Беларуская Служба

Такога працэсу ў Польшчы раней не было. Грамадзянін падаў у суд на прэзідэнта за парушэнні канстытуцыйнага ладу

11.05.2024 10:26
Пазоў быў пададзены ліпені 2020 г., аднак варшаўскі суд толькі цяпер вызначыў тэрмін першага пасяджэння.
 .
Польскі суд. Ілюстрацыйны здымакDarSzach/ Shutterstock

У Варшаве пачаўся грамадзянскі працэс, у якім адказчыкам выступае прэзідэнт Рэспублікі Польшча. Герард Вейхерт (Gerard Wejchert), які жыве ў Сілезіі, падаў у суд на Анджэя Дуду за парушэнне вяршэнства права ў краіне. Сведкамі з'яўляюцца былыя старшыні Канстытуцыйнага суда, паведамляе «Gazeta Wyborcza».

Пазоў быў пададзены ліпені 2020 г., аднак варшаўскі суд толькі цяпер вызначыў тэрмін першага пасяджэння.

– Відаць, што рэформа сістэмы юстыцыі пад кіраўніцтвам Збігнева Зёбры (Zbigniew Ziobro) не атрымалася, – саркастычна кажа Вейхерт.

За парушэнні прынцыпаў прававой дзяржавы мужчына дамагаецца ад прэзідэнта Польшчы 5 тысяч злотых на грамадскія мэты, а таксама размяшчэння на сайце Prezydent.pl выбачэнняў наступнага зместу: 

«Прэзідэнт Рэспублікі Польшча Анджэй Дуда, як прадстаўнік дзяржаўнай казны і найвышэйшы субʼект дзяржаўнай улады, абавязаны забяспечыць выкананне Канстытуцыі Рэспублікі Польшча, просіць прабачэння ў пазоўніка Герарда Вейхерта за незаконнае парушэнне яго правоў, гарантаваных прынцыпамі вяршэнства права, запісаных у Канстытуцыі і праве ЕС».

Герард Вейхерт таксама напісаў у позве, што Анджэй Дуда мусіць прачытаць прабачэнні на прэс-канферэнцыі, на якую запросіць тэлебачанне TVN, Pоlsat, выданні «Gazeta Wyborcza» i «Rzeczpospolita» (яны былі ў няміласці папярэдняга ўраду ПіС. Анджэй Дуда быў кандыдатам ад гэтай партыі на прэзідэнцкіх выбарах, – рэд.). Адначасова пазоўнік просіць суд загадаць Прэзідэнту дзейнічаць на карысць абароны канстытуцыйнага парадку ў краіне.

Грамадзянін Герард Вейхерт высунуў Прэзідэнту абвінавачанне ў тым, што ён садзейнічаў стварэнню права, якое выклікала крызіс вакол Канстытуцыйнага суда, дазволіла абʼяднанне пасады Генеральнага пракурора і Міністра юстыцыі ды падарвала прынцып незалежнасці судоў і суддзяў.

У выніку Вейхерт лічыць сябе пазбаўленым сваіх грамадзянскіх правоў. Мужчына чакае, што суд агучыць вырак да жніўня 2025 г. то бок, перад тым як скончыцца другі тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Анджэя Дуды, напісала «Gazeta Wyborcza».

яс