Беларуская Служба

Таямніца дзевятай планеты ў Сонечнай сістэме

09.05.2024 17:24
Разлікі паказваюць, што ў Сонечнай сістэме можа быць яшчэ адна планета, і гэта не дэградаваны Плутон.
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/Comfreak

Падобны аб'ект абмяркоўвалі некалькі тысяч гадоў таму ў старажытнай Месапатаміі. А да нядаўняга часу ён быў больш аб'ектам вывучэння астролагаў, а не астраномаў. І ўсё ж разлікі паказваюць, што ў Сонечнай сістэме можа быць яшчэ адна планета, і гэта не дэградаваны Плутон.

Сонечная сістэма, здаецца, грунтоўна даследавана людзьмі, але можа хаваць яшчэ не адну таямніцу. Размова пра існаванне дзевятай планеты ў Сонечнай сістэме, пра якую разважалі яшчэ старажытныя астраномы. Па гэтым пытанні ёсць ускосныя доказы, аднак цвёрдых пакуль няма, тлумачыць Ежы Рафальскі з Планетарыя ў Торуні.

— За Нептунам вакол Сонца кружыць мноства невялікіх нябесных цел, гэтак званы Пояс Койпера — гэта невялікія абломкі з лёду і скал. Даследчыкі назіралі за арбітамі некаторых з іх. Аказваецца, некаторыя астэроіды кружаць вакол сонца па дзіўнай арбіце. І так не можа быць само па сабе. Нешта далёка за Нептунам змяніла арбіты гэтых нябесных цел. Гэта мусіць быць штосці вялікае.

 Як сталася, што людзі даследуюць далёкія галактыкі і паспяхова выяўляюць  пазасонечныя планеты, а даказаць наяўнасць вялікага аб'екта на нашым касмічным панадворку — праблема?

—  З дапамогай магутных тэлескопаў мы шукалі буйную планету далёка, але яшчэ нічога не знайшлі. Аднак сцежкі — арбіты астэроідаў за Нептунам — сведчаць, што яны кружаць не зусім выпадкова. Так узнікла гіпотэза, што далёка на мяжы Сонечнай сістэмы знаходзіцца планета. Якая яе велічыня — невядома. Паводле разлікаў яна мусіць быць у 10 разоў большай, масіўнейшай за Зямлю, падобная на Уран ці Нептун.

Гіпотэзаў шмат,  а праблема ў тым, што даследчыкі пакуль не выявілі таямнічую дзевятую планету.

— Мы даследуем Сусвет у інфрачырвоным святле, шукаем аб'екты, якія выдзяляюць цяпло. І нават, калі ёсць планета не надта гарачая, але вялікая, то мы павінны яе ўбачыць, нават, калі яна чорнага колеру. Мусім убачыць хаця б след цяпла гэтай планеты, а не бачым. Усё ж такі, даследчыкі не выключаюць існавання вялікай планеты, хоць яе  яшчэ не знайшлі.

Апошнія даследаванні па гэтай справе апублікавалі японскія вучоныя. Яны мяркуюць, што ў гэтым выпадку можа ісці гаворка пра скалістую планету велічыёй у 2-3 Зямлі. Яе ўмоўна называюць планетай Пояса Койпера.

яс/Пшэмыслаў Ліс

 

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка