычная ядзерная зброя, што ставіць пад рызыку ўдару тэрыторыю краіны.

Сёння ж у Варшаве адбудзецца Чарнобыльскі шлях – шэсце і кароткі мітынг пад лозунгам  «Не - расійскай ядзернай зброі ў Беларусі! Не - ядзернай вайне!».

17.30 — збор каля помніка Каперніку (Krakowskie Przedmieście, 00-333 Warszawa)
18.00 — мітынг і потым шэсце да помніка

вх