Мае трэнінгі дапамагаюць вучыцца разнявольвацца
Аляксандр у свой час атрымаў дзве вышэйшыя адукацыі: скончыў Акадэмію мастацтваў, а пасля яшчэ і атрымаў дыплом псіхолага. Кажа, што ў жыцці яму ўдалося спалучыць абедзве прафесіі.
- Я распрацаваў трэнінгі на падставе тэатральнай і псіхалагічнай адукацыі – у мяне спалучэнне псіхалогіі і тэатру. Працаваў і працую з дзецьмі і з дарослымі. Мае трэнінгі дапамагаюць людзям вучыцца разнявольвацца.
Суразмоўца распавядае, што цяпер займаецца стварэннем такой праграмы для эмігрантаў. Паводле яго, гэта тэма вельмі запатрабаваная. Асабліва сярод дарослых.
- Мне падаецца, што дзеці трохі лягчэй пераносяць вымушаную эміграцыю. А бацькі гэтага не паказваюць, трымаюць усё ў сабе – гэта самая страшная рэч. Бо калі доўга трымаць у сабе розныя хваляванні, то ўрэшце гэта можа выбухнуць праз неўрозы, дэпрэсіі, інфаркты, мігрэні. Карацей, гэта фізічна можа неяк праявіцца.
Вучу, як выплюхнуць тое, што чалавека трывожыць
У аснову свайго метаду суразмоўца паклаў менавіта ўплыў мастацтва на чалавека.
- Асноўная мэта майго метаду, каб людзі праз тэатр, жывапіс, танец, акторскае майстэрства змаглі выплюхнуць з сябе тое, што ў іх засела і трывожыць. Гэта можа выглядаць і як нейкае перфоманснае мастацтва. Да прыкладу, як гэта рабіла наша вядомая беларуска Яна, калі праводзіла “Хвіліны крыку”. Вось такім чынам усё, што ў яе засела недзе ў вантробах, яна выплюхвала вонкі. Я ж хачу прапанаваць рабіць гэта праз мастацтва.
Падтрымлівайце адзін аднаго
Цікаўлюся – як шмат людзей, якія патрапілі ў эміграцыю, патрабуюць дапамогі псіхолага?
- Сто адсоткаў, нават сто адзін. Я зараз працую з групай дарослых, у нас шэсць чалавек. На пачатку планавалася, што людзі будуць прыходзіць на спакойныя трэнінгі, дзе маглі б разняволіцца праз пэўныя фізічныя рухі. А на другім альбо трэцім занятку мы зразумелі, што ў кожнага з іх, у тым ліку і ў мяне, значныя праблемы дэпрэсіўнага кшталту, і кожнаму з нас патрэбная дапамога адмыслоўца. І калі я працую з гэтымі дарослымі, то гэта і для мяне таксама тэрапія.
Спадар Аляксандр заўважае, што далёка не ўсе эмігранты могуць атрымаць дапамогу псіхолага, але нават на бытавым узроўні ў межах сваіх дыяспар прапануе проста па чалавечы падтрымліваць адзін аднаго.
- Людзі павінны падтрымліваць адзін аднаго на сваіх жыццёвых прыкладах, маўляў, у мяне была такая праблема і я з ёй такім чынам справіўся. А іншы пра сваё распавёў. Вельмі важна абменьвацца жыццёвым досведам.
Бярыце прыклад са сваіх дзяцей
Ён звяртае ўвагу на тое, што беларусы па сваёй ментальнасці больш інтраверты і ім складана звяртацца за псіхалагічнай дапамогай ці нават проста дзяліцца з землякамі сваімі праблемамі. У псіхолага ёсць парады і на такія выпадкі.
-Я б у такім выпадку параіў беларускім эмігрантам браць прыклад з сваіх дзяцей.
- Што гэта значыць?
- Гэта значыць на прыкладзе сваіх дзяцей інтэгравацца ў польскае грамадства. Дзеці ходзяць у школу і такім чынам інтэгруюцца, вывучаюць мову. Бацькам варта ісці ў паліцыяльныя школы - не важна якога накірунку. Проста быць у асяроддзі людзей і вывучаць польскую мову і культуру. І яшчэ: выставы, музеі, кіно…
Забудзьце, што вы тут часова
Спадар Аляксандр заўважае, што частка беларусаў вельмі актыўныя ў дзейнасці сваёй дыяспары. І гэта, паводле яго, патрэбна, але раіць не зацыклівацца толькі на беларускіх справах.
- Акрамя гэтага, павінна быць сучаснае жыццё. Бо калі мы пачнём чапляцца толькі за сваё, то атрымліваецца, што псіхалагічна не можам адпусціць радзіму. А яна нідзе ад нас і так не дзенецца. Мне здаецца, што многія беларусы лічаць, што яны тут часова. Гэтую формулу трэба забыць. Калі вы будзеце так думаць, то і жыццё можа мінуць. Вашы дзеці вырастуць, а вы зразумееце, што жылі ва ўчорашнім дні і раптам апынуліся ў заўтрашнім, але вы не разумееце, што з вамі адбывалася тут. А дзе тое жыццё? А ўсё, няма жыцця…
У 20-м годзе беларусы перанарадзіліся
У Беларусі спадара Аляксандра звольнілі з працы, бо ўдзельнічаў у пратэстах, асудзілі за падпіску на “экстрэмісцкія” каналы. Пасля гэтага не мог знайсці працу і вырашыў з’ехаць. Цікаўлюся ў яго як у псіхолага, што на яго думку адбывалася з беларусамі ў 20-ым годзе?
- Перанараджэнне. І большасць грамадства спалохалася. Яны адкрылі вочы, убачылі гэта ўсё… Некаторыя на адрэналіне ішлі далей, а некаторыя вярнуліся назад, на сваю канапу.
-А што здарылася з той часткай грамадства, якая лупіла людзей дубінкамі, катавала?...
- Яны “ратавалі” дзяржаву, сябе, сваіх жонак і дзяцей. Бо, як высветлілася пазней, амаль што за пяць месяцаў да падзей з імі працавалі псіхолагі, ім нешта падмешвалі ў ежу. З імі працавалі і казалі, калі бчбэшнікі перамогуць, то вашых жонак згвалцяць, дзяцей павесяць, а вас расстраляюць.
- Няўжо ўсё так прымітыўна?
- Згодна з псіхалагічным досведам - чым дурнейшая ідэя, тым хутчэй яна ў розум грамадства ляжа…
- Але ж павінна быць нейкая логіка ў чалавека?
- Калі ў іх уключаецца логіка, то яны адразу разумеюць, што ўжо атрымалі грошы. А гэта значыць, што можаш набыць аўто, у іх ва ўсіх танныя крэдыты на кватэры, рознага кшталту прэферэнцыі. І калі ўключаецца гэтая самая логіка, то на іншы бок шаляў адразу выплывае машына, кватэра, прэферэнцыі, пенсія і г.д. І тады яны бачаць, што лепш выключыць гэтую логіку альбо накрыць нечым гераічным, маўляў, я абараніў радзіму. А калі яшчэ дадуць нейкую медальку, то ўжо ніякая логіка наагул уключацца не будзе.
Паводле псіхолага, гэтыя людзі сваё сумленне хаваюць у самыя глыбокія месцы сваёй падсвядомасці. Тым не менш, як заўважае адмысловец, доўга трымаць там яго не ўдаецца.
- Мне падаецца, што ў большасці гэтых людзей праявіцца вялікая цяга да алкаголю, наркаманіі, пачне праяўляцца дэпрэсія і могуць здарацца інфаркты.
Жывіце сённяшнім днём
І яшчэ адна парада ад псіхолага для эмігрантаў.
- Не трэба сабе акрэсліваць пэўны час, што вярнуся праз год ці праз два. Не, жыві сённяшнім днём. Мы тут назаўсёды. У Беларусі мы таксама думалі, што там назаўсёды, але атрымалася тое, што атрымалася. І хто ведае, што будзе з намі адбывацца заўтра? Мы не можам, на жаль, у гэтым свеце так планаваць.
Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл